Сталічныя ўлады паведамілі, што нарэшце знайшлі ахвотных забудоўваць тэрыторыю ў гістарычным цэнтры Менску. Пяць гадоў таму на 3 гектары зямлі ў раёне скрыжаваньня вуліц Багдановіча і Купалы з выхадам на набярэжную Сьвіслачы прэтэндавалі інвэстары з Аману, але зь нейкіх прычынаў супрацоўніцтва ня склалася.
Цяпер асвоіць гэты пляц зноў прапануюць арабскія бізнэсоўцы, гэтым разам з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў. Старшыня Менгарвыканкаму Андрэй Шорац заявіў, што на месцы выставачнага комплексу «Бэлэкспа» і былога клінічнага шпіталя № 2 плянуецца ўзьвесьці гатэль, рэстаран і некалькі бізнэс-цэнтраў. Да працаў мяркуецца прыступіць у 2017 годзе.
Шкляная «скрыня» былой ВДНГ гістарычнай каштоўнасьці не ўяўляе і ў пэўнай часткі менчукоў выклікае хіба настальгічныя ўспаміны пра «савецкую стабільнасьць». Экспэртаў нашмат больш трывожыць лёс самага старога будынку ў раёне Траецкай гары — былога кляштара базыльянак, збудаванага ў XVIII стагодзьдзі. Пасьля шэрагу зьменаў уласьнікаў там атабарыўся і пачаў разбудоўвацца комплекс 2-га гарадзкога шпіталя. Знаўцы кажуць, што прынамсі ў адным з будынкаў у апэрацыйнай, якую абсталявалі на трэцім паверсе на месцы кельяў, пад пабелкай дагэтуль захоўваюцца росьпісы XVIII стагодзьдзя. Унікальная і канструкцыя скляпеньняў, аналягаў якім у Менску практычна няма.
Некалькі апошніх гадоў будынак пустуе — пасьля таго, як было абвешчана прышэсьце аманскіх забудоўшчыкаў, мэдычную ўстанову выселілі. Трапіць на тэрыторыю немагчыма: ахоўнікі пільнуюць, па тэрыторыі бегаюць сабакі, паўсюль папераджальныя надпісы пра ахоўную зону. Спробы дамовіцца з суровымі мужчынамі, каб паздымаць унутранае аздабленьне напярэдадні магчымай «бульдозэрнай рэстаўрацыі», аказаліся бясплённымі.
Старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч, з аднаго боку, усьцешаны, што ўнікальны комплекс ня кінуты на разрабаваньне. Зь іншага боку, няма ніякай пэўнасьці, як абыдуцца з помнікам архітэктуры новыя гаспадары гэтага аб’екта. Пры гэтым згадвае, што выстаўляць на продаж ласы кавалак у цэнтры сталіцы ўлады пачалі яшчэ тады, калі горадам кіраваў Міхаіл Паўлаў. Пасьля яго на пасадзе ўжо пабыў Мікалай Ладуцька, ня так даўно на яго месца заступіў Андрэй Шорац. Зьмяняюцца прозьвішчы чыноўнікаў, але сутнасьць падыходу да захаваньня гістарычнай спадчыны нязьменная:
«Зноўку ўзьнікае пытаньне асваеньня гэтай тэрыторыі — гэтым разам Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі. Гораданачальнік гэта агучыў афіцыйна, сярод іншага заявіўшы, што 2-гі шпіталь будзе зьнесены. Я спадзяюся, што ён усё ж меў на ўвазе корпус, які зьявіўся за савецкім часам, бо тры астатнія маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці. Таксама ўскосна прайшла інфармацыя пра дэмантаж выставачнага павільёна. Як гэта можна расцэньваць? Канечне, пляцоўка пустуе, да таго ж у цэнтры гораду. Разважаючы лягічна, яна ў такім стане застацца ня можа ні пры якіх абставінах. Тым больш тут тры аб’екты гісторыка-культурнай каштоўнасьці, якія згодна з заканадаўствам падлягаюць нармальнаму ўтрыманьню і рэстаўрацыі. Адпаведна, тэрыторыя вымагае рэгенэрацыі. Пытаньне ў тым, зыходзячы з чаго будзе праектаваць інвэстар».
У Менгарвыканкаме не камэнтуюць меркаваныя аб’ёмы перабудовы ў гістарычным цэнтры на карысьць чарговага гатэльна-офіснага раёну: маўляў, праекту пакуль няма, проста ёсьць папярэдняя дамоўленасьць пра гатовасьць інвэстара ўкладаць у будаўніцтва.
Антон Астаповіч нагадвае: у нерэалізаваных эскізных праектах аманскіх забудоўшчыкаў прадугледжвалася захаваньне трох карпусоў, якія ў мінулым належалі Траецкаму базыльянскаму кляштару. Пад знос прызначаліся паваенныя прыбудовы шпіталя і выставачны цэнтар «Белэкспа», на іх месцы меліся вырасьці жылы комплекс, бізнэс-цэнтар і элітны гатэль.
Як удакладняе суразмоўца, акрэсьленая тэрыторыя ўваходзіць у зону аховы гістарычнага цэнтру, які, у сваю чаргу, клясыфікуецца як «комплексная гісторыка-культурная каштоўнасьць». Таму ў зьвязку з абвяшчэньнем новага інвэстара паўстае лягічнае пытаньне: ці будуць вытрыманыя абавязковыя рэглямэнты?
«У нормах заканадаўства, якія тычацца аховы гісторыка-культурнай каштоўнасьці, вельмі дакладна прапісана: у ахоўных зонах гістарычнага цэнтру нельга весьці будаўніцтва вышэй за 9 паверхаў. Рэглямэнт ёсьць рэглямэнт, яго трэба прытрымлівацца. Акрамя таго, існуюць яшчэ тэхнічныя нарматыўныя дакумэнты, якія вызначаюць характар працаў на падобных тэрыторыях. Згодна з горадабудаўнічым КТП (комплексным тэрытарыяльным плянаваньнем) на тэрыторыі гістарычнага цэнтру, на тэрыторыі аховы гісторыка-культурнай каштоўнасьці павінны выяўляцца і аднаўляцца значныя архітэктурныя будынкі. Іншымі словамі, акрамя ўласна пляніровачнай структуры, неабходна аднаўляць страчаныя будынкі і збудаваньні».
Паводле Антона Астаповіча, асваеньне тэрыторыі ў межах вуліц Янкі Купалы і Максіма Багдановіча непазьбежна паўплывае на ляндшафтную адметнасьць адразу двух гістарычных прадмесьцяў — Траецкага і Лаўскага. І калі пасьля рэстаўрацыі з элемэнтамі «эўрарамонту» раён Траецкага яшчэ раней загналі ў рамкі «турыстычнага гета», то ў выпадку рэалізацыі сучаснага праекту на месцы «Бэлэкспа» будзе назаўжды пахаваны яшчэ адзін пласт самабытнасьці менчукоў:
«Гістарычна кляштар — у Траецкім прадмесьці, а дзе стаіць «Белэкспа» — гэта ўжо тэрыторыя Лаўскага прадмесьця. Яна была забудавана пераважна не мураванай, а драўлянай архітэктурай. А калі кіравацца нарматывамі, трэба аднаўляць страчаную пляніровачную структуру, і менавіта ў гістарычным аб’ёме. Так, марфалёгію архітэктуры мы не адновім, але можам аднавіць так званыя «габарытныя кантэйнэры» будынкаў, якія там стаялі. Думаю, што інвэстар гэтага рабіць ня будзе, бізнэсоўцам патрэбныя плошчы. Адпаведна, будзе праектавацца чарговы шматфункцыянальны, шматпавярховы, сучасны комплекс, які парушыць літаральна ўсе крытэры працы на гэтай тэрыторыі. Я не сумняюся, што ўсё будзе ўзгоднена на ўсіх узроўнях — і камітэтам архітэктуры, і горадабудаўнічай радай, і навукова-мэтадычнай радай, і самім Міністэрствам культуры. На жаль, калі ў нас праводзяцца ўзгадненьні, яны робяцца ня ў межах дзейнага заканадаўства, а па-за яго межамі, з парушэньнямі закону — дзеля спрыяньня інвэстару. Практычна ўсе ўзгадненьні маюць у нас прыкметы парушэньня артыкула 20 закону «Аб барацьбе з карупцыяй».
Рэалізацыя фінансаёмістага праекту дае нагоду задацца яшчэ адным пытаньнем — што станецца з Алеяй сяброўства, некалі закладзенай уздоўж вуліцы Купалы побач з будынкам выставачнага цэнтру? Тут растуць некалькі дзясяткаў каштанаў, пасаджаных перадусім людзьмі, якія «кавалі Перамогу». Пад кожным дрэвам — таблічка з прозьвішчам таго, хто яго пасадзіў: Баграмян, Бурдзейны, Мазураў, Машэраў, Ракасоўскі, Цімашэнка; партыйныя дзеячы з краін-саюзьніц, перадавікі вытворчасьці, літаратары і касманаўты. Інвэстары з Аману абяцалі інтэграваць алею ў абноўлены гарадзкі пэйзаж. Бізнэсоўцы з Эміратаў сваю пазыцыю на гэты конт пакуль не агучылі.
Траецкае ды Лаўскае прадмесьці. 200 гадоў да арабскага інвэстара