Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нам абяцаюць лыжку мёду ў верасьні, а зараз прымушаюць есьці бочку зь дзёгцем», — Лябедзька


Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька

Дэлегацыя Эўрапейскага Зьвязу на чале з Томасам Майр-Гартынгам, кіраўнічым дырэктарам па пытаньнях Эўропы і Цэнтральнай Азіі ў Эўрапейскай службе зьнешняга дзеяньня, сустрэлася 6 чэрвеня ў Менску зь лідэрамі палітычных партыяў Беларусі.

У сустрэчы бралі ўдзел старшыня Абʼяднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, старшыня руху «За дзяржаўнасьць і незалежнасьць» Уладзімер Някляеў, лідэры БХД Павал Севярынец і Віталь Рымашэўскі, а таксама старшыня кампаніі «Гавары праўду» Тацяна Караткевіч.

З той прычыны, што сустрэчу перанесьлі на пазьнейшы час (бо дэлегацыя прыляцела ў Менск са спазьненьнем), некаторыя палітыкі не змаглі ўзяць у ёй удзел, сярод іх Мікалай Статкевіч і Аляксей Янукевіч.

Анатоль Лябедзька сказаў па выніках сустрэчы карэспандэнту Свабоды, што «ёсьць просьба не даваць падрабязнасьці пра зьмест пасланьня, зь якім прыехалі эўрапейскія партнэры».

«Яны прадэманстравалі добрае веданьне сытуацыі, маніторынг па Беларусі добры. Пабачым, як гэта будзе скарыстана падчас дыялёгу, які афіцыйна пачынаецца заўтра.

Я перадаў ім нашу калектыўную паперу за подпісам прадстаўнікоў дзесяці палітычных арганізацыяў. Мы там ацэньваем сытуацыю перад выбарчай кампаніяй, гаворым пра тое, што трэба зрабіць, каб яна хоць мінімальна адпавядала стандартам АБСЭ.

Мы кажам: калі будуць прызначаныя два-тры так званыя апазыцыянэры, гэта ня сьведчаньне, што выбары ў Беларусі прайшлі па стандартах АБСЭ.

Таксама я перадаў заяву палітрады АГП адносна судоў за распаўсюд друкаванай прадукцыі з крытыкай дзеяньняў улады. І што гэта вельмі небясьпечнае стварэньне прэцэдэнту. Нам абяцаюць лыжку мёду ў верасьні, а цяпер прымушаюць есьці бочку зь дзёгцем.

Таксама я сказаў пра справы Андрэя Бандарэнкі, Аляксея Жалнова і раварыстаў. Гэта вельмі важна.

Я думаю, што так ці інакш гэтыя пытаньні заўтра могуць абмяркоўвацца падчас дыялёгу з прадстаўнікамі ўлады».

Лябедзька адзначыў, што ягоная пазыцыя поўнасьцю супадала з пазыцыяй Някляева і прадстаўнікоў БХД.

Сёньня ж міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей сустрэўся з Томасам Майр-Гартынгам. Пра гэта паведаміла прэс-служба МЗС Беларусі. На сустрэчы былі абмеркаваныя актуальныя пытаньні ўзаемадзеяньня паміж Менскам і Брусэлем.

7 чэрвеня Эўразьвяз і Беларусь правядуць у Менску трэці раўнд двухбаковага дыялёгу па правах чалавека. Адметнасьць гэтай сустрэчы ў тым, што ў Менску такі раўнд адбудзецца ўпершыню.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG