Беларуская Палата прадстаўнікоў ратыфікавала 23 лістапада пратакол аб зьменах у пагадненьне з Расеяй аб парадку фармаваньня цэнаў на пастаўні ў Беларусь прыроднага газу, перадае БелаПАН.
Пратакол быў падпісаны яшчэ 13 красавіка — па завяршэньні «нафтагазавых войнаў» з Расеяй. Беларускі бок тады пагасіў пратэрмінаваную запазычанасьць перад «Газпромам» за пастаўкі расейскага газу ў 2016–2017 гадах у поўным аб’ёме, у суме 726,2 мільёна даляраў. Але спрэчкі каштавалі Беларусі паловы экспарту нафтапрадуктаў.
Згодна пратаколу, цэны на газ для Беларусі складуць да 31 сьнежня 2017 году 143,54 даляра за тысячу м³; цягам 2018 году — 129 даляраў, цягам 2019-га — 127 даляраў. Эканамічны эфэкт ад такой зьніжкі ацэньваецца ў 700 млн даляраў за 2018–19 гады.
Для параўнаньня, тысяча м³ расейскага газу каштуе для балтыйскіх краінаў каля 190 даляраў (так, для Літвы каштавала 180 даляраў у першым паўгодзьдзі 2017 году).
Таксама да 1 студзеня 2018 году, згодна пратаколу, неабходна выпрацаваць прапановы па праграме фармаваньня агульнага рынку газу Эўразійскага эканамічнага саюзу (ён мусіць быць сфармаваны да 2025 году), а да 1 ліпеня 2019 году ўнесьці папраўкі ў пагадненьні пра цэны на газ для Беларусі пасьля 2020 году.