Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“УПЕРШЫНЮ СЬВЕДКА СЬЦЬВЯРДЖАЕ, ШТО БАЧЫЎ НА МЕСЦЫ ЗЛАЧЫНСТВА ПРЭЗЫДЭНТА БЕЛАРУСІ”


РС/РСЭ

(Халіп: ) “Кантакт зь Віктарам Забалоцкім быў у майго калегі, які супрацоўнічае з адным з расейскіх тэлеканалаў. Справа ў тым, што спачатку Віктар Забалоцкі зьвярнуўся якраз да гэтага майго калегі, інтэрвію запісалі і на пачатку зьбіраліся пусьціць у эфір расейскага тэлебачаньня, але потым, ня ведаю чаму, але здарылася так, што кіраўніцтва гэтага тэлеканалу ўсё-ткі адмовілася даваць гэты запіс у эфір. І таму вырашылі, што лепш перадаць гэты запіс мне, таму што я супрацоўнічала з “Новой газетой”, якая усім вядомая як газэта, якая рызыкуе”.

Публікацыя нейкім чынам зьвязаная зь зьяўленьнем справаздачы прадстаўніка Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы аб зьніклых у Беларусі, ці гэта проста супадзеньне?

(Халіп: ) “Гэта проста супадзеньне. Гэтая публікацыя павінна была зьявіцца яшчэ можа зь месяц таму, але справа ў тым, што кіраўніцтва “Новой газеты” вырашыла вельмі сур’ёзна падысьці да гэтай публікацыі і аддаць спачатку яе на тры экспэртызы – тэхнічную, крымінальна-псыхалягічную і экспэртызу псыхіятра. Вы напэўна бачылі, там адной калёнкай ідуць адразу тры экспэртызы. І толькі пасьля таго, як усе экспэртызы прайшлі і стала вядома, што гэтая відэастужка – гэта не мантаж, гэта не легенда, і што чалавек, які на ёй, Віктар Забалоцкі, ёсьць псыхічна здаровым, толькі пасьля гэтага рэдкалегія “Новой газеты” прыняла рашэньне, што можна друкаваць”.

Ці ў вас асабіста ёсьць спадзяваньне, што гэтая публікацыя можа паўплываць на сьледзтва, дапамагчы дакапацца да праўды?

(Халіп: ) “Гэтая публікацыя адрозьніваецца ад усіх астатніх, ад усіх папярэдніх публікацыяў, якія былі на гэтую тэму, тэму зьнікненьняў, толькі адным – упершыню сьведка сьцьвярджае, што бачыў на месцы гэтага злачынства прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку. Дагэтуль ён быў усё ж такі пэрсонай, якая можа зьвязаная, а можа і не, вы ж памятаеце, усё ж такі найбольш чорнай, цяжкай фігурай быў Віктар Шэйман. А тут раптам мы маем справу з прэзыдэнтам краіны, які прысутнічае на тым самым месцы. Праўда гэта ці не, я ня ведаю, шчыра кажучы. Але мяркую, што такую інфармацыю мы ня маем права трымаць у сакрэце, і напэўна ж сьледчыя органы можа хоць зараз паспрабуюць разабрацца ў гэтай сытуацыі і дайсьці да ісьціны”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG