Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былому кіраўніку фірмы «Белкаапсаюзу» прысудзілі 7 гадоў за хабар


Суд над Забродзкім, архіўнае фота
Суд над Забродзкім, архіўнае фота

У судзе Партызанскага раёну Менску 30 лістапада абвешчаны вырак Уладзімеру Забродзкаму, былому гендырэктару аптовай гандлёвай фірмы «Белкаапзьнешгандаль», якая належыць «Белкаапсаюзу». Яго прызналі вінаватым у атрыманьні хабару ў вялікім памеры (больш за 15 тысяч рублёў) і асудзілі на 7 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.

Уладзімер Забродзкі сваёй віны на працэсе не прызнаваў. Ён скардзіўся на дрэннае эканамічнае становішча сваёй арганізацыі і казаў пра вялікае жаданьне любым чынам выправіць сытуацыю, але адмаўляў, што браў хабар ад прадстаўніка фірмы «Сьвет піва». Паводле Забродзкага, як кіраўнік ён мог бы загадаць разьлічыцца з «Сьветам піва» ў першую чаргу, але гэтага не рабіў, бо запазычанасьць трэба было пагашаць паступова перад усімі «крэдыторамі».

У Забродзкага суд пастанавіў канфіскаваць зямельны ўчастак з пабудовамі, што заходзіцца ў Менскім раёне, аўтамабіль «Лексус», залаты зьлітак, некалькі тэлевізараў, шмат адзінак замежнай бытавой тэхнікі і больш як 400 тысяч рублёў грашыма. Калі прысуд набудзе сілу, яму таксама будзе забаронена пасьля адбыцьця пакараньня цягам 5 гадоў займаць кіроўныя пасады.

Супрацоўнікі КДБ арыштавалі Ўладзімера Забродзкага сёлета ў траўні падчас атрыманьня хабару ад прадстаўніка фірмы «Сьвет піва» Сяргея Калесьнікава. Гэта быў чацьвёрты з эпізодаў справы, у якой фігуруе агулам 15 тысяч рублёў, альбо 7,5 тысячы даляраў. Паводле сьледзтва, Уладзімер Забродзкі браў хабар за тое, што на ягоны загад «Белкаапзьнешгандаль» разьлічваўся зь фірмай «Сьвет піва», перад якой склалася запазычанасьць у некалькі мільёнаў рублёў. «Белкаапзьнешгандаль», які ёсьць буйным оптавым гандляром у структуры «Белкаапсаюзу», ужо некалькі гадоў як стаў хранічным даўжніком. 58 кампаніяў падалі на «Белкаапзьнешгандаль» у суд.

Хабар за тое, што вяртаў грошы гандлёваму контрагенту

Паводле сьледзтва, хабар Уладзімер Забродзкі атрымліваў ад прадстаўніка камэрцыйнай фірмы «Сьвет піва» Сяргея Калесьнікава. Перад гэтай фірмай, якая была для «Белкаапзьнешгандлю» пастаўшчыком тавараў для далейшага перапродажу ў сетцы крамаў Белкаапсаюзу, рэгулярна ўзьнікалі немалыя запазычанасьці. Сьледзтва мяркуе, што ў сьнежні 2016 году Забродзкі з Калесьнікавым дамовіліся пра ўмовы вяртаньня пазыкі: што Забродзкі будзе спрыяць хуткаму вяртаньню грошай, а за гэта Калесьнікаў будзе плаціць яму пэўныя сумы: ад 2 да 3,5 тысячы рублёў штомесячна. Паводле сьледзтва, так і адбывалася, пачынаючы ад студзеня: 2 тысячы рублёў, 3 тысячы, 3500... Усяго да траўня набралася больш за 15 тысяч рублёў, якія сьледзтва палічыла хабарам. Грошы перадаваліся з рук у рукі, звычайна падчас сустрэч у аўтамабілі. 3 траўня Ўладзімера Забродзкага затрымалі на аўтастаянцы пасьля сустрэчы зь Сяргеем Калесьнікавым. З таго часу экс-гендырэктар пад вартай.

Забродзкі: «Віны не прызнаю»

Уладзімер Забродзкі сваёй віны ў атрыманьні хабару на сьледзтве не прызнаў і працягвае абараняцца ў судзе. Паводле яго, з контрагентамі, у тым ліку зь фірмай «Сьвет піва», у ягонай арганізацыі сапраўды часта ўзьнікалі праблемы, бо не хапала грошай для тэрміновых разьлікаў за пастаўкі тавараў. Але, сярод іншага, запазычанасьці ўзьнікалі таму, што і «Белкаапзьнешгандлю» некаторыя фірмы былі вінныя грошы. У выніку больш за 2 тысячы гандлёвых дамоваў былі цягам 2015–2016 гадоў перазаключаныя, зь некаторымі пастаўшчыкамі даводзілася судзіцца, з адных дамагацца даўгоў, іншым — вяртаць, пералічваў праблемы Ўладзімер Забродзкі. Каб выкруціцца, некаторым пастаўшчыкам тавараў, перад якімі ўзьніклі запазычанасьці, «Белкаапзьнешгандаль» мог даць магчымасьць атрымліваць грошы наўпрост ад тых, хто быў вінен яму, расказаў падсудны.

Паводле Забродзкага, фірма «Сьвет піва» пастаўляла ў гандлёвыя пункты Белкаапсаюзу піва і пітную ваду паводле дамовы з пэўнымі асаблівасьцямі: фірма сама вызначала попыт на свае тавары і гэтак рэгулявала памер паставак.

«У 2016 годзе сытуацыя склалася гэтак, што мы мусілі ўпрошваць пастаўшчыкоў не адмаўляцца ад супрацы з намі», — тлумачыў суду Забродзкі асаблівасьці дачыненьняў зь «Сьветам піва».

Забродзкі ў клетцы размаўляе з адвакатам і адварочваецца ад камэр
Забродзкі ў клетцы размаўляе з адвакатам і адварочваецца ад камэр

Паводле экс-гендырэктара, з прадстаўніком фірмы «Сьвет піва» Сяргеем Калесьнікавым у яго былі «чыста службовыя» стасункі. Але ў судзе прагучала, што падсудны нібыта недакладна разумеў, з кім мае справу.

«Калесьнікаў заўсёды называўся прадстаўніком фірмы „Сьвет піва“, але толькі на сьледзтве я даведаўся, што ён афіцыйна ўжо там не працаваў, а быў індывідуальным прадпрымальнікам і працаваў ад імя фірмы паводле дамовы», — сказаў суду Забродзкі.

Падсудны прыгадаў, што сустрэчы зь Сяргеем Калесьнікавым адбываліся ў офісе на вуліцы Бабушкіна ці на Веласіпедным завулку, звычайна ў будзённыя дні, аднойчы ў выходны.

«Яму было так зручней, мне таксама. Сустрэчы тычыліся выключна працы. Я разумеў, што „Сьвет піва“ — адзін з такіх пастаўшчыкоў, якіх трэба было для нас абавязкова захаваць, і падладжваўся пад ягоныя прапановы аб сустрэчах», — тлумачыў падсудны.

Доказам таго, што ён не аказваў фірме «Сьвет піва» дадатковых прэфэрэнцый, Уладзімер Забродзкі прапанаваў лічыць наступную акалічнасьць.

Увесну 2017 году «Белкаапзьнешгандаль» узяў банкаўскі крэдыт у 2,5 мільёна рублёў пад заклад апошняй сваёй нерухомасьці ў Горадні. «На той момант у нас была запазычанасьць перад фірмай „Сьвет піва“ 0,3 мільёна рублёў. Я мог бы яе цалкам закрыць з тых грошай, але гэтага не зрабіў. У траўні, калі мяне арыштавалі, запазычанасьць вырасла да 700 тысяч рублёў. Гэта значыць, наша запазычанасьць перад „Сьветам піва“, наадварот, павялічылася». Маўляў, за што ж браць хабар?

Пры гэтым Уладзімер Забродзкі прызнаў, што мог папрасіць у Калесьнікава грошы ў прыватным парадку, бо меў асабістыя фінансавыя праблемы.

«Я будаваў новую кватэру, а старая ніяк не прадавалася», — сказаў былы гендырэктар «Белкаапзьнешгандлю».

Перад пачаткам суду Ўладзімер Забродзкі адварочваўся ад тэле- і фотакамэр, калі журналісты спрабавалі зьняць ягоны твар. Гэта працягвалася, пакуль на загад судзьдзі Анатоля Барысёнка апэратары і фотакарэспандэнты ня выйшлі з судовай залі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG