Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракапеня: Беларусь хоча быць «айцішным Ганконгам» для славянскага сьвету


Пасяджэньне Парлямэнцкай асамблеі Цэнтральна-Эўрапейскай ініцыятывы. Фота Сяргея Сацюка, БелаПАН
Пасяджэньне Парлямэнцкай асамблеі Цэнтральна-Эўрапейскай ініцыятывы. Фота Сяргея Сацюка, БелаПАН

Прадстаўнікі беларускай улады і бізнэсу супольна заклікалі краіны Цэнтральнаэўрапейскай ініцыятывы выкарыстоўваць Беларусь як плятформу для супрацоўніцтва ў IT-індустрыі.

Сёньня ў Менску прайшло паседжаньне Парлямэнцкай асамблеі Цэнтральнаэўрапейскай ініцыятывы.

Хто прыехаў і што абмяркоўвалі?

У паседжаньні Парлямэнцкай асамблеі ЦЭІ ўдзельнічаюць прадстаўнікі 12 краінаў: Альбаніі, Аўстрыі, Баўгарыі, Беларусі, Вугоршчыны, Малдовы, Румыніі, Польшчы, Славеніі, Сэрбіі, Украіны і Чэхіі. Галоўная тэматыка дыскусіі на менскай сустрэчы — лічбавыя тэхналёгіі ва ўмовах забесьпячэньня геапалітычнай бясьпекі.

На пасяджэньні ПА ЦЭІ абмяркоўвалася разьвіцьцё лічбавай эканомікі, лічбавых банкаўскіх тэхналёгій, заканадаўчыя, арганізацыйныя захады дзеля падтрымкі стварэньня IT-прадуктаў, штучнага інтэлекту.

Мясьніковіч: Беларусь стварае асновы панэўрапейскага лічбавага рынку

Міхаіл Мясьніковіч
Міхаіл Мясьніковіч

Старшыня Савету рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаіл Мясьніковіч заявіў, што Беларусь прасоўвае «шырокае ўкараненьне сучасных лічбавых тэхналёгій», а таксама ўдзельнічае ў фармаваньні асноваў «панэўрапейскага лічбавага рынку»:

«Краіна дасягнула значных вынікаў у галіне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналёгій у многім дзякуючы прагрэсіўнаму заканадаўству, якое пастаянна ўдасканальваецца. Вядучыя айчынныя і замежныя профільныя спэцыялісты, юрысты падрыхтавалі рэвалюцыйны праект нарматыўнага акту. Перакананы, што ён зацікавіць усіх палітыкаў і бізнэсоўцаў вашых краінаў, якія маюць дачыненьне да сфэры інфармацыйных тэхналёгій і высокіх тэхналёгій у цэлым», — цытуе сьпікера верхняй палаты Нацыянальнага сходу БелаПАН.

Пракапеня: У Беларусі будзе дэкрэт, які забясьпечыць поўную свабоду для ІТ

На паседжаньні Парлямэнцкай асамблеі Цэнтральнаэўрапейскай ініцыятывы выступіў і вядомы беларускі прадпрымальнік у сфэры інфармацыйных тэхналёгій Віктар Пракапеня. Ён расказаў пра сваё бачаньне будучыні IT у Беларусі і пра ролю дэкрэту, які цяпер рыхтуецца:

«Закон заўсёды адстае ад рэальнага жыцьця. Гэта адбываецца таму, што мы ня ведаем, якая будзе будучыня. Адзіны спосаб закону не адставаць ад рэальнага жыцьця — гэта даваць свабоду. ІТ-бізнэс — гэта заўсёды пра таленавітых людзей. Менавіта таму парадыгма новага ІТ-рэгуляваньня — свабода. Беларусь падрыхтавала новы закон, які забясьпечвае поўную свабоду для гэтага сэктару», — сказаў Віктар Пракапеня.

Дэкрэт аб лічбавізацыі эканомікі — апошні не падпісаны з пакета дакумэнтаў дзеля лібэралізацыі і разьнявольваньня бізнэсу ў Беларусі. Мяркуецца, што ён будзе разгледжаны на адмысловай нарадзе ў Лукашэнкі ў другой палове сьнежня.

Віктар Пракапеня з дэманстрацыяй слайдаў расказаў пра перавагі новага дэкрэту: поўную свабоду ад бюракратыі, свабодны рух капіталу, магчымасьці даваць апцыёны супрацоўнікам, магчымасьці выкарыстаньня замежнага права, адсутнасьць візаў і дазволаў на працу для адмыслоўцаў-прафэсіяналаў:

«У выпадку прыняцьця дэкрэту Беларусь стане першай краінай у сьвеце, якая рэгулюе ўсе адносіны з выкарыстаньнем тэхналёгій блокчэйн», — заявіў Віктар Пракапеня. Паводле ягоных слоў, «Беларусь хоча быць айцішным Ганконгам для славянскага сьвету. Ва ўмовах санкцый і палітычнай нестабільнасьці каля нашых межаў гэта як ніколі актуальна».

Цэнтральнаэўрапейская ініцыятыва была створана ў 1989 годзе, каб разьвіваць устойлівыя сувязі паміж дзяржавамі Цэнтральнай, Заходняй і Ўсходняй Эўропы ў галінах палітыкі, эканомікі і культуры. Рэспубліка Беларусь стала сябрам ЦЭІ ў 1996 годзе. Сёлета Беларусь упершыню старшынюе ў ЦЭІ.

Суаўтар праекту дэкрэту аб «ІТ-рэвалюцыі» ў Беларусі: У Эўропе такі акт можа прымацца гадамі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG