Міністар замежных справаў Літвы Лінас Лінкявічус у інтэрвію Свабодзе пракамэнтаваў прэзэнтацыю ў Менску расейскай кнігі пра падзеі ў Вільні 1991 года і адмову Беларусі выдаць літоўскаму правасудзьдзю падазраваных у ваенных злачынствах.
5 кастрычніка ў Доме Масквы ў Менску адбылася прэзэнтацыі кнігі журналісткі расейскай газэты «Комсомольская правда» Галіны Сапожнікавай.
Кніга мае назву «Кто кого предал» і прысьвечаная распаду СССР і ў прыватнасьці літоўскім падзеям 1991 году, у тым ліку — штурму тэлецэнтру ў Вільні. Паводле аўтаркі, «цягам 25 год людзям навязвалі вэрсію падзеяў, якая насамрэч ёсьць гістарычнай фальсыфікацыяй».
У кнізе Сапожнікава праводзіць уласнае дасьледаваньне і прапануе чытачу ўласныя трактоўкі. Прыкладам, працэс прыходу Беларусі да незалежнасьці яна называе «вакханаліяй дэмакратыі».
На прэзэнтацыю былі запрошаныя ўдзельнік штурму Віленскага тэлецэнтру экс-камандзер групы КГБ «Альфа» Міхаіл Галаватаў і былы сакратар ЦК «камуністычнай партыі Літвы на плятформе КПСС» Альгімантас Наўджунас.
На сёньняшні дзень абодвух шукае літоўскае правасудзьдзе. Галаватава, Наўджунаса і яшчэ дзясяткі чалавек падазраюць у ваенных злачынствах, зьдзейсьненых у студзені 1991 году.
Дыпляматычны скандал летам 2011 году выклікаў выпадак, калі аўстрыйскія памежнікі затрымалі Галаватава для далейшай экстрадыцыі ў Літву, што адпавядае эўрапейскім законам, аднак неўзабаве адпусьцілі ў Расею. Вядома, што Наўджунас жыве ў Падмаскоўі і сёлета нават балятаваўся ў Дзяржаўяую думу як кандыдат ад «Адзінай Расеі».
Факт прэзэнтацыі гэтай кніжкі ў Менску з удзелам асобаў, якіх расшуквае Літва, Свабодзе пракамэнтаваў міністар замежных справаў Літвы Лінас Лінкявічус:
— Я не прысутнічаў на гэтай сустрэчы, але магу сабе ўявіць, што там адбывалася. Вельмі сумна... Тыя гістарычныя падзеі зьяўляюцца ваенным злачынствам. Ёсьць каля 70 падазраваных у справе аб штурме тэлецэнтру, бальшыня жыве ў Расеі і Беларусі. Заведзеныя адпаведныя крымінальныя справы, якія могуць весьціся і бязь іх удзелу.
— Ці зьвярталася апошнім часам афіцыйная Вільня да кіраўніцтва Беларусі з просьбаю выдаць гэтых асобаў?
— Пракуратура Літвы неаднаразова накіроўвала запыты аб дапамозе ў правядзеньні расьсьледаваньня, аднак яны засталіся без адказу. Заўжды існуюць праўныя мэтады даказаць сваю праўду. На жаль, замест гэтага праводзяцца такія мерапрыемствы. Гэта вельмі сумна для нас.
— На Ваш погляд, чаму афіцыйны Менск не ідзе вам насустрач у гэтым пытаньні і падазраваныя ў ваенных злачынствах спакойна сябе тут адчуваюць?
— Пра гэта варта запытаць у афіцыйнага Менску. Можна прыводзіць розныя адгаворкі, што дзяржава не выдае сваіх грамадзянаў, існуе нацыянальнае права і гэтак далей. Цяпер мы ня маем магчымасьці атрымаць усебаковую інфармацыю пра трагічныя падзеі 1991 году, бо ня можам апытаць усіх удзельнікаў. Натуральна, гэта не дадае ані аб’ектыўнасьці, ані прыязнасьці ў дачыненьні паміж дзяржавамі.
— Як Вы патлумачыце вызваленьне Міхаіла Галаватава з Аўстрыі ў 2011 годзе?
— Галаватаў сапраўды быў затрыманы ў міжнародным аэрапорце Вены. Адпусьцілі яго празь нядбайнасьць памежнікаў і пэўныя бюракратычныя праблемы. Тым ня менш, мы спадзяемся, што сытуацыя не паўторыцца — сёньня дзейнічае міжнародны ордэр на затрыманьне Галаватава.
Падчас прэзэнтацыі генэрал-маёр у адстаўцы Альгімантас Наўджунас выказаўся пра чалавечыя ахвяры ў выніку штурму: маўляў, «вайскоўцы ня мелі баявой зброі», а стральба па людзях «вялася невядомымі з бальконаў прылеглых будынкаў».
«14 забітых... Памятаю, мне патэлефанаваў уначы галоўны лекар са шпіталю. Маўляў, прыяжджай і паглядзі, што нарабілі. Але я дакладна ведаю: трупы звозілі з усёй Літвы. Хтосьці памёр ад інфаркту, чалавека прывезьлі і паклалі на вуліцы. Гэта рабілі тыя, хто цяпер вінаваціць ва ўсім савецкую ўладу і «альфаўцаў».
Спадар Лінкявічус адрэагаваў на словы Наўджунаса:
— Быццам бы генэрал... Можа ён перакваліфікаўся і піша фантастычныя раманы? Вядома, можна скажаць гісторыю, факты, магчыма, так зручней. Але ў гэтым выпадку так рабіць непрыстойна з маральнага гледзішча.