На вуліцы Леніна насупраць Менскага заводу імя Кастрычніцкай рэвалюцыі «МЗОР» зьявіўся білборд, прысьвечаны музэям Беларусі.
На ім дзьве правапісныя памылкі: пасьля літары «ш» — мяккі знак («любішь»), слова «сваю» напісана праз «о» («свою»).
«Артаграфічныя памылкі на білбордзе зьявіліся таму, што спрацаваў чалавечы фактар. З-за вялікай загрузкі адказнага за праект спэцыяліста былі пераблытаныя файлы. І ў друк накіравалі памылковы варыянт», — тлумачыць куратарка праекту «Музэі Беларусі» Ксенія Тарасевіч.
У межах гэтага праекту на сайце «Музэі Беларусі» ствараюцца віртуальныя туры па музэях краіны. Падтрымлівае ініцыятыву Міністэрства культуры Беларусі.
Паводле словаў Ксеніі Тарасевіч, у хуткім часе білборды з памылкамі — а ўсяго іх у Менску тры — будуць замененыя:
«Ужо ўсё выпраўляецца, і ў хуткім часе білборды будуць замененыя. Прыносім свае выбачэньні ўважлівым чытачам і дзякуем за тое, што заўважылі памылкі».