Група апазыцыйных актывістаў і журналістаў на чале з Ільлём Яшыным завяршыла працу над дакладам аб удзеле расейскіх вайскоўцаў у канфлікце на ўсходзе Ўкраіны. Гэты даклад не пасьпеў завяршыць Барыс Нямцоў, які загінуў у ноч на 28 лютага ў цэнтры Масквы. Даклад называецца «Пуцін. Вайна».
Паводле словаў Ільлі Яшына, які прэзэнтаваў расьсьледаваньне Барыса Нямцова, аўдыторыя гэтага дакладу — «ня Захад, не ЗША і нават не Ўкраіна, а тыя мільёны расейцаў, якія кожны дзень глядзяць ОНТ, НТВ і чытаюць „Известия“».
Сябры і паплечнікі Барыса Нямцова распачалі збор сродкаў, каб надрукаваць як мага больш асобнікаў дакладу і распаўсюдзіць яго сярод тых, хто не карыстаецца інтэрнэтам.
Даклад утрымлівае зьвесткі пра бюджэт расейскай ваеннай апэрацыі на ўсходзе Ўкраіны, колькасьць расейскіх вайскоўцаў, якія загінулі, а таксама інтэрвію зь іхнімі сваякамі.
Ці паўплывае абнародаваньне дакладу «Пуцін. Вайна» на грамадзкую думку ў Расеі, разважае маскоўскі палітоляг Дзьмітрый Арэшкін.
— Прэзэнтацыя дакладу Барыса Нямцова пра расейска-ўкраінскі канфлікт — гэта тэма аднаго дня. Ці можна чакаць нейкай рэакцыі з боку расейскага грамадзтва?
— Даклад Барыса Нямцова важны, але несвоечасовы. Цяпер расейскае грамадзтва хоча чуць ня праўду, а барабанны бой. Яно ў стане гістэрыкі, таму рацыянальныя довады яму не зразумець. Гэта ня значыць, што публікацыя ня мае сэнсу. Але разуменьне гэтага сэнсу адкладаецца на потым — калі наступіць расчараваньне. А расчараваньне прыйдзе тады, калі людзі перажывуць кагнітыўны дысананс і будуць шукаць праўду.
На жаль, наўрад ці яны будуць шукаць яе ў тэкстах Барыса Нямцова, хоць менавіта там яна і месьціцца. Вобраз Нямцова дыскрэдытаваны, апазыцыя дыскрэдытаваная, і ў той жа час вобраз Уладзімера Пуціна настолькі разьдзьмуты, што людзі псыхалягічна не гатовыя ўнесьці зьмены ў навязаную ім прапагандай карціну сьвету.
Гэта вельмі прыкрая сытуацыя, якая лекуецца толькі кагнітыўным дысанансам на індывідуальным узроўні. Як толькі чалавек адчуе, што ён страціў працу, што ягонага заробку не хапае на ежу для сям’і, што яго сыстэматычна падманваюць, то тады ўзьнікае патрэба ў іншай праўдзе.
Тым, хто ўжо цяпер разумее, што мы жывем у віртуальнай, штучнай рэальнасьці, даклад Нямцова нічога новага ня скажа
Тым, хто ўжо цяпер разумее, што мы жывем у віртуальнай, штучнай рэальнасьці, даклад Нямцова нічога новага ня скажа. Для тых, хто атрымлівае задавальненьне ад гэтай выдуманай штучнай рэальнасьці, у якой ён падымаецца з кален і перамагае сусьветны імпэрыялізм, словы і лічбы з даклада Нямцова застануцца пустым гукам.
Таму пасьля публікацыі гэтага дакумэнту нічога ня зьменіцца. Ніхто не перастане любіць Пуціна. Разам з тым даклад — адна з тых кропелек, якія точаць камень.
Працэс працяглы. У Савецкім Саюзе спатрэбіліся тры пакаленьні, 70 гадоў. Цяпер усё адбудзецца значна хутчэй — за некалькі гадоў. Гэта той час, які спатрэбіцца Расеі, каб адчуць кагнітыўны дысананс. Тады людзі зацікавяцца альтэрнатыўнымі пунктамі гледжаньня.
— Ёсьць меркаваньне, што забойства Барыса Нямцова зьвязанае з расьсьледаваньнем, якое ён вёў. Наколькі гэтая думка абгрунтаваная?
— Казаць пра тое, што Нямцова забілі за гэты даклад, — грубае спрашчэньне. Таксама я ня думаю, што яго забілі з блаславеньня Ўладзімера Пуціна — расейскаму прэзыдэнту гэта далёка ня выгадна. Тут мы маем справу з больш сур’ёзнымі праблемамі. Пуцін усё менш і менш кантралюе сытуацыю, у тым ліку ў сілавой сфэры. Ускосна пра гэта сьведчыць адстаўка некалькіх дзясяткаў вялікіх начальнікаў МУС. Наўпрост пра гэта сьведчыць канфлікт паміж маскоўскімі сілавікамі і Кадыравым. Уладзімер Пуцін, з аднаго боку, павінен гарантаваць ляяльнасьць чачэнскіх элітаў, якія відавочна зьвязаныя з забойствам Нямцова, а зь іншага боку, ён не павінен страціць падтрымку маскоўскіх сілавікоў, якія пратэстуюць супраць уварваньня ў маскоўскае жыцьцё людзей з Чачэнскай Рэспублікі. Ён мусіць манэўраваць, адпраўляць у адстаўку сілавікоў, нейкім чынам дамаўляцца з чачэнцамі. Тут Пуцін не дэміюрг, але ён выпусьціў з бутэлькі джына, які пачынае жыць сваім жыцьцём: забівае, каго лічыць патрэбным, кіруючыся сваімі інтарэсамі. І зусім ня факт, што гэтыя інтарэсы зьвязаныя з тым, што Барыс Нямцоў зьбіраўся апублікаваць зьвесткі пра расейскіх сілавікоў.
— На прэзэнтацыі дакладу журналіст Ільля Яшын сказаў, што рыхтуецца наступны даклад, які быў пачаты Барысам Нямцовым, — пра ролю Кадырава ў расейскай палітыцы...
— Менавіта. Таму, хутчэй за ўсё, праблема была ў тым, што ў Нямцова было нешта датычна чачэнскай сытуацыі і ён тое нешта зьбіраўся публікаваць. А ў гэтую сфэру лідэр Чачэнскай Рэспублікі лезьці нікому не дазваляе.
Хутчэй за ўсё, праблема была ў тым, што ў Нямцова было нешта датычна чачэнскай сытуацыі і ён тое нешта зьбіраўся публікаваць
Таму спрашчаць забойства Нямцова ня варта. Зусім не крывавы рэжым Пуціна адмыслова забіваў Нямцова. Але гэты крывавы рэжым спарадзіў такую сытуацыю, калі Нямцова мог забіць любы начальнік сярэдняй рукі, якому здалося, што дзейнасьць апазыцыйнага палітыка яму перашкаджае. І гэта нават горш, чым у савецкія часы, бо тады забівала, саджала ў турму, расстрэльвала толькі ўлада. Цяпер гэта робіць ня ўлада, а нейкія людзі ў статусе паміж вышэйшым і сярэднім чынавенствам. Яны самі выносяць прысуды, самі караюць. І гэта прыкмета распаду дзяржаўнасьці, палітычных і грамадзкіх інстытутаў — распаду, які выліваецца ў барацьбу роўных самаўпраўных структур.
— Вы называеце Барыса Нямцова апазыцыйным палітыкам. А ўвогуле ў якім стане апазыцыя ў Расеі пасьля яго забойства?
— Я лічу, што тэрмін «апазыцыя» больш не адэкватны сучасным палітычным рэаліям Расеі. Апазыцыя — гэта структура, якая дзейнічае ў рамках закону, а ў нас самі законы ня дзейнічаюць. Але мы жывем не ў сталінізьме і нават не ў брэжневізьме. Мы жывем у гібрыдным Савецкім Саюзе, скажоным і асучасьненым. Апазыцыі ў гэтай сытуацыі быць ня можа, бо для таго, каб яна была, патрэбныя сумленныя выбары. Цяпер апазыцыя ў стане дысыдэнтуры. Апазыцыя існуе гэтаксама віртуальна, як і ўвесь пуцінскі рэжым.