Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія правайдэры блякуюць шэраг незалежных сайтаў


Сайты belaruspartisan.org, charter97.org і spring96.org паведамілі, што іх блякуюць некаторыя беларускія правайдары для прыватных карыстальнікаў.

Як паведамляе «Хартыя-97», яе блякуюць «Дзелавая сетка», IP Telecom, ADSL.by і «Гарант», а таксама мабільны апэратар «Life:)».

«Беларускі Партызан» паведамляе пра блякаваньне некаторымі правайдэрамі. Напрыклад, у абанэнтаў IP Telecom у Гомелі паўсталі праблемы з доступам да незалежных сайтаў. «Беларускі партызан» адзначае, што трапіў у сьпіс абмежаванага доступу, які складзены на падставе пастановы Апэратыўна-аналітычнага цэнтру.

Паводле «Вясны», карыстальнікі скардзяцца на блякіроўку сайтаў пастаўшчыкамі інтэрнэт-паслуг ADSL.by («Белінфанэт»), «Дзелавая сетка», IP TelCom (Менск і Гомель), «Гарант» (Гомель).

Некаторыя чытачы паведамляюць, што на заблякаваных сайтах бачаць паведамленьне: «Доступ да рэсурсу заблякаваны на падставе пастановы Апэратыўна-аналітычнага цэнтру Рэспублікі Беларусь № 6/8 ад 19 лютага 2015 году».

У тэхпадтрымцы «Дзелавой сеткі» і ADSL.by прызналі блякіроўкі, паведамляе «Наша ніва». Прэс-сакратар апэратара «Life:)» пацьвердзіла факт блякаваньня «Хартыі», «Партызана» і «Вясны-96» на той падставе, што яны ўнесеныя ў «чорны сьпіс». Раскрываць любыя падрабязнасьці сьпісу апэратар адмовіўся.

Паведамленьні пра блякаваньне пачалі паступаць 25-26 сакавіка. Раней сайты некаторых незалежных выданьняў блякаваліся ў сьнежні 2014 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG