Судовая калегія па крымінальных справах Менскага гарадзкога суду вынесла прысуд па справе аб карупцыі ў Міністэрстве юстыцыі Беларусі.
Былой начальніцы ўпраўленьня адвакатуры і ліцэнзаваньня юрыдычнай дзейнасьці Галіне Грышкавец прысудзілі восем гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці, штрафам 600 базавых велічынь і пазбаўленьнем права займаць кіраўнічыя пасады тэрмінам на пяць гадоў. Суд прызнаў яе вінаватай у перавышэньні ўлады і службовых паўнамоцтваў (часткі 1 і 2 арт. 426 КК) і ў атрыманьні хабараў (часткі 1 і 2 арт. 430 КК).
Намесьніцы Грышкавец Натальлі Беразоўскай прысудзілі чатыры гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці, штрафам 300 базавых велічынь і пазбаўленьнем права займаць кіраўнічыя пасады тэрмінам на пяць гадоў. Яе прызналі вінаватай у перавышэньні ўлады (ч. 2 арт. 426 КК) і ў атрыманьні хабару (ч. 2 арт. 430 КК).
Грышкавец і Беразоўскую затрымалі супрацоўнікі КДБ 16 жніўня 2013 году на працоўным месцы пры атрыманьні хабару ў 1000 даляраў. Як вынікае з матэрыялаў справы, чыноўніцы ня раз атрымлівалі незаконныя грашовыя ўзнагароды за садзейнічаньне ў пасьпяховай здачы атэстацыйных экзамэнаў прадстаўнікамі рыэлтарскіх кампаніяў.
І Галіна Грышкавец, і Натальля Беразоўская мелі непасрэднае дачыненьне да пазбаўленьня ліцэнзіі адвакатаў, якія абаранялі ўдзельнікаў акцыі пратэсту супраць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у сьнежні 2010 году.
Зь іх ініцыятывы ў 2011 годзе цалкам незаконна была праведзеная пазачарговая атэстацыя адвакатаў, і многія адвакаты тады былі пазбаўленыя ліцэнзіяў альбо мелі праблемы зь пераатэстацыяй.
Былы адвакат Павал Сапелка кажа, што Грышкавец вынесла яму папярэджаньне аб магчымасьці прыпыненьня адвакацкай дзейнасьці за тое, што, на яе думку, ён нібыта разгалошваў пэўныя зьвесткі і рабіў заявы ў СМІ. Але асабіста да яе ён прэтэнзіяў ня мае:
«Я цудоўна ведаю, і ніхто гэтага не хаваў, што Міністэрства юстыцыі тады выконвала патрабаваньне Камітэту дзяржбясьпекі. Наагул, да лёсу ўсіх адвакатаў, якіх тады прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасьці, пазбавілі ліцэнзіяў, фармальна, вядома, мелі дачыненьне і Беразоўская, і Грышкавец. Весела, вядома, што адвакацкай дзейнасьцю кіраваў вось гэты „банкамацік на ножках“. Яна грошы ў нашых кішэнях лічыла, казала, што мы займаемся нейкай дзейнасьцю, якая добра аплачваецца. Я ў яе кішэнях грошы не лічу нават цяпер, хоць суд прызнаў, што грошы ў яе кішэнях былі ня толькі заробленыя сумленна, а яна іх лічыла ў нас, ужо пазбаўленых ліцэнзіяў».
Тамара Сідарэнка, якая абараняла былых кандыдатаў у дэпутаты Ўладзімера Някляева і Алеся Міхалевіча, стала якраз ахвярай чыноўніцы Галіны Грышкавец. Што да пакараньня, кажа:
«Гэта шматэпізодная справа. А пакараньне — у межах санкцыяў артыкулаў і ў межах, відаць, аб’ёму абвінавачаньняў. Галіне Грышкавец далі столькі, колькі і прасіў пракурор, а Беразоўскай крыху зьмякчылі пакараньне ў параўнаньні з тым, што прасіў пракурор. Магчыма, таму, што Беразоўская давала прызнальныя паказаньні, віну прызнала і раскаялася. А вось Грышкавец — не ўва ўсім.
Акрамя адвакаткі Тамары Сідарэнкі, тады пазбавілі ліцэнзіяў адвакатаў Тацяну і Алега Агеевых, ня зь першай спробы прайшлі пераатэстацыю адвакаты Дар’я Ліпкіна, Кацярына Пятровіч ды іншыя.
Тамара Сідарэнка, якой так і не ўдалося аднавіць адвакацкую ліцэнзію, на Грышкавец не крыўдуе:
«Шкада іх. Канечне, людзі сапсавалі сабе ўсё жыцьцё. Лепш бы яны сумленна ставіліся да сваіх абавязкаў. Я ня буду шпыняць яе за тое, што яна хабар брала, хоць гэта жахліва і несумленна. А вось тое, што яна на такой высокай пасадзе ня лепшым чынам выконвала свае прафэсійныя абавязкі, парушэньні, памылкі... Я лічу, што ў адносінах да адвакатаў яна выконвала сваю працу з парушэньнямі заканадаўства. Вось тут я б яе, як кажуць, „папінала“ б. Як кажуць, Бог ёй судзьдзя. Жыцьцё чалавечае, груба кажучы, кату пад хвост. Ні кар’еры, ні маладосьці — нічога. Гэта, канечне, вельмі сумна».
Абвінавачваюцца па гэтай справе яшчэ двое — Марына Марцінкевіч і Андрэй Шэўчык, яны цяпер пад падпіскай аб нявыезьдзе. Марцінкевіч прызнаная вінаватай у дачы хабару і асуджаная на абмежаваньне волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два гады. Шэўчык — у дапамаганьні ў дачы хабару (ч. 6 арт. 16 і ч. 1 арт. 431 КК), ён асуджаны на абмежаваньне волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на чатыры гады.
Суд таксама пастанавіў спагнаць салідарна з Галіны Грышкавец і Натальлі Беразоўскай «вартасны эквівалент неабгрунтавана набытай выгады» — больш як 300 мільёнаў рублёў.