Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фінансавы крызіс вакол «Белсату» ўрэгуляваны: канал атрымае ад польскага МЗС 4,8 млн эўра


Тэлеканал «Белсат» атрымае на дзейнасьць у 2018 годзе 20 млн злотых (каля 4,8 млн эўра) з мэтавых датацыяў Міністэрства замежных справаў Польшчы, піша Press.pl.

Дырэктарка тэлеканалу Агнешка Рамашэўска-Гузы на сустрэчы з журналістамі заявіла, што «„Белсат“ выжыве» — грошай мае хапіць на год працы. У будучыні не выключаецца, што «Белсат» будзе фінансавацца МЗС на пастаяннай аснове, піша wirtualnemedia.pl. Дырэктар польскай тэлевізіі TVP Яцэк Курскі заявіў, што датацыі МЗС — гэта «сыгнал, што нешта зьмянілася ў польскай палітыцы».

Беларускамоўны тэлеканал «Белсат» зьяўляецца структурным падразьдзяленьнем публічнай Польскай тэлевізіі і фінансуецца пераважна з польскага дзяржаўнага бюджэту, а таксама з крыніц з-за мяжы Польшчы. Да 2016 году гэты фактычна адзіны беларускамоўны тэлеканал у сьвеце атрымліваў 16–20 млн злотых датацый за год ад МЗС Польшчы.

Ад жніўня 2017 году сытуацыя зь фінансаваньнем была няпэўная, калі МЗС Польшчы вырашыў значна зьнізіць фінансаваньне тэлеканалу — тады казалі, што гэта можа значыць яго закрыцьцё.

Пазьней у МЗС Польшчы зявілі, што «Белсат» мае застацца, але «ўлада хацела б, каб фінансаваньне не ішло праз МЗС». Урэшце ў Сэйме прынялі папраўкі, што дазвалялі фінансаваць «Белсат» празь Міністэрства фінансаў. Таксама грошы на «Белсат» абяцала даць Вялікая Брытанія.

«Падатак на Белсат»: за супрацу з тэлеканалам журналістаў за год наштрафавалі на 50 тысяч рублёў

Ад афіцыйнага Менску «Белсат» не атрымлівае фінансаваньня — наадварот, штрафы і канфіскацыі маёмасьці. Беларускія дэмакратычныя актывісты ладзілі ля рэзыдэнцыі Аляксандра Лукашэнкі на менскай вуліцы Карла Маркса акцыю пратэсту, на якой прасілі афіцыйны Менск «Выключыць НТВ, уключыць „Белсат“».

«Белсату» адмовілі ва ўключэньні ў беларускія тэлевізійныя кабэльныя сеткі: на пэтыцыю аб уключэньні ў сеткі намесьнік гендырэктара «Беларусь-1» Сяргей Шышко адказаў, што «ў сетцы вяшчаньня прысутнічае шырокі пералік беларускамоўных перадач і рубрык».

Цяпер «Белсат» у Беларусі можна глядзець як праз спадарожнік, набыўшы адмысловае абсталяваньне, так і праз інтэрнэт-трансьляцыю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG