«Габрэйскія могілкі маглі б стаць абʼектам цікавасьці для турыстаў. Некаторыя помнікі і эпітафіі на іх — сапраўдныя творы літаратуры ды мастацтва. «Але хіба на тыя клады наважысься весьці госьця? Сорамна!» — гэтак кажуць магілёўскія ўдзельнікі праграмы «Вузел жыцьця» пасьля працы на шэрагу габрэйскіх могілкаў вобласьці.
Прадстаўнікі габрэйскай грамады абласнога цэнтру разам з актывістамі мясцовых грамадзкіх суполак узяліся каталягізаваць пахаваньні на старых кладах Магілёва, Шклова ды Чавус. Як сьцьвярджаюць добраахвотнікі, іхняя праца дапаможа захаваць гістарычную спадчыну габрэйскага ды беларускага народаў. Пасьля апрацоўкі фотаздымкі і надпісы на надмагільлях удзельнікі праграмы зьбіраюцца разьмясьціць ў свабодным доступе ў інтэрнэце.
Днямі група валянтэраў праграмы папрацавала на габрэйскіх могілках у Чавусах.
Габрэяў засталося няшмат, таму прыгледзець могілкі няма каму
У Чавусах габрэйскія могілкі на гарадзкім ускрайку. Пра тое, што на схіле ўзвышша клады, падказвае зь дзясятак пахаваньняў з пагнутымі агароджамі ды пашкоджанымі намагільлямі ля дарогі. Тут жа з чырвонага мармуру і помнік ахвярам Галакосту. Пляцоўка дбайна выкашаная. За ёй гушчар з травы і кустоўя. Выглядзець у ім магілы здалёк немагчыма.
Валянтэры праграмы «Вузел жыцьця» зь цяжкасьцю прадзіраюцца праз гэты гушчар, адшукваючы ўрослыя ў зямлю камяні-надмагільлі, каб зафіксаваць надпісы. На пытаньне, ці ўсе наведаныя імі могілкі ў такім заняпалым стане, яны з роспаччу адказваюць сваім пытаньнем: «А як самі мяркуеце?».
«Калі могілкі ў самім горадзе, то яны, як правіла, дагледжаныя. А калі ў далечыні, як гэтыя, то стан іх падобны. Увесну, калі трава яшчэ не разраслася, то яшчэ нічога сабе выглядаюць, а як узьнялася ўжо, то жах, што робіцца», — патлумачыў сытуацыю на габрэйскіх могілках адзін з добраахвотнікаў.
«Мы ж узгадняем свае наведваньні з уладай, дык перад прыездам камунальнікі пасьпяваюць крыху прыбраць могілкі, — дадае ён. — А наагул габрэяў засталося няшмат, таму прыгледзець могілкі няма каму. У дзяржавы ж грошы на ўсё не хапае, таму і стан іхны такі».
«Габрэйскія могілкі — месца гістарычнай памяці. На іх пахаваныя габрэі, якія разам зь беларусамі, разьвівалі эканоміку, узбагачалі культуру, — адгукаецца на цікавасьць журналіста яшчэ адзін валянтэр, высякаючы кустоўе ля адшуканага пахаваньня.
«Цяпер месца апошняга спачыну габрэяў зарастае, і мала каго гэта турбуе. Крыўдна!», — выказваецца суразмоўца.
Стаўленьне да могілак — лякмусавая паперка, якая паказвае ўзровень культуры народу
Адмахваючы ад устрывожаных камароў ды аваднёў, успатнелыя добраахвотнікі ў траве ў рост чалавека ўпарта вышукваюць акруглыя мацэвы (надмагільныя камяні), раскіданыя па даволі вялікай плошчы могілак.
Дапамагчы валянтэрам, па іх словах, абяцалі мясцовыя камунальнікі. Ніводзін, аднак, з работнікаў не зьявіўся.
«Габрэйскія могілкі маглі б стаць абʼектам цікавасьці для турыстаў. Некаторыя помнікі і эпітафіі на іх — сапраўдныя творы літаратуры і мастацтва. Але хіба на гэтыя клады наважысься весьці госьця. Сорамна!», — далучыўся да гутаркі яшчэ адзін валянтэр.
«Наагул, як на мяне, то стаўленьне да могілак — лякмусавая паперка, якая паказвае ўзровень культуры народу», — заключыў суразмоўнік, падзываючы да адшуканага пахаваньня фатографа.
Углыбіні могілак некалькі пахаваньняў адноснага нядаўняга часу. Ля магіл вянкі, высаджаныя кветкі.
Далей старыя пахаваньні з цаглянымі надмагільлямі-скляпамі. Пахавальныя таблічкі выдраныя. Навокал раскіданая цэгла з старога, з паўмэтру ўтоўшч, муру-агароджы.
Ля яе зваленыя ў груд мармуровыя мацэвы. Валянтэры выказалі меркаваньне, што іх зьбіраліся вывезьці з могілак, але сваю задуму чамусьці не ажыцьцявілі. Гэтак надмагільлі, схаваныя травой, і застаюцца знакам вандалізму.
З Чавусаў — галівудзкія акторы Кірк і Майкл Дугласы
Да Другой усясьветнай вайны ў пяцітысячных Чавусаў жыло блізу дзьвюх тысяч габрэяў. 16 жніўня 1941 году больш за 600 нявольнікаў мясцовага гета расстралялі. Ля помніка ў памяць пра ахвяраў Галакосту недарэчным выглядае вянок з выкладзеным з георгіеўскіх стужак надпісам «Победа».
З Чавусаў паходзяць галівудзкія акторы Кірк і Майкал Дугласы. Дугласамі яны сталі іміграваўшы зь Беларусі. У Чавусах іх ведалі пад прозьвішчам Даніловічы. Адну з магіл Даніловічаў валянтэры адшукалі. У ёй спачывае, паводле іх, сваяк Дугласаў — Нонах Даніловіч.
Жыхары Чавус расказалі, што раней могілкі не былі такімі зарослымі. Росту травы перашкаджалі дрэвы. Адна зь леташніх навальніц нарабіла шмат буралому. Паваленыя дрэвы прыбралі, і могілкі пачалі зарастаць травой.
«На іх рэдка хто цяпер ходзіць. У Чавусах, відаць, і не засталося габрэяў, — даводзіў адзін зь мінакоў. — Калі нехта і наведваецца на магілкі, то хутчэй прыежджыя. А так жылкамгас абкошвае там, дзе цяпер помнік расстраляным габрэям, таксама ля дарогі, але гушчару на саміх могілках ніхто ня косіць».
«У нас, як водзіцца: за магілкай прыглядаюць родзічы, а калі іх няма, то яна зарастае. Дзіва ў гэтым шукаць ня варта, — выказаўся яшчэ адзін жыхар Чавус. — А габрэі тут зьвяліся, таму і зарасьлі могілкі. А навошта яны беларусам. У нас свае ёсьць».
У Чавускім райвыканкаме запэўнілі, што габрэйскія могілкі пад наглядам. «Іх рэгулярна абкошваюць», — зазначыла супрацоўніца ідэалягічнага аддзелу. Паводле суразмоўніцы, у музэі наведнікам расказваюць пра спадчыну, якую пакінулі Чавусам габрэі. Апавядаюць і пра расстраляных фашыстамі ахвяраў Галакосту. «Кажуць, што на могілках стаіць помнікам расстраляным габрэям», — паведамілі ў аддзеле ідэалягічнай працы.