Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускіх журналістаў не запрасілі ў антыкарупцыйнае расьсьледаваньне


У расьсьледаваньні бралі ўдзел журналісты з 80 краін сьвету, але беларусаў сярод іх, хутчэй за ўсё, няма. Менавіта таму невядома, ці фігуруюць у афшорных схемах панамскай юрыдычнай фірмы беларускія палітыкі і бізнэсоўцы.

Вялізны масыў канфідэнцыйных дакумэнтаў, які апынуўся ў распараджэньні найбуйнейшых сусьветных СМІ, праліў сьвятло на тое, як багатыя і моцныя гэтага сьвету выкарыстоўваюць афшорныя кампаніі дзеля таго, каб схаваць сваё багацьце.

11 мільёнаў дакумэнтаў, пра якія ідзе гаворка, належаць адной з самых засакрэчаных кампаніяў у сьвеце — панамскай юрыдычнай фірме Mossack Fonseca.

Гэтыя дакумэнты (#panamapapers) апавядаюць пра тое, як Mossack Fonseca ў шэрагу выпадкаў дапамагала кліентам адмываць грошы, пазьбягаць санкцыяў і ўцякаць ад падаткаў.

У іх утрымліваюцца спасылкі на 72 цяперашніх і былых кіраўнікоў дзяржаў, у тым ліку дыктатараў, якія абвінавачваюцца ў рабаваньні сваіх краін. У паперах утрымліваецца інфармацыя пра дзейнасьць Mossack Fonseca за апошнія 40 год.

У прыватнасьці, гаворка вядзецца пра зьдзелкі, праведзеныя ў інтарэсах: прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна, прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі, бацькі прэмʼер-міністра Вялікабрытаніі Дэвіда Кэмэрана, чальцоў Палітбюро ЦК Камуністычнай партыі Кітая, прэмʼер-міністра Ісьляндыі Сыгмюндзюра Давіда Гюнлёйгсана, дзяцей прэзыдэнта Азэрбайджану Ільхама Аліева, сына былога прэзыдэнта Эгіпту Хосьні Мубарака, дзяцей прэмʼер-міністра Пакістану Наваза Шарыфа, чыноўнікаў ФІФА, футбаліста Ліянэля Мэсі ды іншых.

Дакумэнты трапілі ў распараджэньне нямецкай газэты Süddeutsche Zeitung, якая падзялілася імі зь Міжнародным кансорцыюмам журналістаў-сьледчых (ICIJ).

Нягледзячы на тое, што ў расьсьледаваньні бралі ўдзел журналісты з 80 краін сьвету, беларусаў сярод іх, хутчэй за ўсё, няма. Так мяркуе незалежны журналіст Сяргей Сацук, які спэцыялізуецца на праблемах барацьбы з карупцыяй.

Сяргей Сацук
Сяргей Сацук

«Да мяне пэрсанальна гэтая арганізацыя не зьвярталася. І я ня маю зьвестак пра тое, каб хто зь беларускіх журналістаў быў задзейнічаны ў расьсьледаваньні. Хоць звычайна зьвяртаюцца. Напрыклад, у нас даволі цесныя сувязі з украінскімі калегамі, таму яны часам зьвяртаюцца па дапамогу — гэта тычылася найперш выпадкаў, калі патрэбна была інфармацыя датычна Беларусі. Але ніхто не зьвяртаўся. Гэтае міжнароднае расьсьледаваньне праводзілася, верагодна, пры дапамозе дацкага фонду падтрымкі журналісцкіх расьсьледаваньняў SCOOP. Гэты фонд мае вялікую сетку журналістаў і каапэруе іх у розных краінах. Відавочна, што яны проста палічылі, што няма неабходнасьці падключаць да расьсьледаваньня беларусаў».

Што да апублікаваных матэрыялаў, то Сяргей Сацук лічыць, што яны маюць вялікае значэньне толькі тады, калі ўтрымліваюць прынцыпова новую інфармацыю:

«Калі там проста дадзеныя, якія нейкім чынам фігуравалі раней, але цяпер сыстэматызаваныя і прыведзеныя ў адно, — то тут нельга казаць пра вялікі ўдар па людзях, якіх яны закранаюць. Калі ж там новая інфармацыя — тады іншая справа».

Сяргей Сацук таксама сказаў, што расьсьледаваньне буйных карупцыйных схемаў, напрыклад, у Беларусі — гэта вельмі дарагая справа. Трэба, каб 200 чалавек працавалі поўны працоўны дзень цягам некалькіх месяцаў.

«Выходзіць, што гэтых журналістаў трэба адарваць ад іх сталага месца працы. Зразумела, што за гэта трэба плаціць журналістам заробкі. Да таго ж падчас падобных расьсьледаваньняў неабходна рабіць юрыдычную экспэртызу — каб граматна прачытаць дакумэнты, пазьбегнуўшы судовых рызыкаў. Гэта вельмі вялікія грошы.

Раней беларускія журналісты атрымлівалі міжнародную дапамогу для правядзеньня расьсьледаваньняў, але цяпер гэтага няма».

Тое, што беларускія незалежныя журналісты ня бралі ўдзелу ў расьсьледаваньні датычна панамскай юрыдычнай фірмы Mossack Fonseca, пацьвердзіў прэс-сакратар Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі:

«Такой інфармацыі праз БАЖ не праходзіла. Разам з тым бывае, што нехта бярэ ўдзел у расьсьледаваньні, не афішуючы гэты факт. Найперш дзеля бясьпекі, а таксама для таго, каб захаваць доступ да сваіх крыніц інфармацыі».

Міжнародны кансорцыюм журналістаў-сьледчых быў створаны ў ЗША ў 1997 годзе. Зь ім супрацоўнічаюць больш за 190 рэпартэраў з 65 краін сьвету.

Матэрыялы ICIJ публікуюцца ў СМІ-партнэрах кансорцыюму, сярод якіх — вядучыя сусьветныя мэдыя-арганізацыі, у тым ліку Бі-бі-сі.

У мінулым ICIJ публікаваў расьсьледаваньні пра сакрэтныя рахункі ў швайцарскіх банках, пра тое, як найбуйнейшыя сусьветныя кампаніі ўцякаюць ад падаткаў, выкарыстоўваючы заканадаўства Люксэмбургу.

ICIJ праводзіць ня толькі фінансавыя расьсьледаваньні. На сайце арганізацыі таксама апублікаваныя матэрыялы пра тое, як тытунёвыя кампаніі лабіруюць урады краін, якія разьвіваюцца, пра драпежніцкае і незаконнае рыбалоўства ў глябальных маштабах, а таксама на іншыя тэмы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG