Кабінэт міністраў Украіны заклаў у праект дзяржаўнага бюджэту на 2017 год сродкі, якія будуць канфіскаваныя ў рамках вяртаньня ў краіну актываў асобаў з атачэньня экс-прэзыдэнта Віктара Януковіча, перадае УНІАН.
Пра гэта заявіў прэм’ер Уладзімер Гройсман падчас брыфінгу на 13-й штогадовай сустрэчы Ялцінскай эўрапейскай стратэгіі (YES) у Кіеве:
«Мы плянуем у наступным годзе атрымаць сродкі, якія былі незаконна скрадзеныя ва ўкраінскіх грамадзян. Мы плянуем кансалідаваць іх у бюджэце Украіны на 2017 год. Гэта відавочна, таму што варыянтаў два: гэтыя сродкі будуць выведзеныя або вернутыя. Прычым вернутыя туды, адкуль яны былі скрадзеныя».
14 верасьня Кабінэт міністраў Украіны накіраваў на разгляд Вярхоўнай рады абноўлены законапраект аб спэцканфіскацыі. Яго прыняцьцё дазволіць канфіскаваць у дзяржбюджэт арыштаваныя на рахунках паўтара мільярда даляраў, якія належалі прадстаўнікам рэжыму Януковіча.
Прадстаўляючы законапраект, міністар юстыцыі Ўкраіны Павел Пятрэнка заклікаў парлямэнтароў разгледзець і прыняць дакумэнт ужо ў найбліжэйшы пленарны тыдзень.