Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Будзічы. Вёска — ахвяра тэхнічнага прагрэсу


Будзічы. Вёска — ахвяра тэхнічнага прагрэсу
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:17:16 0:00

Будзічы. Вёска — ахвяра тэхнічнага прагрэсу

Гэтую вёску ведае калі ня большасьць беларусаў, дык, прынамсі, большасьць менчукоў. Бо ўсе, хто калі-небудзь наведваўся ў музэй народнай архітэктуры ў Строчыцах, ня мог не зьвярнуць увагі на галоўны экспанат у экспазыцыі, прысьвечанай Паазер’ю. Гэта вялікі сялянскі двор. З дыхтоўнай хатай, са шматлікімі гаспадарчымі пабудовамі. Дзе ёсьць усё для сялянскага шчасьця. Хлявы, клець, сьвіран, кажучы сёньняшнімі словамі — велізарны гараж для калёсаў і саней. А яшчэ ўтульны двор, домік для найманага работніка. Гэтая багатая хата ўшчэнт разьбівае ўсе міты пра гаротную долю беларускага селяніна. Дык вось. Перавезены гэты двор у Строчыцы зь вёскі Будзічы, што ляжыць на мяжы Докшыцкага і Глыбоцкага раёнаў.

Гадоў 50 таму Будзічы славіліся далёка за межамі Беларусі. Бо тут рабілі шафы, калаўроты, лавы, кросны. Гэта была вёска майстроў. Альдона Літвін, былая бібліятэкарка, правяла па выміраючай вёсцы.

— Раней наша вёска стаяла каля балота. А як ішлі швэды, гэту вёску разбурылі. І з гэтага бярвеньня рабілі масьцішча праз балота. Засталіся людзі бяз хат. Тады будавалі на гэтым месцы буды і ў гэтых будах жылі. А пасьля тыя буды сталі перабудоўваць у большыя хаты. І атрымалася вёска. І назвалі яе Будзічы. З-за гэтых будак. І прозьвішча ў першых пасяленцаў было Будзічы. І колькі тут вёсак, але нідзе няма такога майстэрства. Заможныя былі. Гэта адчувалася. На брычках езьдзілі! Гэта ўжо багаты — едзе на брычцы.

Мы прыйшлі да самай старой жыхаркі Будзічаў — Ганны Будзіч. Ганьне Антонаўне праз два гады будзе роўна сто. Паслухайце, колькі жыцьця ў яе голасе.

Сьпявае Ганна Будзіч зь вёскі Будзічы
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:07:16 0:00
Наўпроставы лінк

— Тут і музыкі гралі, тут рабілі ўсё. Калаўроткі, шафы. Мой чалавек малатарні рабіў. Майстравыя тут людзі былі. Было дзьвесьце чалавек у нашай вёсцы. А цяпер дваццаць.

— А колькі каштаваў калаўрот?

— Сто. А потым і за восемдзесят аддавалі.

Па цэнах можна зразумець, калі калаўроты пачалі спыняць свой бег. Аддавалі па 80. Гэта значыць, да рэформы 1961 году. Усе паваенныя гады, да 60-х, беларусы выраблялі ніткі.

— У менскім музэі ёсьць здаравенны сялянскі двор. З Будзічаў.

— Гэта хата Яна Літвіна. Ён быў звычайны селянін. Ён не майстраваў нічога. У яго зямлі было многа.

— І колькі людзей жыло ў той хаце?

— Чатыры дачкі было. А хлопцаў у яго не было. У яго яшчэ сёстры былі. Адальфіна, Юзэфа, Магдуля і Зузанна. А пяты быў Ян. І ў яго яшчэ чатыры дачкі. Ён жыў нармальна. Зямлі багата меў.

— А як ён перажыў калгасы? Зямлю ж забралі.

— Нічога.

Не абышлося ў Будзічах і без сваёй трагедыі падчас вайны.

— У нас тут чалавека забілі. Быў солтысам. Антон Літвін. Партызаны забілі. Вельмі добры быў чалавек. Забілі. Такая была ўлада. А пры чым людзі? Людзі выбіраюць.

Спадарыня Ганна з гонарам паказвае швэдар, які яна нядаўна зьвязала сабе. Зрок і рукі яшчэ дазваляюць.

— Што вам дае сілы жыць?

— Я ніколі ня плакала. Я калі раблю, дык песенькі пяю. Я ніколі не сумавала, што я бедная. Цяпер прыйшлі гады, а я ня веру, што мне гэтулькі гадоў. Вось зьвязала сьвітэр сабе. Вось цяпер. Мне трэба нешта рабіць. Вось кладуся спаць і думаю — што ж я буду заўтра рабіць? У мяне ўжо на заўтра план ёсьць. Гэтак і пражыла. Бабы да мяне часам прыйдуць — «ой, як ня хочацца рабіць!» А я як раблю, мне весялей робіцца.

За Ганнай даглядае яе сын Міхась, які вярнуўся ў Будзічы з гораду. Мужык сур’ёзны і майстравіты.

— Тут працы ніякай няма. У мяне ёсьць рукі, ёсьць станок. Усё раблю. Магу калаўрот зрабіць. Але каму? Я апошні застаўся з майстроў. Тут людзі зь зямлі амаль не жылі. Тут жылі са сваіх рук.

На сёньня Міхася больш за ўсё хвалюе і злуе тое, як улады ліквідуюць старыя, нежылыя хаты.

— Паляць вёскі, паляць хаты. Абы спаліць. Усё, што ў хаце ёсьць — усё гарыць. Нікому нічога ня трэба. Калі бачу гэта, аж не па сабе становіцца. Немцы палілі. Але немцы ладна, гэта была вайна. А цяпер нашто паліць? Прыехалі б, акуратна разабралі б на дровы.

Мяне дзівіла, што нідзе ў майстроўскай вёсцы не засталося ніводнага калаўрота. Усё павывозілі. Але пашанцавала ў хаце спадарыні Ўладзі. Вясёлая, дабрадушная жанчына знайшла ў сябе стары агрэгат. Але ўжо нячынны.

— Рабяты мае скруцілі. Ён быў выкінены. Сын прывез унучку зь Менску, дык паказваў ёй. Я сама яшчэ сучыла сукно на шкарпэткі. А прасьці ўжо ня ўмела. Гэта нашы маці рабілі. А мы ўжо, сямідзесяцігадовыя, ні прасьці, ні ткаць ня можам. Бачу, па тэлевізары паказваюць калаўроты. Але ж без машынак. Наша вёска была слынная. Увесь сьвет купляў. Прыяжджалі і з Латвіі. І зь Ліды. Прыедзець адзін купец. Загадаець 70 штук калаўротаў. Тут наробяць. Хто дзесяць, хто дваццаць. І тады на конях у Парфенава ці ў Будслаў. Ён оптам заплоціць. А яшчэ нашы вазілі ў Мінск. А зь Мінску тады прывязуць батон вялікі! За тры рублі!

Нечакана ў размове пра будзіцкае багацьце ўсплыла радавое гняздо Віктара Януковіча. А яшчэ мой лексыкон узбагаціўся новым смачным словам.

— Калаўроты вялікага багацьця не давалі. Але вось Янукі... У нас былі ўсе талентовыя мужчыны. Талентовыя. А ў Януках толькі рабят рабілі. Куча рабят. А рукамі... Мы хадзілі ў школу з сумачкамі з тоненькіх дошчачак. Як чамаданчык. А ў іх з аполкаў. Бах адзін па адным. Хуліганістыя былі. Бедныя, ненадзетыя. Нашы паедуць у Мінск. Купяць корту, польтаў панашываюць. І мы ўжо ішлі ў пальтах. Абутак прывозілі зь Мінску. Чаравічкі, галёшыкі.

Багацьце Будзічаў скончылася разам з эпохай калаўротаў і кроснаў. Брычкі не ператварыліся ў аўтамабілі. Слынныя будзіцкія калаўроты разабралі дзеці і ўнукі па гарадах. Што ня дзіўна. Бо гэтая як быццам непатрэбная ў сёньняшнім жыцьці рэч як нішто робіць жытло ўтульным. У гарадзкой кватэры, сярод сэрвантаў і тэлевізараў, менавіта ягонае кола адразу прыцягвае ўвагу госьця. І напаўняе жытло ўтульнасьцю. Гэтае магічнае кола быццам злучае дзень сёньняшні зь мінуўшчынай. І аберагае дзень заўтрашні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG