Аналітычны праект Best Countries, які складаюць супольна выданьне U.S. News & World Report, кампанія BAV Consulting і Ўортанская школа пры ўнівэрсытэце Пэнсыльваніі, апублікаваў рэйтынг найлепшых краінаў для жыцьця ў 2017 годзе.
Раней Беларусь не была прадстаўленая ў рэйтынгу, што ахоплівае прыблізна палову краінаў сьвету. Сёлета яна трапіла на 70-е месца сярод 80 прадстаўленых краінаў.
Найлепшымі краінамі названыя Швайцарыя, Канада, Вялікая Брытанія, Нямеччына, Японія, Швэцыя, ЗША, Аўстралія, Францыя і Нарвэгія.
У рэйтынгу на падставе вынікаў апытаньняў тысяч людзей і меркаваньняў дасьледчыкаў ацэньваюцца якасьць жыцьця і карыснасьць грамадзянства, палітычны і культурны ўплыў краіны, сусьветная спадчына краіны, адкрытасьць для бізнэсу і прадпрымальніцтва, тэмпы разьвіцьця і прыдатнасьць краіны для забаў і прыгод. Суседзямі Беларусі ў суме названых вышэй парамэтраў названыя Гана і Азэрбайджан (68-е і 69-е месцы), Казахстан і Балівія (71-е і 72-е месцы). Украіна заняла 73-е месца (летась мела 59-е з 60), астатнія ж суседзі абагналі Беларусь. Расею паставілі на 27-е месца (пераважна праз уплыў у сьвеце, тэмпы разьвіцьця і спадчыну), Польшчу — на 31-е і Латвію — на 60-е (абедзьве ўпершыню ў рэйтынгу, таксама як Беларусь), а Літву не разглядалі ў ліку 80 краінаў.
Што кажуць пра Беларусь
Пра Беларусь укладальнікі рэйтынгу пішуць, што яна церпіць моцны ўплыў Крамля, але не зрабіла сурʼёзных крокаў у абвешчанай палітычнай інтэграцыі з Расеяй. Згадваецца, што Лукашэнку называлі «апошнім дыктатарам Эўропы», адзначаецца самы нізкі эканамічны рост сярод краінаў сьвету.
Па ўсіх паказьніках Беларусь ня мае высокіх пазыцыяў. Але, напрыклад, праз вайсковую моц і саюз з Расеяй паводле палітычнага ўплыву яна называецца 32-й з 80, вышэй за ў тым ліку Польшчу, Аўстрыю і Фінляндыю. Магчымасьць павесяліцца ў Беларусі ацэненая ў 0,6 бала зь 10, ежа — у 0,4 зь 10, клімат — у 0,3 зь 10.