Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі рубель будзе рухацца па траекторыі рубля расейскага


Па выніках таргоў на Беларускай валютна-фондавай біржы даляр умацаваўся адразу на 190 рублёў. З улікам 2-працэнтнага калідора, вызначанага Нацыянальным банкам для куплі і продажу замежнай валюты, цяпер абменныя пункты могуць прымаць даляры ад насельніцтва па 15 400 рублёў максымум. Але ахвотных пазбавіцца ад амэрыканскіх грошай па-ранейшаму нашмат меней, чым тых, хто хоча канвэртаваць беларускія рублі.

Ад Новага году беларускі рубель у валютным кошыку атрымаў 40-працэнтную прывязку да рубля расейскага, тым часам як долі даляра і эўра прапарцыйна ўрэзаныя да 30% кожная. Але на фоне стабільна нізкага кошту нафты на ўсясьветных рынках расейская валюта вагаецца ў межах 65 за даляр і 75 за эўра, цягнучы за сабой і грашовую адзінку саюзьніка. Наколькі мэтазгодна прывязвацца да расейскага рубля ў такой сытуацыі? Меркаваньне выказвае эканамічны аглядальнік Зьміцер Заяц:

«З аднаго боку, такія захады Нацыянальнага банку апраўданыя, асабліва ўлічваючы той факт, што, паводле дадзеных Міністэрства эканомікі, беларуская эканоміка надзвычай залежная ад Расейскай Фэдэрацыі. Згодна з гэтымі ведамствамі, валавы ўнутраны прадукт Беларусі напалову залежыць ад Расеі. Калі зыходзіць з такога пункту гледжаньня, то большая прывязка да расейскага рубля наагул выглядае лягічнай. Іншая справа, што ручное кіраваньне курсам, нягледзячы на такую прывязку, усё роўна будзе захоўвацца — з улікам хоць бы пераліку задачаў, пастаўленых перад урадам і Нацбанкам».

Як лічыць кіраўнік эканамічнага парталу probusiness.by Віталь Валянюк, сьвядомая прывязка беларускай эканомікі да ўсходняй суседкі вымушае прымаць умовы, якія дыктуе Масква. А гэта азначае, што курс беларускага рубля будзе вымушаны рухацца па той жа траекторыі, як і рубель расейскі:рад

Віталь Валянюк
Віталь Валянюк

«Відавочна, што тэмпы дэвальвацыі расейскага рубля да даляра ў параўнаньні з пачаткам 2014 году вышэйшыя, чым тэмпы дэвальвацыі рубля беларускага. Гэта значыць, што з-за курсавога фактару (хоць курс беларускага рубля ад Новага году таксама зьмяніўся) да гэтага часу беларускія вытворцы сутыкаюцца з тым, што іх канкурэнтаздольнасьць на расейскім рынку зьнізілася. Улічваючы, што для бальшыні нашых прадпрыемстваў Расея — асноўны гандлёвы партнэр, курс беларускага рубля павінен ісьці па той жа ці блізкай траекторыі, што і расейскі рубель. Гэта аб’ектыўная рэальнасьць, і дзеяньні Нацбанку, хутчэй, адзіна магчымыя ў гэтай сытуацыі. Таму нашы экспэрты, экспэрты парталу probusiness.by прагназуюць: бліжэйшым часам курс беларускага рубля будзе ісьці па той жа траекторыі, што і расейскі рубель, збліжацца зь ім».

Ва ўмовах эканамічнай няпэўнасьці попыт на даляры, эўра, нават расейскія рублі перавышае магчымасьці банкаў яго падтрымліваць. Безвыходная сытуацыя штурхае людзей шукаць валюту на чорным рынку, дзе курс вагаецца ў межах 16 000 — 18 000 рублёў за даляр, але існуе рэальная пагроза пакараньня за незаконныя валютныя апэрацыі.

Аляксандар Муха
Аляксандар Муха

Фінансавы аналітык дасьледчай групы BusinessForecast.by Аляксандар Муха спадзяецца, што ў агляднай будучыні ажыятаж усё ж удасца суцішыць. Як пацьвярджаюць у банкаўскіх установах, пакуль валюта прадаецца выключна з абароту, але ўжо ад лютага плянуецца праводзіць «падмацаваньне» абменных пунктаў:

«Асобнае пытаньне — па дэвальвацыйных чаканьнях. Я ўсё ж схіляюся да таго, што яны ў бліжэйшыя месяцы крыху зьнізяцца — і ў эканоміцы, і ў грамадзтве. Адпаведна, я спадзяюся, што, хутчэй, адбудзецца зьніжэньне чыстага попыту на замежную валюту (попыту за выняткам прапановы замежнай валюты) з боку фізычных асобаў. Іншымі словамі, калі насельніцтва на чыстай аснове будзе купляць менш валюты, значыць, у гэтым выпадку зьнізіцца ціск на абменны курс беларускага рубля і золатавалютныя рэзэрвы Беларусі. Таму асабіста я прытрымліваюся ня тое што аптымістычнага сцэнару, — проста мяркую, што больш імаверным варыянтам выглядае плаўная дэвальвацыя. Праўда, зноў жа, шмат што будзе залежаць і ад зьнешнеэканамічнай дзейнасьці».

Тым часам па выніках сёньняшніх біржавых таргоў эўра і расейскі рубель на тле беларускіх грошай неістотна, але патаньнелі. Як лічаць экспэрты фінансавага парталу infobank.by, ваганьні эўрапейскай і расейскай валютаў зьвязаныя найперш з палітычнай нестабільнасьцю ў рэгіёне.

Так, на курсе эўра адбіваецца перамога на выбарах у Грэцыі парлямэнцкай апазыцыі, якая мяркуе адмовіцца ад рэжыму жорсткай эканоміі, што ставіць пад пагрозу стабільнасьць эўразоны. На расейскі рубель уплываюць нафта, кошт якой зноў пайшоў уніз, а таксама імавернасьць пашырэньня заходніх санкцыяў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG