Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Украіна не дае палітычнага прытулку беларусам


Віктар Забалоцкі ў 2003 годзе апублікаваў спрэчнае відэа, у якім сьцьвярджаў, што стаў сьведкам забойства Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. Тады прызнаньне выклікала рэзананс у грамадзтве. Псыхіятрычная экспэртыза вызначыла, што Віктар Забалоцкі здаровы і адэкватны чалавек. У кастрычніку 2002 году з-за пагрозы перасьледу мужчына зьехаў зь Менску ў Расею. У лютым 2007 году — перабраўся ва Ўкраіну. У Расеі і ва Ўкраіне Віктар Забалоцкі знаходзіў прытулак у манастырах.

Ва Ўкраіне Віктар Забалоцкі неаднаразова зьвяртаўся ў рэгіянальнае прадстаўніцтва ААН па справах уцекачоў, каб атрымаць афіцыйны статус уцекача. Але кожны раз атрымліваў адмовы — чыноўнікі ня верылі, што Віктару Забалоцкаму пагражае небясьпека на радзіме. У Цярнопалі мужчына больш за год стаяў на ўліку ў міграцыйнай службе, чакаючы статусу уцекача. У 2011 годзе справа нават дайшла да суду, але нічым ня скончылася з-за сур’ёзнай хваробы Віктара Забалоцкага.

Цяпер Віктару Забалоцкаму 64 гады, ён амаль не падтрымлівае кантактаў са сваёй сям’ей у Беларусі. Тлумачыць гэта дбаньнем пра іх бясьпеку:

«Я цяпер прыпыніў кантактаваньне зь сям’ёй нават праз тэлефон. Жонка вельмі баіцца, перажывае, што буду казаць нешта рэзкае супраць уладаў. Сын робіць добрую кар’еру ў мэдыцыне. Не хачу кантактаваньнем зь ім нашкодзіць яго кар’еры. Ён нядаўна быў у Кіеве, мы тут зь ім трохі паразмаўлялі. Сын папрасіў, каб я пашкадаваў яго сям’ю, пашкадаваў сваю жонку. Сказаў, што празь мяне шмат непрыемнасьцяў. Я паабяцаў, што ня буду кантактаваць зь імі».

У Кіеве Віктар Забалоцкі жыве ў адным з манастыроў, дзе і харчуецца. У Беларусі аформіць пэнсію ён ня можа:

Ёсьць дамоўленасьць паміж украінскімі і беларускімі спэцслужбамі

«Ёсьць дамоўленасьць паміж украінскімі і беларускімі спэцслужбамі. Ва Ўкраіне вельмі пагардліва ставяцца да беларусаў. Прытулак даюць афрыканцам, азіятам, арабам, таму што яны едуць ва Ўкраіну з далярамі. А тых, у каго няма даляраў, узгадаваная Януковічам сыстэма не прымае».

Пэнсію Віктар Забалоцкі не атрымлівае. Кажа, што ў Кіеве ёсьць людзі, якія яму дапамагаюць матэрыяльна.

Забалоцкі — не адзіны беларус, якому не далі прытулку ўжо новыя ўлады Ўкраіны.

Актывісты руху салідарнасьці «Разам» Галіна Сарочык, Алег Аўсяньнік, Анжаліка і Зьміцер Гунічы падавалі дакумэнты на прытулак у сакавіку 2014 году. Усе бралі актыўны ўдзел у абароне Майдану. Трое актывістаў ужо атрымалі адмову ў палітычным прытулку. Алег Аўсяньнік пакуль не атрымаў афіцыйнай адмовы, таму сытуацыя зь ім не вядомая.

Вячаслаў Сіўчык
Вячаслаў Сіўчык

Кіраўнік руху салідарнасьці «Разам» Вячаслаў Сіўчык лічыць, што ўкраінскія ўлады ня лічаць рэпрэсіі з боку беларускіх уладаў падставай для атрыманьня статусу уцекача:

«Падставы для адмоваў няма. Усе актывісты атрымліваюць звычайныя бюракратычныя адпіскі. Я лічу, што актывісты атрымліваюць адмовы таму, што новыя ўлады Ўкраіны не прызнаюць палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі, бо маюць вельмі шчыльныя партнэрскія стасункі з Аляксандрам Лукашэнкам».

Віктар Каспрук
Віктар Каспрук

Украінскі палітоляг Віктар Каспрук лічыць, што ўкраінская грамадзянская супольнасьць перакананая, што трэба дапамагаць беларускім актывістам, але ўлады кіруюцца пэўнымі інтарэсамі, у якія не ўваходзіць прызнаньне палітычных рэпрэсіяў у Беларусі:

«Я асабіста ведаю некалькі беларусаў, якія, жывучы доўгі час ва Ўкраіне, усё яшчэ спадзяюцца атрымаць украінскае грамадзянства. Зразумела, што за часамі Кучмы і Януковіча статус уцекача, як і грамадзянства, даваўся з аглядкай на агульную палітычную сытуацыю. Але вельмі дзіўна, што за часамі Юшчанкі, і цяпер, падчас дэмакратыі, на гэта не зьвяртаюць увагі. Магчыма, адбываюцца палітычныя манэўры, каб ня вельмі злаваць беларускага дыктатара, бацьку Лукашэнку. Але зь іншага боку, беларускія актывісты, якія прыехалі ва Ўкраіну, жывуць тут доўгі час, удзельнічалі ў Рэвалюцыі Годнасьці, маюць права атрымаць тут дапамогу. Куды яшчэ зьвяртацца беларусам, як не да ўкраінскіх братоў? Я лічу, што калі нашае кіраўніцтва не гатовае вырашаць гэтае пытаньне, то трэба каб яго пэдалявала ўкраінская грамадзкая супольнасьць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG