Лідчанін Артур Жук, малады супрацоўнік менскага заводу колавых цягачоў, чакае 16 кастрычніка суду за нецэнзурную лаянку на «Плошчы».
Жуку пагражае артыкул 17.1, «дробнае хуліганства», па якім яму могуць даць штраф памерам ад 2 да 30 базавых велічынь альбо пазбаўленьне волі на тэрмін да года. Ён распавёў Свабодзе, што прызнае сваю віну і спадзяецца на мяккі прысуд:
«Я выказаўся пару разоў нецэнзурна, і я гэта прызнаў. Тым больш што гэта ёсьць на відэа. Што будзе, я ня ведаю. На працы кажуць: „Не, працуй, усё нармальна“. Але амаль штодзень на нейкія перамовы водзяць, пытаюць, што, як, навошта, намякаюць, што кантракт наўрад ці працягнуць. Хвалююцца знаёмыя вельмі моцна, турбуюцца.
Я выказаў тое, што многія хацелі выказаць. Так, крыху перабольшыў у тым, што нецэнзурная лексыка вылецела, але сказаў тады тое, што думаў, тое ж думаю і цяпер. На акцыі нікога з палітыкаў не было, але яны і не патрэбныя ў прынцыпе: усё павінна быць у галовах у людзей, тады нешта будзе».
Увечары 11 кастрычніка падчас спантаннай вулічнай акцыі Артур пракамэнтаваў Свабодзе падчас відэатрансьляцыі меркаваньне адносна бел-чырвона-белага сьцяга як сьцяга паліцаяў: маўляў, гэта найперш сьцяг, пад якім Беларусь атрымала волю. Далей ён перайшоў да абмеркаваньня самой акцыі:
Увага, на відэа сустракаецца ненарматыўная лексыка!
«Мы павінны змагацца за дэмакратыю сваёй краіны да самага канца. Хай нас усіх перасадзяць. Што ён, перасадзіць усіх? Не, дыктатура мусіць памерці сёньня. Гэта галоўнае, што павінна быць у нашай краіне: дэмакратыя, свабода... Яе няма! Сёньня нашых іпэшнікаў прыцясьняюць, увесь народ прыцясьняюць. Мы пакутуем: дзе нашы зарплаты, дзе што? Мы будзем чакаць, пакуль увесь народ будзе сядзець у нізах, ня будзе грошай, і ён стане нязгодным, калі дыктатура ня зможа кіраваць намі — і будзе рэвалюцыя? Што мы, хочам паўтарыць Украіну? Не, мы хочам прыбраць яго цяпер, пакуль няма гэтай вайны. А вайна непазьбежная: калі нізы нязгодныя, а вярхі ня могуць кіраваць, то пачынаецца рэвалюцыя. Фідэль Кастра і Чэ Гевара ў 25 чалавек зрабілі рэвалюцыю ў краіне, бо нізы не былі згодныя. Сёньня паўтараецца менавіта тое самае. А пры гэтым мы ўсе маўчым, нас мала, што мы можам зрабіць? Мы можам толькі паразмаўляць, а потым прыедуць мянты і *** (паб’юць. — РС) нас дубінкамі. Выбачце за нецэнзурную лексыку, бо менавіта так і будзе. Яны прыедуць, памахаюць палкамі сваімі — мы можам дастаць свае палкі, усе мужыкі, і памахаць ім па вуснах. Ну, хай яны пакутуюць, што з гэтага будзе? <...> Ды хай (складаюць пратакол. — РС), я дастану свой *** і памахаю ім. Даруйце, калі ласка, але перапаўняюць эмоцыі. Бо хопіць гэтай *** (лухты. — РС)! Трэба выказвацца цэнзурна, але 21 год сядзець на чужым месцы — колькі можна? Прэзыдэнт не павінен столькі сядзець! Дай магчымасьць іншым, будзь прэм’ер-міністрам, езьдзі і зношвай іншых. Але калі ты ня можаш гэтага рабіць, ня хочаш з гэтым мірыцца, то годзе».