Чалавечыя парэшткі — косткі і чарапы з кулявымі адтулінамі — былі знойдзеныя ў лесе каля вёскі Хайсы Віцебскага раёну ў лістападзе 2014 году. Як кажуць старажылы, у тых мясьцінах у 1937–1940 гадах расстрэльвалі людзей, якіх прывозілі на грузавых машынах.
Аднак калі віцебскія актывісты зьвярнуліся ў пракуратуру, міліцыю і сьледчы камітэт па гэтай справе, у адказ давялося пачуць зусім іншыя высновы. Аказалася, што зручней за ўсё «сьпісаць» сталінскія злачынствы на вайну, кажа сябар КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў:
«Мы бачылі косткі ў раскапаных ямах, але мясцовы сельсавет гэта не хвалявала. Далёка не адразу старшыня мазалаўскага сельсавету Леанід Дубіна пагадзіўся, што трэба правесьці тут дасьледаваньні. Праз год прыехаў пошукавы батальён, але актывістам паказалі толькі некалькі аркушаў са справаздачы. Там гаворыцца, што фрагмэнты мужчынскага і жаночага адзеньня ды абутку, колькі манэт, датаваных 1930-мі гадамі, ды іншыя знаходкі могуць сьведчыць пра час загубы людзей падчас Вялікай Айчыннай вайны. Але, маўляў, дакладна вызначыць час і прычыну сьмерці людзей, чые парэшткі знайшлі пад Хайсамі, немагчыма. Хіба адтуліны ў чарапах не зьяўляюцца тлумачэньнем прычынаў сьмерці? І тое, што ў раскопах было знойдзена шмат гільзаў ад зброі, якой звычайна карысталіся супрацоўнікі НКВД у часы сталінскіх рэпрэсіяў, таксама ня выклікала роздумаў?»
Месяц таму знойдзеныя ў лесе пад Хайсамі чалавечыя парэшткі пахавалі ў брацкай магіле побач з загінулымі падчас Вялікай Айчыннай вайны. Гэтым займаўся адмыслова створаны аргкамітэт, куды віцебскіх актывістаў, якія знайшлі парэшткі, не ўключылі.
Ян Дзяржаўцаў і ягоныя аднадумцы лічаць, што з парэшткамі загінулых абышліся несправядліва. Таму на гэтае месца — брацкае пахаваньне каля станцыі Лосьвіда — яны прывезьлі вянок з надпісам на жалобнай стужцы «Бязьвінным ахвярам сталінскага тэрору». А таксама запрасілі аднаго з тутэйшых жыхароў, Аляксея Нікіціна, які расказаў прысутным пра тое, што адбывалася ў бліжэйшым лесе:
«Пра гэта ведала ўся наша вёска Дрыкольле, бо Хайсоў тады яшчэ не было. Мне расказваў мой дзядуля, Коржанеў Ягор Іванавіч, што перад вайной у лесе расстрэльвалі людзей. Дом наш быў за тры кілямэтры, але стрэлы было чуваць. Дык вось кожную ноч людзей прывозілі энкавэдэшнікі і стралялі. Дзед казаў, што вяскоўцы, хто сьмялейшы, аднойчы раніцай хадзілі паглядзець, што там. Убачылі некалькі вялікіх магіл, і зямля там шавялілася... Усе дужа спалохаліся і ўцяклі! Гэта ж былі такія часы, што нікому не раскажаш, бо расстраляюць таксама».
Больш за два дзясяткі такіх вось сьведчаньняў запісаў віцебскі актывіст Ян Дзяржаўцаў. Ён стварыў ініцыятыву «Хайсы» — ад назвы вёскі, каля якой знайшлі чалавечыя парэшткі. У тых мясьцінах актывісты ўсталявалі некалькі крыжоў, штогод на Дзяды там ладзяць жалобныя акцыі.
Але «віцебскія Курапаты» — ня толькі гэтая вёска. Ужо больш як 20 гадоў прадстаўнікі віцебскай грамадзкасьці ўшаноўваюць памяць расстраляных за сталінскім часам каля вёскі Паляі. Узбоч трасы Р21, якая вядзе да расейскай мяжы, створаны самаробны мэмарыял — некалькі драўляных і жалезных крыжоў. Віцебскія сябры партыі БНФ ня раз зьвярталіся да мясцовых уладаў па дазвол на стварэньне сапраўднага мэмарыялу, аднак згоды не атрымалі.
Мясьціны, дзе ў 1930-х гадах адбываліся масавыя забойствы мірных грамадзянаў, ёсьць амаль каля кожнага гораду. У Воршы гэта ўрочышча Кабыляцкая гара — другое пасьля менскіх Курапатаў афіцыйна прызнанае месца сталінскіх расстрэлаў. Там яшчэ напрыканцы 1980-х быў усталяваны вялікі помнік-камень. Праўда, цяперашнія гарадзкія ўлады на яго, лічы, што забыліся: добраўпарадкаваньне мэмарыялу даўно сталася справай мясцовай дэмакратычнай грамадзкасьці.
Зьбіраюцца аршанскія актывісты добраўпарадкаваць і яшчэ адно месца масавых расстрэлаў — на ўскраіне гораду каля Магілёўскай шашы. Аршанскі гарвыканкам меўся гэта зрабіць яшчэ ў 1991 годзе, але да справы так і не дайшло.
Роўна 26 гадоў таму полацкія актывісты ўсталявалі вялікі крыж каля могілак у прыгараднай вёсцы Бельчыцы. У гэтых мясьцінах таксама праводзіліся сталінскія расстрэлы, а таму ля падножжа крыжа ўсталяваная шыльда са словамі «Ахвярам генацыду ад нашчадкаў, ня страціўшых памяць».