Місія Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) АБСЭ па назіраньні за парлямэнцкімі выбарамі ў Беларусі плянуе працаваць у тым жа фармаце, што і на прэзыдэнцкіх выбарах 2015 году, паведаміла кіраўніца місіі Каятана дэ Зулюэта Аўтрам (Tana de Zulueta) журналістам у Менску.
«Місія арганізаваная гэтак жа, як і місія 2015 году, з аналягічнымі лічбамі па колькасьці назіральнікаў», — цытуе яе «Інтэрфакс».
Па выніках прэзыдэнцкіх выбараў 2015 года місія прадставіла справаздачу, у якой назвала выбары недэмакратычнымі: напрыклад, адзначалася, што ЦВК не апублікавала агульную колькасьць надрукаваных і выдадзеных бюлетэняў, па выніках падліку галасоў траціна назіральнікаў паведамілі пра «сур’ёзныя працэдурныя памылкі або недагляды, уключна з фальсыфікацыяй вынікаў выбараў», некаторыя з тэрытарыяльных выбарчых камісіяў адклалі зьвядзеньне вынікаў галасаваньня на наступны дзень «бяз пэўных на тое прычын».
Місія будзе назіраць за парлямэнцкімі выбарамі на прадмет іх адпаведнасьці абавязаньням у межах АБСЭ, іншым міжнародным абавязаньням і стандартам дэмакратычных выбараў, а таксама заканадаўству Рэспублікі Беларусь.
Назіральнікі будуць сачыць за працэсамі рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты і выбарцаў, агітацыйнымі мерапрыемствамі, працай выбарчай адміністрацыі і адпаведных урадавых органаў, ужываньнем выбарчага заканадаўства, а таксама разглядам зьвязаных з выбарамі скаргаў.
«У ходзе назіраньня мы будзем сустракацца з прадстаўнікамі дзяржаўных органаў і палітычных партыяў, з кандыдатамі ў дэпутаты, з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці Беларусі, міжнароднай супольнасьці, СМІ, выбарчымі адміністрацыямі і назіральнікамі», — сказала кіраўніца місіі БДІПЧ АБСЭ.
У дзень выбараў назіральнікі місіі будуць сачыць за адкрыцьцём выбарчых участкаў, ходам галасаваньня, падлікам бюлетэняў і падвядзеньнем вынікаў.
«Для ажыцьцяўленьня назіраньня ў дзень выбараў місія плянуе аб’яднаць намаганьні з дэлегацыямі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ і Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы», — сказала Каятана дэ Зулюэта Аўтрам.
Заява аб папярэдніх высновах будзе апублікаваная на наступны дзень пасьля выбараў. Выніковы даклад, у які ўвойдуць і рэкамэндацыі, плянуецца апублікаваць прыкладна праз два месяцы пасьля завяршэньня выбарчага працэсу, сказала кіраўніца місіі.
«Прамежкавая справаздача зьявіцца прыкладна ў апошні тыдзень жніўня. МЗС Беларусі будзе першым атрымальнікам гэтага дакумэнту», — дадала яна.
Місія БДІПЧ АБСЭ афіцыйна пачала працу па назіраньні за парлямэнцкімі выбарамі ў Беларусі 2 жніўня.