Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«За справядлівыя выбары» судзіцца зь Мін’юстам за афіцыйны статус


Ілюстрацыйнае фота. Сяргей Калякін выступае падчас канфэрэнцыі кааліцыі "За свабодныя і справядлівыя выбары", 2013 год
Ілюстрацыйнае фота. Сяргей Калякін выступае падчас канфэрэнцыі кааліцыі "За свабодныя і справядлівыя выбары", 2013 год

3 жніўня аб 11.00 у Вярхоўным судзе пачнецца працэс, на якім Сяргей Калякін, Валер Ухналёў і Віктар Карняенка аспрэчваюць рашэньне Міністэрства юстыцыі не рэгістраваць праваабарончае аб’яднаньне «За справядлівыя выбары».

Устаноўчы сход аб’яднаньня прайшоў у траўні 2016 году. У ім узялі ўдзел 70 чалавек. Сустаршынямі праваабарончага грамадзкага аб’яднаньня абралі лідэра Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» Сяргея Калякіна і сябра палітрады Аб’яднанай грамадзянскай партыі Віктара Карняенку.

«Калі б у нас выконваўся закон, то Вярхоўны суд мусіў бы прызнаць, што адмова Мін’юста не адпавядае ніякім прававым нормам беларускага заканадаўства, ня кажучы ўжо пра міжнароднае. Мін’юст выстаўляе дзьве прэтэнзіі. Першая — тое, што на ўстаноўчым сходзе выступоўцы выказвалі думку пра тое, што для справядлівых выбараў неабходная зьмена ўлады. Таму Мін’юст зрабіў выснову, што наша мэта — гэта не кантроль за выбарамі, а зьмена ўлады. Другая прэтэнзія — тое, што абраны не старшыня, а два сустаршыні. Нібыта існуе нейкі дакумэнт, паводле якога павінна быць адна асоба, якая адказная за камунікацыю зь дзяржаўнымі органамі.

Я сумняюся, што Вярхоўны суд будзе выконваць закон. Хутчэй за ўсё, зноў спрацуе тэлефоннае права, і нас не зарэгіструюць. І гэта яшчэ адно пацьверджаньне таго, што словы ўлады пра свабодныя і чэсныя выбары — проста балбатня. Улады ня хочуць кантролю за выбарамі, а значыць — хочуць і далей іх фальсыфікаваць», — сказаў Сяргей Калякін.

Сяргей Калякін
Сяргей Калякін

Ён дадаў, што афіцыйная рэгістрацыя аб’яднаньня дазволіла б легальна працаваць з рознымі грамадзкімі арганізацыямі, мець большыя магчымасьці, каб вылучаць назіральнікаў на выбары.

Асноўная мэта аб’яднаньня «За справядлівыя выбары» — дамагчыся ад уладаў правядзеньня дэмакратычных электаральных кампаніяў, каб яны выконвалі свае ўнутраныя і міжнародныя абавязаньні.

Гэта будзе ўжо пятая спроба рэгістрацыі аб’яднаньня, папярэднія чатыры былі няўдалыя. На думку Сяргея Калякіна, улады адмаўлялі ў рэгістрацыі з палітычных матываў.

Аргкамітэт арганізацыі тройчы абскардзіў адмову ў рэгістрацыі ў Камітэце ААН па правах чалавека. У 2014 годзе камітэт прызнаў парушэньнем міжнародных нормаў рашэньне Міністэрства юстыцыі аб адмове ў рэгістрацыі аб’яднаньня «За справядлівыя выбары» ў 2011 годзе. Яшчэ дзьве скаргі камітэт цяпер разглядае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG