У Армэніі працягваецца жалоба па ахвярах генацыду, масавы пачатак якога быў пакладзены ў 1915-м. За некалькі наступных гадоў загінулі паўтара мільёна армянаў, якія жылі ў заходняй частцы тагачаснай Асманскай імпэрыі.
Тысячы неабыякавых людзей з розных краінаў сьвету нясуць кветкі да мэмарыялу на ўзвышшы Цыцэрнакабэрд («Крэпасьць ластаўкі») у Ерэване, дзе ўсталяваная 40-мэтровая памятная стэла. І хоць двойчы на дзень кветкавы курган прыбіраюць, ён імкліва аднаўляецца. Унутры пастамэнту, падзеленага на 12 плітаў — па колькасьці правінцыяў, дзе адбывалася татальнае вынішчэньне армянаў — гарыць вечны агонь, а ў падземным ярусе працуе музэй, экспазыцыю якога абнавілі да сотай гадавіны трагічных падзеяў.
На подступах да комплексу лунаюць сьцягі двух дзясяткаў дзяржаваў, улады якіх прызналі перасьлед армянскага насельніцтва першым у ХХ стагодзьдзі прыкладам непрыхаванага генацыду. Тут жа раскінулася алея, дзе вышэйшыя кіраўнікі саджаюць дрэвы ў памяць шматлікіх ахвяраў этнічных «чыстак». Ёсьць на тэрыторыі і беларускі сьлед — у 2006 годзе імянную ялінку тут пасадзіў тагачасны прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Сідорскі.
Чаму, нягледзячы на шматлікія факты зьнішчэньня як вайскоўцаў, так і мірных людзей, міжнародная супольнасьць досыць квола рэагуе на армянскую трагедыю?
70-гадовы Разьмік Арзуян — этнічны армянін. Нарадзіўся ён у Іране, а вучыўся ў Нямеччыне, дзе атрымаў вышэйшую мастацкую адукацыю. Апроч маляваньня, займаецца разьбой па дрэве, уласнымі рукамі абсталяваў гасьцявы дом «Дараванд» у Дыліжане, дзе 10 апошніх гадоў жыве з жонкай Мэрынэ. Спробы ня бачыць відавочных рэчаў параўноўвае зь «бізнэс-палітыкай»:
«Прычына цяперашняга неакрэсьленага стаўленьня да генацыду, на мой погляд, у тым, што вялікія палітыкі гуляюць у свае вялікія закулісныя гульні. Цяпер нават ня так важна, правільна тое было ці не, перасьледавала рашэньне вынішчыць армянаў нейкую мэту ці адбылося спантанна. Галоўнае — сам факт. Калі нават нічога і не было, як да гэтага часу сьцьвярджаюць у Турэччыне, чаму столькі армянаў апынулася па-за межамі сваёй Радзімы? Я ўжо не кажу пра ахвяраў. Так, усё гэта прайшло, мінуў час, але кропкі не пастаўленыя...».
Разьмік Арзуян ня верыць, што пры ягоным жыцьці генацыд армянаў будзе прызнаны як бясспрэчны факт. Асноўная прычына — моц лабістаў Анкары, якія маюць істотную вагу на міжнароднай арэне. Тры мільёны армянаў, што пражываюць на цяперашняй тэрыторыі Армэніі, мала што могуць супрацьпаставіць 75 мільёнам туркаў:
«Адносіны Турэччыны і Армэніі зайшлі ў тупік. Калі турэцкія ўлады прызнаюць тое, што генацыд быў, што гэта ўсяго толькі канстатацыя факту, калі яны папросяць прабачэньня ў народу Армэніі (пра нейкія рэпарацыі, чаго так баяцца ў Анкары, гаворка нават не ідзе), то ўсё ўрэшце наладзіцца. Але цяпер гэта выкарыстоўваецца як элемэнт палітычнай гульні. Чатыры амэрыканскія прэзыдэнты, перад тым як іх абралі, абяцалі, што прызнаюць генацыд армянаў. Але ніводзін зь іх гэтага так і не зрабіў. Чаму? Таму што ў ЗША трывалыя бізнэс-адносіны з Турэччынай. І калі ня могуць пазбавіцца такой „залежнасьці“ амэрыканцы, то што ўжо казаць пра іншых? На маю думку, маё пакаленьне ня будзе мець нармальных адносінаў з туркамі».
Суразмоўца кажа, што ад раньняй маладосьці марыў прыехаць на зямлю продкаў, але за часамі СССР рэалізаваць мару было складана з прычыны шматлікіх палітычных бар’ераў. Пасьля развалу СССР і ўмацаваньня ісламісцкіх сілаў у Іране такая магчымасьць нарэшце выкрышталізавалася сама сабой:
«У той час, перад ісламскай рэвалюцыяй, у Іране жыло 230 000 армянаў. Цяпер там жывуць толькі 30 000 армянаў. Пасьля іранскай рэвалюцыі людзі масава пачалі зьяжджаць у Эўропу, Амэрыку. Некаторыя, як я, прыехалі на гістарычную радзіму. Маё пакаленьне расло, без перабольшаньня, з армянскай марай у сэрцах, таму што яшчэ нашы бацькі, нашы настаўнікі бачылі людзей, якія здолелі ўцячы з Армэніі і такім чынам ацалець. Цяпер мне 70 гадоў. З-за існаваньня савецкай сыстэмы мы не маглі прыехаць у Армэнію проста так. Але калі краіна атрымала незалежнасьць, а потым разгарэўся карабахскі канфлікт, я і некаторыя мае сябры прыехалі сюды, каб дапамагчы жыхарам Нагорнага Карабаху. Людзі змагаліся і паміралі».
Тэмай генацыду прасякнутыя шмат якія працы Разьміка Арзуяна. Ахвяры тых крывавых падзеяў пачалі паўставаць на палотнах яшчэ тады, калі мастак жыў у Іране. І менавіта жаданьне стаць паўнавартаснай часткай салідарнай армянскай супольнасьці два дзясяткі гадоў таму падштурхнула да кардынальнага кроку:
Пасьля здабыцьця Армэніяй незалежнасьці я сказаў сваёй жонцы: „Паехалі“. Яна адказала, што ня можа. І я пакінуў яе, з сабой узяў толькі чамадан
«Пасьля здабыцьця Армэніяй незалежнасьці я сказаў сваёй жонцы: „Паехалі“. Яна адказала, што ня можа, бо трэба захоўваць зьберажэньні сваёй сям’і — яе сям’я сапраўды была багатая, мела шмат грошай. І я пакінуў яе там, з сабой узяў толькі чамадан. У Армэніі я сустрэў дзяўчыну, маладзейшую за мяне. Мэрынэ — дырэктарка клінікі для людзей з мэнтальнымі абмежаваньнямі. Яна вельмі разумная, я адразу запаважаў яе. Але я быў нашмат старэйшы за яе, і гэта стала праблемай. Яе сям’я была супраць нашага саюзу. Яе маці хацела, каб яна вучылася, а не выходзіла замуж. Таму я паабяцаў, што яна атрымае адукацыю. У выніку Мэрынэ скончыла чатыры ўнівэрсытэты. Апошнія 20 гадоў мы разам».
Разьмік Арзуян ня мае дакладных зьвестак, ці пацярпеў хто зь ягоных больш аддаленых сваякоў падчас генацыду армянскага насельніцтва ў Асманскай імпэрыі. Але спадзяецца, што ягоную сям’ю страшны лёс усё ж абмінуў:
«Мы былі ўсходнія армяне. Прынамсі, з маіх блізкіх сваякоў ніхто ад гэтага не пацярпеў. Заходнія армяне пацярпелі незраўнана больш. Усходнія армяне былі пад адноснай пратэкцыяй Расеі, у той час як заходняя частка цалкам кантралявалася туркамі. Паміж намі была не сказаць, што мяжа, але штосьці падобнае. І гэта наш род у пэўным сэнсе ўратавала».
24 красавіка, калі афіцыйна адзначаўся дзень памяці загінулых ад генацыду, у Ерэван прыехалі ўсяго чатыры вышэйшыя асобы, ня лічачы армянскага лідэра, — прэзыдэнты Кіпру, Расеі, Сэрбіі і Францыі. Мог у іх ліку быць і Аляксандар Лукашэнка, але ўрэшце ён афіцыйнае запрашэньне праігнараваў — нягледзячы на тое, што быў у гэтыя дні за пару сотняў кілямэтраў ад Армэніі, з афіцыйным візытам у Грузіі.