Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гуманітарная дапамога без пасярэдніцтва: ці дапаможа Беларусь Расеі на Данбасе?


Фуры зь беларускай гуманітарнай дапамогай Украіне, ліпень 2017-га
Фуры зь беларускай гуманітарнай дапамогай Украіне, ліпень 2017-га

Ва Ўкраіне асьцерагаюцца, што дамоўленасьць Беларусі з Украінай пра гуманітарную дапамогу на Данбас без пасярэднікаў — прагматычны, добра пралічаны крок расейскіх спэцслужбаў. Імаверная мэта — зьняць з Расеі абвінавачаньні ў падтрымліваньні прарасейскіх баевікоў на ўсходзе Ўкраіны. А гэта, у сваю чаргу, дазволіць пачаць міжнародную кампанію за скасаваньне санкцыяў, прынятых краінамі Захаду ды ЗША адносна Расеі пасьля анэксіі ўкраінскага Крыму і баявых дзеяньняў на Данбасе.

Дапамога паводле правілаў

У ліпені ў часе свайго афіцыйнага візыту ў Кіеў кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандар Лукашэнка заявіў пра намер на рэгулярнай аснове ажыцьцяўляць гуманітарную дапамогу акупаваным тэрыторыям Луганскай ды Данецкай абласьцей.

«Мы пастаўляем гуманітарную дапамогу ў гэтыя вобласьці. Мы хацелі б там працаваць без пасярэднікаў і па найбольш кароткім шляху — а ён праз Украіну. Я б хацеў, калі гэта будзе цікава, каб мы гэта зрабілі разам — людзі ж нашы, дзяліць няма чаго», — сказаў Аляксандар Лукашэнка.

Такая заява прагучала праз паўтара месяца пасьля таго, як ва Ўкраіну прыйшоў першы і пакуль адзіны гуманітарны груз зь Беларусі. Ён праходзіў празь міжнародны аўтамабільны пункт пропуску «Новая Гута» (Беларусь) — «Новыя Ярылавічы» (Украіна) і быў аформлены ўкраінскай мытняй у адпаведнасьці зь міжнародным і нацыянальным заканадаўствам, якое рэглямэнтуе парадак накіраваньня гуманітарных грузаў.

55 тон дапамогі, якая складалася з прадуктаў харчаваньня і сродкаў асабістай гігіены, былі прынятыя спачатку ў Кіеве, а яго далейшым разьмеркаваньнем і дастаўкай на Данбас займалася ўжо прадстаўніцтва Міжнароднага Камітэту Чырвонага Крыжа ва Ўкраіне.

Выхадзец з Луганску, сустаршыня грамадзкай ініцыятывы «Права справа» Дзьмітры Сьнегіроў мяркуе, што дамоўленасьці беларускага і ўкраінскага прэзыдэнтаў прадугледжваюць адмову ад пасярэдніцтва Міжнароднай арганізацыі Чырвонага Крыжа. А гэта, у сваю чаргу, стварае некалькі пагроз — фактычнай легалізацыі кантрабанды беларускіх тавараў на акупаваную тэрыторыю, небясьпекі паставак прадукцыі падвойнага прызначэньня, і галоўнае — стварае ілюзію таго, што Расея нібыта прыпыніла падтрыманьне прарасейскіх калябарантаў на Данбасе, бо лягістыка пастаўкі гуманітарных канвояў цяпер будзе праходзіць празь Беларусь.

Чаго асьцерагаюцца ва Ўкраіне

«Галоўнае ў дамоўленасьцях — спрошчаны мэханізм праходжаньня мытных працэдур. Гэта значыць, што Беларусь фактычна выключае міжнародныя арганізацыі з працэсу і цалкам бярэ на сябе забесьпячэньне тых тэрыторый гуманітарнымі грузамі. Для чаго гэта патрэбна Беларусі — не зусім зразумела», — кажа Дзьмітры Сьнегіроў. Ён асабліва зьвяртае ўвагу на тое, што дамоўленасьці былі дасягнутыя напярэдадні супольных беларуска-расейскіх вучэньняў «Захад-2017».

Колькасьць беларускіх тавараў на акупаваных тэрыторыях, паводле розных ацэнак, складае ад 25 да 30 адсоткаў

Паводле яго, Беларусь і дагэтуль удзельнічала ў расейскіх гуманітарных канвоях, пра што можа сьведчыць павелічэньне беларускага экспарту ў 2016 годзе на 20,5 адсотка (да 201 мільёна даляраў) у памежную з Данбасам Растоўскую вобласьць Расеі, дзе, уласна, і фармаваліся гуманітарныя грузы.

«Няхай беларускі бок патлумачыць, чаму іх так прыцягвае менавіта памежная тэрыторыя, то будзе больш зразумела. Тым больш што колькасьць беларускіх тавараў на акупаваных тэрыторыях, паводле розных ацэнак, складае ад 25 да 30 адсоткаў ад агульнага абʼёму продажу прамысловай і непрамысловай груп тавараў. Зразумела, што працуюць фірмы-пракладкі, але сам момант наяўнасьці беларускіх тавараў выклікае больш пытаньняў, чым адказаў», — дадаў Дзьмітры Сьнегіроў.

Гумдапамога як сродак заробку непрызнаных уладаў

Сустаршыня грамадзкай ініцыятывы «Права справа», абапіраючыся на гісторыю праходжаньня гэтак званых гуманітарных канвояў з Расеі, мяркуе, што і беларуская гуманітарная дапамога ў выпадку адсутнасьці кантролю з боку міжнародных арганізацый можа спрыяць далейшаму разьвіцьцю бізнэсу «вайскова-палітычных эліт самаабвешчаных рэспублік».

«Неаднаразова былі скандалы, зьвязаныя з продажам гуманітарнай дапамогі празь сетку крам, якія належалі ці то „лідэру ДНР“ Захарчанку, ці то „лідэру ЛНР“ Платніцкаму. Ёсьць відэадоказы, калі іхныя баевікі адчынялі склады з гуманітарнай дапамогай, фіксаваліся таксама факты продажу гуманітарнай дапамогі праз нацыяналізаваныя супэрмаркеты. Таму ня выключаны той момант, што паводле гэтых дамоўленасьцяў будзе фактычна легалізаваная кантрабанда або пойдзе ў продаж так званая гуманітарная дапамога, тым самым павялічваючы адсотак менавіта беларускіх тавараў на акупаваных тэрыторыях», — кажа Дзьмітры Сьнегіроў.

Паводле яго, на рынку акупаваных тэрыторый цяпер найбольш прадстаўленыя тытунёвыя, гарэлачныя ды малочныя вырабы зь Беларусі.

Беларусь дапамагае Расеі зьняць абвінавачаньні ў падтрымліваньні баевікоў

Дзьмітры Сьнегіроў мяркуе, што спрошчанае мытнае афармленьне гуманітарных грузаў зь Беларусі таксама павялічвае небясьпеку пастаўкі на акупаваныя тэрыторыі тавараў падвойнага прызначэньня.

Выключаць праходжаньне тавараў падвойнага спажываньня таксама нельга

«Вядома, гаворка не ідзе пра вайсковую тэхніку, гэта было б занадта і было б фактычным выклікам. Але выключаць праходжаньне тавараў падвойнага спажываньня таксама нельга, як, напрыклад, гэта было ў выпадку гуманітарнай дапамогі фондам Рэната Ахметава», — перакананы экспэрт.

«Галоўная пагроза — арганізоўваючы гуманітарную дапамогу празь Беларусь, Расея фактычна будзе здымаць зь сябе абвінавачаньні ў датычнасьці да фінансаваньня і падтрымліваньня тых тэрыторый. І давесьці факт расейскага паходжаньня падтрымкі мы ня зможам, таму што Расея будзе пастаўляць „дапамогу“ на тэрыторыю Беларусі, украінскія памежныя і мытныя службы ня змогуць кантраляваць наяўнасьць гэтых тавараў, а Рэспубліка Беларусь заўсёды зможа растлумачыць іх паходжаньне ўласным вытворцам ці, скажам, пэўнымі дамоўленасьцямі», — кажа Дзьмітры Сьнегіроў.

Украінскія памежнікі абяцаюць кантроль, Беларусь пра Чырвоны Крыж ня ведае

У Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны перакон7ваюць, што забесьпячэньне акупаваных раёнаў беларускай гуманітаркай будзе зьдзяйсьняцца згодна зь міжнароднымі правіламі.

«Мінулым разам гуманітарны груз зь Беларусі праходзіў па лініі Чырвонага Крыжа, які разьмяркоўваў дапамогу сярод тых, каму яна была патрэбная. Вядома ж, так будзе і надалей, як гэтага патрабуе парадак накіраваньня гуманітарных грузаў», — запэўніў памочнік кіраўніка Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Алег Слабадзян.

Першая гуманітарная дапамога ва Ўкраіну адпраўлялася на падставе адпаведнай пастановы беларускага ўраду. Новых пастаноў на гэты конт пакуль не ўхвалілі.

«Мы толькі дастаўляем гуманітарныя грузы, куды і колькі — вырашае ўрад. Ці будуць яшчэ пастаўкі і ці магчыма, што ня будзе ў гэтым задзейнічаны камітэт Чырвонага Крыжа, мне невядома», — сказаў Свабодзе прэсавы сакратар Міністэрства па надзвычайных сытуацыях Беларусі Віталь Навіцкі.

«Калі няма кантролю за разьмеркаваньнем дапамогі на тых тэрыторыях — гэта значыць, няма гарантыі таго, што беларускія тавары дойдуць да канчатковага спажыўца менавіта ў якасьці гуманітарнай дапамогі, то бок бясплатна, а ня пойдуць празь сетку супэрмаркетаў на продаж з наступным пералічваньнем гатоўкі або безнаяўнай масы фірмам-пракладкам. Вось пра гэта гаворка. Гэта значыць, і ўкраінскаму боку, і міжнародным інстытутам трэба настойваць на тым, што адзінай структурай, якая мае займацца гуманітарнай дапамогай на акупаваных тэрыторыях, павінен быць Міжнародны Чырвоны Крыж», — рэзюмаваў Дзьмітры Сьнегіроў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG