У Крычаве судзяць былога генэральнага дырэктара акцыянэрнага таварыства «Крычаўцэмэнташыфэр» Леаніда Скоцкага. Яму інкрымінуецца злоўжываньне ўладай і хабарніцтва. Паводле сьледзтва, падсудны незаконна завалодаў 214 мільёнамі рублёў. На ягоную маёмасьць накладзены арышт. Яна ацэньваецца ў больш як адзін мільярд 670 мільёнаў рублёў. Скоцкі прызнае віну і сплаціў страты, нанесеныя дзяржаве. Зьвярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай аб памілаваньні.
Прадпрыемства, якім кіраваў Леанід Скоцкі, у Крычаве — горадаўтваральнае. Крымінальны перасьлед былога генэральнага дырэктара заводу, ад працы якога шмат у чым залежыць трываласьць мясцовай гаспадаркі, выклікаў шырокі грамадзкі розгалас.
Зацяжка з судом зьвязваецца з просьбай падсуднага аб памілаваньні. Просьбу не задаволілі.
Затрымалі Леаніда Скоцкага ў верасьні 2013 году у момант перадачы яму 40 мільёнаў рублёў, сабраных з прэміяў працаўнікам заводу. Сьледзтва выявіла 16 падобных эпізодаў.
Судзяць Скоцкага ў актавай залі адміністрацыйнага будынку заводу. Вольных месцаў у залі няма. Шмат міліцыі.
Ён разьлічыўся, але факт злачынства ёсьць
Ён разьлічыўся, але факт злачынства ёсьць
«146 чалавек пацярпелых. Зь якіх зьбіраліся прэміяльныя. Яму інкрымінуецца сума 214 мільёнаў. Ён прызнаецца, што каля ста мільёнаў узяў сабе, астатнія, казаў, пайшлі на прэзэнты, пачастунак дырэктарам, якія прыяжджалі на сэмінары ды нарады», — апавядае пра працэс адна з тых, хто трапіў у залю.
Паводле суразмоўніцы, калі падсуднага дапытвалі, ён заявіў, што практыка пабораў з працоўных існавала на прадпрыемстве і да яго.
Як вынікае з матэрыялаў справы, падсудны ня грэбаваў браць хабар памерам і ў 20 даляраў. За харчаваньне ў заводзкай сталоўцы ён не плаціў. Заробак Скоцкага складаў 30 мільёнаў рублёў. Былому генэральнаму дырэктару «Крычаўцэмэнташыфэра» пагражае да 12 год зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці.
Сьледзтва выявіла, што злачынную дзейнасьць Леанід Скоцкі пачаў з прызначэньня на пасаду. Падначаленыя выконвалі яго незаконныя загады, баючыся звальненьня і пазбаўленьня прэміяльных. Па справе абвінавачаным праходзіць толькі Скоцкі. Ён доўга адмаўляў сваю віну, але потым цалкам яе прызнаў.
Падсудны на лаве падсудных сядзеў апусьціўшы вочы долу, зрэдку іх уздымаючы:
«Чалавек больш за год пад сьледзтвам, дык, вядома ж, выгляд у яго ня дужа. Па ім было відаць, што чалавек каецца. І дужа каецца. Ён сказаў, калі яму выставілі абвінавачваньні ў 214 мільёнаў, арыштавалі маёмасьць і рахункі, дык ён папрасіў, каб зьнялі 214 мільёнаў і раздалі пацярпелым. Ён разьлічыўся, але факт злачынства ёсьць», — зазначае жанчына, якая прысутнічала на першым судовым пасяджэньні.
Паводле суразмоўніцы, у залі, пакуль было пасяджэньне, стаяла цішыня:
«Ніхто рэплік ніякіх не выказвае. Адна толькі жанчына ўстала і груба пра яго выказалася, што калі, кажа, ён працаваў намесьнікам старшыні райвыканкаму, да яго не было як падступіцца. Судзьдзя ёй сказала сесьці на месца. Мы, кажа, яго працу ў райвыканкаме не разьбіраем, а толькі яго работу на цэмзаводзе».
Незадоўга да зьняволеньня 16 жніўня 2013 году Леанід Скоцкі паказваў Аляксандру Лукашэнку новы цэмэнтны завод, які ўзьвялі на кітайскія інвэстыцыі пад Крычавам у вёсцы Каменка. Кіраўнік дзяржавы тады сымбалічна запусьціў новую вытворчасьць і застаўся нібыта задаволены ўбачаным. Тым ня менш прагучала ад яго пагроза на адрас нядобрасумленных пасярэдніцкіх структураў.
«Кіраўнік— у турму. Фірма ліквідуецца. І больш ён прадпрымальніцтвам займацца ня будзе. Я папярэджваю апошні раз пра гэта публічна, трэці раз. Гэта ж складнік сабекошту. І час ужо гэтае пасярэдніцтва прыкрыць. Мне проста выяўленьня факту і доказу ня трэба. Мне трэба кампэнсацыя шкоды прадпрыемству. Дараваньня за гэта ня будзе, які б вы статус ні займалі».
Фраза, выказаная кіраўніком дзяржавы, наўпрост ня тычылася дзейнасьці Леаніда Скоцкага, аднак празь месяц яго арыштавалі. Судзіць Скоцкага старшыня Крычаўскага раённага суду Алена Азарэнка. Дзяржаўны абвінаваўца — пракурор Уладзімер Трывайла.
Кіраўніком акцыянэрнага таварыства «Крычаўцэмэнташыфэр» Леаніда Скоцкага прызначылі 30 сьнежня 2011 году. Да гэтага ён працаваў намесьнікам генэральнага дырэктара прадпрыемства. Кіраваў рэалізацыяй беларуска-кітайскага інвэстыцыйнага праекту — будаваў новую лінію па выпуску цэмэнту.
Што да вырабу цэмэнту на крычаўскіх заводах, то, як зазначаюць спэцыялісты, прадаваць яго надта цяжка. Рынак перагружаны гэтай прадукцыяй. Акрамя таго, айчынны цэмэнт праз дарагоўлю энэрганосьбітаў ня можа канкураваць з замежным. Усе беларускія заводы выпускаюць каля 9,5 мільёнаў тон цэмэнту. Патрэбнасьць беларускага рынку — крыху болей за чатыры з паловай мільёны. Лішак прадукцыі часта асядае на складах, бо ў сумежных краінах таксама цэмэнту вырабляецца зашмат.