Удзень 18 верасьня невядомыя «людзі ў цывільным» затрымалі і зьвезьлі ў невядомым кірунку аргентынскага мастака Франчэска Басалеці падчас таго, як ён пачынаў маляваць мурал на будынку на вуліцы Рабкораўскай у межах фэстывалю Urban Myths. ДАІ таксама адагнала машыну-пад’ёмнік, якой карысталіся мастакі.
Прадстаўнік прэс-службы менскай міліцыі Аляксандар Ластоўскі паведаміў Радыё Свабода, што мастак знаходзіцца ў Кастрычніцкім РАУС. Ластоўскі сказаў, што высьвятляецца, ці ёсьць у яго неабходныя дакумэнты.
Пазьней БЕЛТА паведаміла, што мастака затрымалі праз адсутнасьць дазволу на нанясеньне малюнка. Ён быў дастаўлены ў пастарунак, а потым адпушчаны.
Як паведаміў Свабодзе журналіст Раман Пратасевіч, 18 верасьня якраз ішло ўзгадненьне працы Басалеці, паралельна з гэтым мастак пачаў працаваць.
Мастак і ягоны памочнік маюць два грамадзянствы, аргентынскае і італьянскае. У амбасадзе Італіі Свабодзе расказалі, што ведаюць пра здарэньне, але ня маюць шмат падрабязнасьцей. Амбасада можа вырашаць такія пытаньні толькі праз зварот у МЗС Беларусі, а гэта працяглы працэс, таму амбасада рэкамэндавала перадусім зьвяртацца ў міліцыю знаёмым Басалеці.
***
Басалеці прыдумаў канцэпцыю малюнку пасьля экскурсіяў па Менску і размовы зь менчукамі. Ён пабачыў Менск як жывое сэрца, якое і зьбіраўся намаляваць — але, як ён часта робіць у сваіх малюнках, не ў звычайных колерах, а ў інвэртаваных (то значыць, у нэгатыве), каб паказаць, што ня ўсё можна заўважыць зь першага погляду.