Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь без Лукашэнкі: дэлукашэнізацыя


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Хацеў бы працягнуць дыскусію, якую пачалі мае калегі Сяргей Дубавец і Юры Дракахруст пра лёс Беларусі пасьля Лукашэнкі.

Вось Юры Дракахруст параўнаў беларускую сытуацыю з туркмэнскай. Калі прагназаваць такі ход падзей, як у Туркмэніі, то адзінае пытаньне, якое ўзьнікае, — гэта прозьвішча пераемніка. У такім выпадку варта было б даведацца, хто зубны доктар Аляксандра Рыгоравіча. (Як вядома, Бэрдымухамэдаў быў стаматолягам Туркмэнбашы).

З вуснаў аднаго палітоляга я чуў думку, што калі на зьмену дзейнаму кіраўніку прыйдзе ягоны сын Віктар, то на ягоным фоне Аляксандар Рыгоравіч будзе выглядаць лібэралам, а пэрыяд ягонага кіраваньня мы палічым за разгул дэмакратыі. І тут можна правесьці паралель з палітыкай бацькі і сына Аліевых у Азэрбайджане.

Я б параўнаў сытуацыю, якая ўзьнікне тады, калі Лукашэнкі на чале краіны раптам ня стане, з тым пэрыядам савецкай гісторыі, калі памёр Сталін. Сталінскі рэжым, гэтаксама як і цяперашні беларускі, быў пэрсаналісцкім, рэжымам асабістай улады.

Тады, у 1953 годзе, пачалася жорсткая барацьба за ўладу. І яе першай ахвярай стаў Лаўрэнцій Берыя. Паплечнікі Сталіна абвінавацілі яго ня толькі ў тым, што той быў, як і належыць, ворагам народа і ангельскім шпіёнам, але і ў тым, што ён пачаў рэвізію сталінскай палітычнай спадчыны. І гэта сапраўды было так. Берыя першым пачаў разбураць ГУЛАГ, правёў амністыю, крытыкаваў Сталіна за няправільныя мэтады правядзеньня калектывізацыі і інш.

Потым настала чарга кіраўніка ўраду, паўафіцыйнага пераемніка Сталіна — Георгія Малянкова. Ён таксама пачаў праводзіць рэформы, зьнізіў сельгаспадатак, выступіў супраць прывілеяў намэнклятуры, за большую ўвагу да лёгкай прамысловасьці. І быў абвінавачаны Хрушчовым у адступленьні ад сталінскага курсу.

Ну, а потым сам Мікіта Хрушчоў стаў галоўным змагаром з «культам асобы» Сталіна. ХХ зьезд партыі, вынас цела «правадыра народаў» з маўзалея і іншае.

То бок ідэя дэсталінізацыі насілася ў паветры. І кожны з нашчадкаў правадыра, хто хацеў стаць першай асобай у СССР, інтуітыўна ішоў гэтым шляхам, бо разумеў, што здабыць падтрымку грамадзтва і дзяржапарату можна, толькі рухаючыся ў гэты бок. Ніхто не прапаноўваў закручваць гайкі.

Цяжка ўявіць, што калі ва ўладзе ня стане Лукашэнкі, то яе перахопяць дэмакратычныя сілы

Але вернемся да Беларусі. Цяжка ўявіць, што калі ва ўладзе ня стане Лукашэнкі, то яе перахопяць дэмакратычныя сілы. Хутчэй за ўсё, дзяржаву ачоліць хтосьці з намэнклятуры.

Дык вось, па аналёгіі з постсталінскім пэрыядам, у палітычным паветры будзе насіцца ідэя дэлукашэнізацыі. І любы з нашчадкаў цяперашняга кіраўніка будзе вымушаны ўзяць курс на лібэралізацыю. Можна спрачацца наконт маштабаў і тэмпаў гэтага працэсу, але іншага варыянту разьвіцьця краіны я ня бачу і не прагназую.

Бо Лукашэнка зайшоў так далёка па шляху абдзяржаўліваньня эканомікі, што гэта ўжо цяпер выклікае нараканьні ў асяродзьдзі кіроўнай эліты. Ён некалькі разоў папракаў урад Мясьніковіча за схільнасьць да рынкавых мэтадаў.

Намэнклятура сама цярпіць ад рэпрэсіяў ня менш, чым апазыцыя. Таму яна б хацела для сябе нейкай сыстэмы гарантыяў, што немагчыма ва ўмовах пэрсаналісцкай дыктатуры. Усе будуць разумець, што курс на ўзмацненьне дыктатарскага рэжыму ці нават на захаваньне статус-кво — гэта тупік. Усё ж хочацца спадзявацца, што Беларусь трохі адрозьніваецца ад краін Цэнтральнай Азіі і нават ад Азэрбайджану.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG