Судовую статыстыку, якая сьведчыць пра тэндэнцыі са злачыннасьцю цягам 2017 году, прывёў журналістам першы намесьнік старшыні Вярхоўнага суду Валер Калінковіч на прэсавай канфэрэнцыі.
Асуджаныя 43 000 чалавек, апраўданыя — 98
Паводле судовай статыстыкі, у параўнаньні з 2016 годам на 3,7% зьменшылася колькасьць асуджаных, хоць агульная лічба застаецца вялікай — больш за 43 тысячы чалавек. Зь іх 12 тысяч пазбавілі волі, абмежаваньне волі атрымалі амаль 8 тысяч, умоўнае пакараньне і адтэрміноўку пакараньня — амаль 3 тысячы, 98 асоб былі апраўданыя, у тым ліку трох апраўдалі па абвінавачаньні ў забойстве, 5 асоб прысудзілі да сьмяротнага пакараньня, 3 — да пажыцьцёвага зьняволеньня.
Узрост наркаманаў павялічваецца
Валер Калінковіч паведаміў, што меней стала асуджаных паводле артыкулаў, зьвязаных з абаротам наркотыкаў — на 18,5 працэнта. У апошнія гады адзначалася ня толькі пашырэньне распаўсюду наркотыкаў і псыхатропаў, але гучнейшай стала і крытыка таго, як вядзецца барацьба з гэтай зьявай. Ініцыятыва «Рух 328» абʼяднала маці асуджаных за наркотыкі маладых людзей, якія дамагаюцца перагляду прысудаў і выкананьня правоў гэтых асуджаных у месцах зьняволеньня.
Паводле апошніх зьвестак, летась больш як удвая зьменшылася колькасьць непаўналетніх, асуджаных за збыт наркотыкаў.
На 20% зьменшылася таксама колькасьць асобаў, якіх асудзілі за кіраваньне аўтамабілем у нецьвярозым стане або пад узьдзеяньнем наркотыкаў, сказаў Валер Калінковіч.
Хабарнікаў стала болей або іх часьцей ловяць?
Летась вырасла колькасьць карупцыйных злачынстваў.
694 асобы былі асуджаныя за карупцыю, што на 22% больш, чым у 2016 годзе. Статыстыка не дае адказу на пытаньне, ці гэта чыноўнікаў-карупцыянэраў стала больш, ці зь імі пачалі больш пасьпяхова змагацца.
Паводле справаздачы Вярхоўнага суду, 240 беларускіх чыноўнікаў кралі праз злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі, 154 атрымлівалі хабар, 126 — давалі хабар.
Справаздача Вярхоўнага суду была падрыхтаваная па-беларуску і па-расейску, на беларускамоўныя пытаньні Валер Калінковіч адказваў па-беларуску.