Беларускі лідэр падчас візыту 22–24 красавіка ў Грузію не наведае суседнюю Армэнію, куды ён запрошаны на жалобныя імпрэзы, зьвязаныя з ушанаваньнем памяці ахвяраў генацыду.
«Лукашэнка лічыцца нашым добрым сябрам, мы вельмі часта на розных узроўнях заяўлялі, што Беларусь — наш важны партнэр. І вось ён ня толькі не прыяжджае ў Ерэван, але і абражае тым, што ў гэты дзень наведвае Грузію, адкуль у Ерэван усяго некалькі гадзін язды на машыне. Але ў яго няма часу на гэта, што трохі падобна да дэмаршу. Гэта паказвае, што, акрамя чыста імітацыйных працэсаў, Эўразійскі саюз нічога сабой не ўяўляе ні ў эканамічным, ні, тым больш, у палітычным пляне», — сказаў у інтэрвію амэрыканска-армянскаму штодзёньніку Zhamanak дэпутат парлямэнту, сябра праўленьня Армянскага агульнанацыянальнага руху, былы міністар замежных спраў Армэніі Аляксандар Арзуманян.
23 красавіка ў Армэніі памінаюць ахвяраў генацыду армян у Асманскай імпэрыі. У краіну запрошаныя высокапастаўленыя дэлегацыі з розных дзяржаў. Асноўныя жалобныя мерапрыемствы заплянаваныя на 24 красавіка.