28-гадовы блогер Віктар Нікіценка сфатаграфаваўся каля Дому ўраду з самаробным плякатам «Лукашэнка пад трыбунал», быў затрыманы і, паводле ягоных слоў, зьбіты супрацоўнікамі праваахоўных органаў.
Пасьля гэтага суд яго аштрафаваў за несанкцыянаваны пікет, непадпарадкаваньне міліцыі і абразу судзьдзі.
Як распавёў Віктар Нікіценка Радыё Свабода, інцыдэнт меў месца 13 кастрычніка:
«Я вырашыў выказаць сваю грамадзянскую пазыцыю на плошчы, бо я лічу, што я вольны чалавек і магу гутарыць там, дзе пажадаю, і з тымі людзьмі, якія мне цікавыя.
Я прыйшоў на плошчу Незалежнасьці ў 13.30 13 кастрычніка, каб абмеркаваць Канстытуцыю Беларусі з маімі аднадумцамі па Фэйсбуку. На сустрэчу прыйшло два чалавекі. Мы гутарылі 15 хвілін.
Потым я хацеў сфатаграфавацца з нататнікам (дзе былі напісаныя словы „Лукашэнка пад трыбунал“) на фоне Дома ўраду. Да мяне падышоў міліцыянт, папрасіў дакумэнты. Я папрасіў яго прадставіцца, паказаць свае дакумэнты і патлумачыць, на якой падставе ён хоча атрымаць мае пэрсанальныя дадзеныя, аднак ён адмовіўся гэта зрабіць і пайшоў.
Мы таксама вырашылі сысьці і ўвайшлі ў мэтро ўтрох. Усьлед за намі пайшлі супрацоўнікі КДБ, таму што ўсе 15 хвілін, што мы былі на плошчы, нас здымалі на камэру людзі ў цывільным.
Мы спусьціліся ў пераход і на прыступках, дзе гандлёвы цэнтар „Сталіца“, мяне схапілі за рукі і пачалі цягнуць на другі бок пераходу. Я супраціўляўся, не даваў сябе цягнуць, патрабаваў дакумэнты. Яны дацягнулі мяне да першага мікрааўтобуса, паклалі на падлогу», — распавёў Свабодзе блогер.
Двое сяброў Віктара, якія разам зь ім выйшлі на плошчу Незалежнасьці — Алесь Папок і Сяргей Таўстой — затрыманыя не былі.
Нікіценка сьцьвярджае, што ў мікрааўтобусе на яго чынілі маральны ціск — ад абразаў да пагроз. Паводле ягоных слоў, супрацоўнікі праваахоўных органаў забралі ў яго тэлефон і фотаапарат і выдалілі ўсе запісы.
Далей, кажа Нікіценка, яго даставілі ў аддзяленьне міліцыі, дзе пратрымалі каля 1,5 гадзіны. Па сьцьвярджэньні блогера, супрацоўнікі міліцыі яго абражалі, спрабавалі атрымаць тлумачэньні, але тлумачэньні ён даваць адмаўляўся. Пасьля гэтага яго павезьлі ў суд Маскоўскага раёну Менску.
«Калі нас прывезьлі, мы яшчэ некаторы час чакалі каля будынку суду ў аўтобусе. Яны мяне зноў абражалі. А я сказаў: „Вы — рабы. Будзе нас 300 тысяч на Плошчы — будзеце поўзаць перад намі“.
Кіроўца выйшаў з-за руля, адкрыў бус і сказаў, каб я зьняў акуляры. Я зьняў акуляры, і ён пачаў мяне біць па твары — не кулаком, а далоньню, каб сьлядоў не заставалася. Я б не сказаў, што балюча было, але непрыемна.
Мяне раззлавала гэта, і галавой ударыў яму ў нос. Ён мяне закруціў, заціснуў маю галаву паміж ног і пачаў біць па нырках, па сьпіне правай рукой. Ён мяне трымаў у такой паставе хвілін пяць, пасьля чаго адпусьціў. І такі паказвае свой нос з ваткай: „Ты бачыш, што ты мне зрабіў?“. Ну, я прамаўчаў — сам жа нарваўся.
Потым на судзе мне прысудзілі 20 базавых велічынь за несанкцыянаваны пікет, плюс 30 базавых за непадпарадкаваньне супрацоўніку міліцыі, і плюс яшчэ нейкі штраф — ці то я там нахаміў судзьдзі, ці то голас павысіў», — распавёў блогер.
Нікіценка яшчэ ня зьняў пабоі, але плянуе:
«Прайшло два дні, пабоі яшчэ не сышлі, боль таксама. Таксама я пляную напісаць скаргу ў Генэральную пракуратуру. А яшчэ ў мяне адмовіліся браць заяву ў міліцыю — на наступны дзень, ноччу, я зайшоў у аддзяленьне міліцыі каля вакзалу „Менск-Пасажырскі“, але ў мяне адмовіліся браць заяву», — кажа ён.
Нікіценка дадаў, што раней браў удзел ва ўсіх вулічных акцыях у верасьні-кастрычніку, якія праводзіў Мікалай Статкевіч пасьля свайго вызваленьня.