Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарнігаўцы езьдзяць на закупы ў Гомель, гамяльчукі — у Чарнігаў


Багата ўкраінцаў прыяжджае ў прымежны Гомель, каб купляць дзіцячае харчаваньне, малочныя прадукты ды перапрадаваць іх потым ва Ўкраіне. А беларусы езьдзяць у суседнія ўкраінскія гарады, каб адзецца і абуцца.

У Гомель з суседняга ўкраінскага Чарнігава можна дабрацца аўтобусам восем разоў на дзень. І столькі ж разоў можна вярнуцца назад у Чарнігаў, калі ўлічваць і транзытны пасажырскі транспарт. А яшчэ ёсьць чыгунка.

Гэта й скарыстоўваюць украінцы, каб прыяжджаць з Гарадні, Чарнігава, Рэпак на закупы ў Гомель.

Цікавімся, што сёньня набываюць суседзі ў крамах і на гомельскіх рынках.

Гаворыць сярэдняга веку кабета з Чарнігава:

«Прадукты харчаваньня ў вас бяром, дзіцячае харчаваньне — яно ў вас якаснае».

Украінка Кацярына, якая прыехала ў Гомель таксама з Чарнігава, апавядае пра свае прыярытэты ў выбары беларускіх тавараў:

«Дзіцячае харчаваньне, аўсяначку, рагачоўскую згушчоначку бяром — і ўсё».

Нейкіх асаблівых перашкодаў на мытні ўкраінцы не адчуваюць, бо імкнуцца прытрымлівацца дзейных нормаў правозу прадуктаў і тавараў празь мяжу. Едуць на закупы ў Беларусь пераважна з грашыма. Украінскіх тавараў на продаж у Гомель амаль не вязуць, хіба толькі ў выходны дзень, калі гандаль жывейшы:

«Мы ж едзем з грашыма — што нас прапускаць? З грашыма мы едзем. А сытуацыя на мяжы такая: нашы ня хочуць, каб мы везьлі ад вас, а вашы ня хочуць, каб увозілі». (Сьмяецца.)

А сытуацыя на мяжы такая: нашы ня хочуць, каб мы везьлі ад вас, а вашы ня хочуць, каб увозілі

Ранейшае адноснае зацішша ў памежным гандлі ўкраінкі зьвязваюць ня толькі з падзеямі на Майдане і вайной на ўсходзе, але й нагнятаньнем жахаў расейскімі прапагандыстамі пра беспарадкі ва Ўкраіне:

«Гэта ўсё пуцінская прапаганда, бо Расея заўсёды лічыла сябе на галаву вышэйшаю».

Ажыўленьне ўзаемных стасункаў беларусаў і ўкраінцаў, у тым ліку й праз гандаль, выклікана жыцьцёвай неабходнасьцю. Чарнігаўцы прывозяць беларускія прадукты дадому, каб ня толькі спажыць, але й прадаць — і зарабіць на гэтым капейчыну. Краіна вымушана адбівацца на ўсходзе ад сэпаратыстаў ды іхніх расейскіх памагатых. Эканамічныя праблемы, пакінутыя рэжымам Януковіча, вырашаюцца пакуль слаба:

«У нас суцэльнае беспрацоўе — хто б сюды паехаў?!»

Яшчэ адна ўкраінка дадае: «А дзе яна — тая праца? Усе ваююць! Сілы ёсьць, ды працы няма. Вашага б „бацьку“ да нас ва Ўкраіну — і ўсё было б добра».

Гамельчукі, у сваю чаргу, езьдзяць ва Ўкраіну, у той жа Чарнігаў, каб адзецца і абуцца, бо цэны ў суседзяў значна ніжэйшыя.

Маладая жыхарка Гомеля спадарыня Яна апавядае:

«Рэчы, адзеньне, абутак — усе нашмат таньнейшае. Па якасьці прыкладна аднолькава, але на кожнай рэчы можна 200–300 тысяч зэканоміць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG