У брытанскім Кембрыджы ў ноч на 14 сакавіка ва ўзросьце 76 год памёр фізык Стывэн Гокінг. Як піша Reuters са спасылкай на заяву родзічаў Гокінга, ён памёр спакойна, дома. У яго засталося трое дзяцей.
У 22 гады пачаў губляць функцыі цела
Стывэн Гокінг пражыў на паўстагодзьдзя больш, чым прагназавалі дактары. Калі яму было 22 гады, праз год па заканчэньні навучаньня ў Оксфардзе, дактары выявілі ў яго бакавы аміятрафічны склероз, казалі, што жыць яму засталося ня больш за пару год.
Гокінг паступова губляў функцыі цела, правёў большасьць жыцьця ў інвалідным вазку амаль цалкам паралізаваным, размаўляць мог толькі праз кампутарны сынтызатар мовы.
Фізык, папулярызатар навукі, аўтар бэстсэлераў
Але Гокінг працягваў займацца навукай і пасьля дыягназу, выкладаў тэорыю гравітацыі. Найбольш вядомае яго дасягненьне — распрацоўка тэорыі выпраменьваньня чорных дзіраў (якія, як лічылася да таго, толькі паглынаюць усё, у тым ліку сьвятло), названага пасьля пацьвярджэньня гіпотэзы выпраменьваньнем Гокінга. Аказалася, чорныя дзіры зь цягам часу «паміраюць».
Гокінг нават больш вядомы ў сьвеце як папулярызатар навукі. Ягоная кніга 1988 году «Кароткая гісторыя часу», якая тлумачыць складаную астрафізыку простай мовай без выкарыстаньня формулаў, прынесла яму папулярнасьць і стала бэстсэлерам.
Ён затым напісаў яшчэ зь дзясятак навукова-папулярных кніг, што сталі бэстсэлерамі, а таксама разам з дачкой Люсі Гокінг выдаў чатыры дзіцячыя «навуковыя казкі». Гокінг да канца жыцьця працягваў выступаць на канфэрэнцыях і ў СМІ.
Стаў часткай поп-культуры
У поп-культуры за Гокінгам замацаваўся вобраз «аднаго з разумнейшых у сьвеце», у якім яго паказвалі ў шэрагу фільмаў і сэрыялаў.
Навуковец сярод іншага зьявіўся ў ролі самаго сябе ў камэдыйным сэрыяле «Тэорыя вялікага выбуху».
Пра маладосьць Гокінга быў зьняты мастацкі фільм «Тэорыя ўсяго».
Напярэдадні 75-годзьдзя астрафізык зрабіў некалькі прадказаньняў пра будучую зьмену клімату на Зямлі.
«Мы блізкія да таго рубяжа, пасьля якога глябальнае пацяпленьне стане незваротным. Дзеяньні Трампа (у той момант прэзыдэнт ЗША абвясьціў аб выхадзе з Парыскага пагадненьня па клімаце – РС) могуць выштурхнуць Зямлю за гэтую мяжу, пасьля чаго яна стане падобнай да Вэнэры – з тэмпэратурай у 250 градусаў і дажджамі з сернай кіслаты».