Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Цяжка тут дыхаць!» — жыхары Бярозаўкі пакутуюць ад заводу шклаваты


Ініцыятыўная група зьбірае подпісы пад зваротам да адміністрацыі гораду з патрабаваньнем сабраць агульны сход і абмеркаваць экалягічную сытуацыю, якая рэзка cапсавалася пасьля запуску цэху па вытворчасьці шклаваты.

Цэх па выпуску шклаваты на шклозаводзе «Нёман» у Бярозаўцы Лідзкага раёну запусьцілі ў траўні дзеля імпартазамяшчэньня. У Беларусі гэта адзіная такая вытворчасьць.

Жыхар Бярозаўкі Вітольд Ашурак распавядае: як толькі вытворчасьць запусьцілі, у гарадку невыносна засьмярдзела, стала цяжка дыхаць. Гэта абурыла людзей, асабліва тых, чые дамы побач з заводам. Паводле Ашурка, пры будоўлі цэху зэканомілі на ачышчальных збудаваньнях.

Вітольд Ашурак
Вітольд Ашурак

— Павінна быць яшчэ адна печ, у якой згараюць шкодныя выкіды. Г.зн. яны туды трапляюць, згараюць, а потым празь фільтры выходзяць у атмасфэру — так павінна быць паводле тэхналягічнага працэсу. А яны гэтага не зрабілі. А таму адчуваецца едкі пах плястмасы. Калі цэх адчынялі, то ўся Бярозаўка стаяла ў дыме: у які бок дзьме вецер, тая частка Бярозаўкі гэтым дыхае. Цяпер яны гэтыя выкіды ўключаюць уначы, днём стала меней дыму.

Валянціна Дзедавец кажа, што зь іншымі жыхарамі Бярозаўкі пачала зьбіраць подпісы да гарадзкой адміністрацыі, бо ад дыму асабліва цярпяць дзеці, і яна нават ня ведае, што далей з гэтым рабіць, а людзі ў гарадку баяцца заяўляць пра гэтую праблему. Паводле яе, сытуацыя ў гарадку і так даволі дэпрэсіўная — працы няма, заробкі малыя, яна сама шукае працу ў раёне больш за год, а тут яшчэ дадалася экалягічная праблема.

Валянціна Дзедавец
Валянціна Дзедавец

— Школьнікі перасталі выходзіць на вуліцу, а калі яшчэ і дым у наш бок, то ў дзяцей падымаецца ціск. У майго дзіцяці тэмпэратура 42 трымалася паўтара месяца. У многіх дзяцей зьявіўся сухі кашаль, нават не дапамагаюць антыбіётыкі. У мяне, дарослага чалавека, таксама пачаў скакаць ціск, апошнім часам галаўныя болі пастаянна. Цяпер людзі кажуць, што выкіды часьцей за ўсё бываюць раніцай. Дым ахінае дамы, нават дзяцей з садкоў на вуліцу не выпускаюць. Людзі хочуць нечага дамагчыся, зьбіраюць подпісы. Але большасьць баіцца, бо могуць страціць працу, а ў нас працу знайсьці вельмі складана.

Маладая дзяўчына кажа, што таксама далучылася да збору подпісаў, бо жыве побач з заводам:

— Мы нават на балькон выходзім толькі тады, калі вецер са шклаваты дзьме ў адваротны бок. І адзежы даўно на бальконе ня сушым, бо ўсё гэта асядае на бялізьне. У майго хлопца пачалі сьлязіцца вочы. А вось у аптэчным доме ў мужчыны ўвесь твар становіцца чырвоны, нібы яго абпалілі на агні. У яго алергія, ён мне сказаў, калі мы зьбіралі подпісы.

Адміністрацыя шклозаводу «Нёман»
Адміністрацыя шклозаводу «Нёман»

А вось малады чалавек кажа, што пагодзіцца размаўляць толькі пры ўмове, што нідзе ня будзе называцца ягонае прозьвішча — маўляў, самі разумееце, такія часы. Ён кажа, што таксама жыве побач з заводам. Але цяпер сьмярдзіць менш, бо ўвосень зьмянілася ружа вятроў, і цяпер смурод панесла на прыватны сэктар.

— Летам асабліва тут дымка над намі стаяла, усё было сіняе. Я наагул хадзіў побач з машынай і думаў, што ў яе падгарэлі тармазныя калодкі. А потым мне суседзі падказалі, адкуль гэты пах. Мы і цяпер увесь час ходзім і назіраем, куды падзьме вецер. Цяпер дзьме на прыватны сэктар, нам дыхаецца лягчэй.

Так дымяць трубы цэху вытворчасьці шклаваты
Так дымяць трубы цэху вытворчасьці шклаваты

Яшчэ адна жанчына распавядае, што ўлетку ейныя суседзі не прывозілі зь Менску ў Бярозаўку дзяцей да бабуль і дзядуль на адпачынак, бо ведалі пра гэтую праблему.

— Вось, ведаю, суседка не хацела зь Менску везьці дзетак да бабулі на канікулы, бо працавала гэтая шклавата. А калі шклавату спынілі, то тады яна прывезла. Сама яна хімік, прачытала ў інтэрнэце і палічыла, што гэтага рабіць ня варта.

Вітольд Ашурак кажа, што напрыканцы тыдня панясуць подпісы ў гарадзкую адміністрацыю, а таксама хочуць перадаць свае патрабаваньні раённаму пракурору. Ён кажа, што самае прыкрае ў гэтай сытуацыі — тое, што ні ўлады, ні адміністрацыя прадпрыемства нічога не тлумачаць пра экалягічную сытуацыю, і людзі мусяць задавальняцца чуткамі.

— Нам трэба дамагчыся, каб пабудавалі яшчэ адну печ, дзе будуць спальвацца шкодныя адкіды, і паставілі самыя сучасныя фільтры, якія б маглі нам гарантаваць экалягічную бясьпеку, і каб тэхналягічны працэс адпавядаў сучасным стандартам. Некаторыя маюць сумнеў — маўляў, гэта дорага. Але я лічу: колькі б яно ні каштавала, жыцьцё нашых дзяцей, бацькоў каштуе даражэй за ўсе іхнія выдаткі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG