Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАЖ пра выбарчую кампанію: Увага да апазыцыі з боку дзяржаўных СМІ склала менш за 1%


Алесь Анціпенка, архіўнае фота
Алесь Анціпенка, архіўнае фота

Кампанія выбараў прэзыдэнта, якія адбыліся 11 кастрычніка, была надзвычай ціхая ў СМІ, заявіў кіраўнік групы маніторынгу ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Алесь Анціпенка, прадстаўляючы 22 кастрычніка выніковую справаздачу пра асьвятленьне выбараў у беларускіх СМІ.

Пра гэта піша БелаПАН.

Паводле Алеся Анціпенкі, гэта стала вынікам адсутнасьці рэальнай канкурэнтнай барацьбы і публічнага абмеркаваньня сур’ёзных эканамічных праблемаў, маргіналізацыі апанэнтаў рэжыму, а таксама цэнзураваньня крытычных выказваньняў выбарцаў на адрас дзейнага прэзыдэнта ў дзяржаўных мэдыях.

У выніковай справаздачы адзначаецца, што, у адрозьненьне ад прэзыдэнцкай кампаніі 2010 году, дзяржаўныя СМІ ўзмацнілі ўвагу да выбарчай тэматыкі, але не зьмянілі суадносіны эфірнага часу і плошчы, адведзеных прэтэндэнтам. У выніку па-ранейшаму дамінуючай фігурай быў дзейны прэзыдэнт.

Недзяржаўныя СМІ факусавалі сваю ўвагу галоўным чынам на асобах прэтэндэнтаў і іхніх праграмах. У параўнаньні зь іншымі альтэрнатыўнымі кандыдатамі найбольш газэтнай плошчы атрымала Тацяна Караткевіч. Цікавасьць да яе была зьвязаная, апрача іншага, і з канфліктам унутры апазыцыі наконт таго, падтрымліваць гэтага кандыдата ці не, адзначылі ў БАЖ.

У адрозьненьне ад дзяржаўных, недзяржаўныя СМІ былі арыентаваныя на асьвятленьне «як дзейнасьці кандыдатаў, так і апанэнтаў дзейнага рэжыму», перадае БелаПАН. Аднак, лічаць экспэрты БАЖ, яны не маглі паўплываць на характар выбарчай кампаніі ў краіне, што абумоўлена іх абмежаваным накладам і атмасфэрай перадвызначанасьці вынікаў выбараў.

Алесь Анціпенка: «Дзяржаўныя СМІ значна больш увагі аддалі выбарчаму працэсу. Калі вы паглядзіце на дыяграму, то вы ўбачыце, што 19,15% часу праграмы „Панарама“ аддадзена выбарам.

Яшчэ адна асаблівасьць гэтай выбарчай кампаніі — гэта тое, што практычна ўсе дзяржаўныя СМІ ацэньвалі альтэрнатыўных кандыдатаў ці нэўтральна, ці станоўча. Дзяржаўныя СМІ фактычна праігнаравалі апазыцыю — гэта яшчэ адна асаблівасьць. Увага да апазыцыі была менш як 1% у параўнаньні з астатнімі суб’ектамі маніторынгу.

Выбарчая кампанія ня мела інтрыгі і фактычна ацэньвалася самімі журналістамі як кампанія, вынікі якой вядомыя загадзя. Ніякага сюрпрызу ніхто з журналістаў не чакаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG