На 1 кастрычніка 2017 году дзяржаўная запазычанасьць Беларусі склала 41,4 млрд беларускіх рублёў (амаль 21 млрд даляраў) — з пачатку году яна вырасла на 12%.
Вонкавая дзяржаўная запазычанасьць вырасла з пачатку году на пятую частку — 19,5%. Цяпер яна складае 16,3 млрд даляраў, зь якіх з пачатку году прыцягнулі 1,4 млрд праз эўрааблігацыі, каля 1,0962 млрд — ад ураду і банкаў Расеі, 600 млн ад Эўразійскага фонду стабілізацыі і разьвіцьця, 194,5 млн — ад кітайскіх банкаў, 122,6 млн — ад Міжароднага банку рэканструкцыі і разьвіцьця і 3,9 млн — ад Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця і Паўночнага інвэстыцыйнага банку. Выплаты на пагашэньне вонкавай дзяржаўнай запазычанасьці склалі 821,1 млн даляраў з пачатку году.
Пазыковая нагрузка на беларускую эканоміку расьце, у жніўні яна пераваліла за 40% валавога ўнутранага прадукту. А зьнізіць ціск дзяржаўнай запазычанасьці на эканоміку не дазваляюць неэфэктыўныя прадпрыемствы, якія гамуюць тэмпы эканамічнага росту, мяркуюць экспэрты. Праз тое, што на абслугоўваньне запазычанасьці ідзе каля 10% выдаткаў дзяржаўнага бюджэту, дзяржаве даводзіцца скарачаць сацыяльныя выдаткі. Запазычанасьць жа ня столькі выплочваецца, колькі рэфінансуецца за кошт «пазыкаў на сплату запазычанасьцяў».
Валавая (дзяржаўная і прыватная) вонкавая запазычанасьць Беларусі расла значнымі тэмпамі ў 2007-2014 гадах, пасьля максымуму ў 4,3 тысячы даляраў на душу насельніцтва пачала спадаць, але ня надта хуткімі тэмпамі — на 1 ліпеня 2017 году кожны беларус быў вінны замежжу каля 4 108,8 даляра. З таго часу замежная дзяржаўная запазычанасьць вырасла на 200 млн даляраў, а наколькі вырасла валавая, яшчэ не паведамляецца.