Статкевіча садзяць на 10 сутак, калі ня больш
Мікола Статкевіч у ЦІП на вуліцы Акрэсьціна, піша Naviny.by са спасылкай на ягоную жонку Марыну Адамовіч. Ён будзе адбываць 10 сутак адміністратыўнага арышту за адну з акцый, якая прайшла яшчэ ўвосень 2017 года. Жонка Статкевіча не выключае, што пад арыштам ён можа быць і больш працяглы тэрмін, бо супраць яго складзены яшчэ адзін адміністрацыйны пратакол, рашэньня суду па якім пакуль няма.
Прабачце, карцінкі з канцэрту ля Опэрнага амаль няма
Мы не адны такія, у шэрагу журналістаў не працуе або ледзь працуе мабільная сувязь, але падобна, «глушаць» ня ўсіх — выбарачна. Праблемы з сувязьзю былі і на Якуба Коласа.
Мітынг-канцэрт санкцыянаваны, праходзіць мірна, наведнікі прыходзяць сем’ямі, зь дзецьмі — на сьвяце ў тым ліку ёсьць дзіцячыя пляцоўкі.
Хоць перадаваць жывую трансьляцыю праблематычна, кадры захаваюцца і могуць быць прадэманстраваныя пазьней.
Затрыманыя на плошчы Якуба Коласа — у Савецкім РУУС
У Савецкім РУУС карэспандэнту Свабоды паведамілі, што затрыманых на плошчы Якуба Коласа ў Менску, дзе ўлады забаранілі мітынг-шэсьце, прывезьлі да іх. Але даваць інфармацыю што да колькасьці ці прозьвішчаў затрыманых дзяжурны міліцыянт адмовіўся. Паводле зьвестак Свабоды і праваабаронцаў, затрымана ад 30 да 50 чалавек.
Калі вы раптам забылі, што беларусы сьвяткуюць 25 сакавіка:
Сайт тэлеканалу «Белсат» ад 12-й гадзіны атакуюць невядомыя, ён працуе нестабільна, старонкі часткова недасяжныя. Але дасяжная трансьляцыя тэлеканалу на Youtube.
Затрыманьні ў рэгіёнах працягваюцца
Затрыманы на машыне віцебскі незалежны журналіст Уладзімер Лунёў. Па вэрсіі міліцыі, у яго «праблемы з нумарамі». Лунёў знаходзіцца ў Першамайскім РАУС Віцебску.
Журналістка з Глыбокага Тацяна Смоткіна піша на Facebook: «Сяджу ў Лепельскім РАУСе. Спынілі, бо ехалі з бел-чырвона-белым сьцягам у машыне».
«Маці 328» пратэстуюць супраць занадта жорсткіх, як на іх думку, пакараньняў за распаўсюд наркотыкаў. Напрыклад, у канцы лютага за продаж марыхуаны на 50 рублёў 17-гадоваму берасьцейцу прысудзілі 8 год калёніі.
Дзесяткі затрыманых у цэнтры Менску адвезьлі ў Савецкае РУУС
Аналітык Свабоды Віталь Цыганкоў, сын якога апынуўся сярод затрыманых, распавёў, што яму ўдалося пабачыць праз агароджу затрыманых ў акружэньні міліцыянтаў ва ўнутраным дварэ Савецкага РУУС.
«Яны стаялі ў двары і чакалі чаргі. Відаць, затрыманых па адным выклікалі па тлумачэньні. Я зьбіраўся зрабіць фота, але тут да мяне падышлі два міліцыянты і спыталіся, што я тут раблю. Я сказаў, што проста гляджу на будынак. Мяркую, каб я зрабіў фота, гэта б стала падставай для затрыманьня. Урэшце мяне змусілі адысьці ад гэтага плоту», — распавёў Цыганкоў.
Прэс-сакратар Беларускай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату Сяргей Лепін выступіць на канцэрце ля Опэрнага тэатру:
Раней кінаўнік БПЦ Мітрапаліт Павел сказаў, што малітвы да стагодзьдзя БНР ня будзе, каб не палітызаваць набажэнства.
У Празе адкрылі дошку на магіле консула БНР Мікалая Вяршыніна
Гэта трэцяя магіла дзеяча БНР, што знаходзіцца на Альшанскіх могілках, непадалёк ад штаб-кватэры Радыё Свабода. У адрозьненьне ад колішніх прэзыдэнтаў Пятра Крачэўскага і Васіля Захаркі, месца пахаваньня Вяршыніна некаторы час не было вядомае.
Горадня: Калоскі парк у бел-чырвона-белых сьцягах
Сотні людзей, музыка, гандаль сувэнірамі, прыўзьняты настрой і паўсюль бел-чырвона-белыя сьцягі.
Урачыстасьці ў Калоскім парку пачаліся з малебну «За Беларусь!» у Калоскай царкве. Потым людзі пачалі зьбірацца вакол сцэны, тут гучаць беларускія песьні, у гандлёвых кропках прадаюцца сувэніры з сымболікай БНР, ёсьць магчымасьць папіць гарачую каву, з‘есьці блінчыкі і ход-догі.
Многія прыйшлі на сьвята цэлымі сем’ямі, паўсюль гучаць дзіцячыя галасы, дзеці зь беларускай сымболікай. Людзі фатаграфуюцца зь сябрамі і знаёмымі.
Канцэртную праграму пачалі з сумеснага сьпеву «Пагоні». Цяпер на сцэне гучаць кампазыцыі ў выкананьні гуртоў «Tlusta Lusta», «Harotnica», «HandmadE», «Хеліос».
Як адбываўся «Хапун» на плошчы Якуба Коласа ў Менску. ВІДЭА
Заяўка на мітынг-канцэрт прадугледжвала да 25 тысяч чалавек — месца яшчэ ёсьць!
У Берасьці некалькі сотняў чалавек прыйшлі на канцэрт на плошчы Свабоды
У Берасьці цяпер ідзе рок-канцэрт на плошчы Свабоды. Прысутнічае некалькі соцень чалавек.
А 12-ай гадзіне ў Берасьці на іншай плошчы адбывалася і акцыя праціўнікаў акумулятарнага заводу, на якую прыйшлі некалькі дзясяткаў чалавек. Пасьля акцыі супраць акумулятарнага заводу быў затрыманы 14-гадовы юнак, паведамляюць праваабаронцы.