Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Паротнікаў пра Баскіна: Назапасіў нармальна грошыкаў, раз здолеў адкупіцца


Андрэй Паротнікаў
Андрэй Паротнікаў

22 сакавіка магілёўскаму бізнэсоўцу, генэральнаму дырэктару групы кампаніяў «Сэрвалюкс» Яўгену Баскіну зьмянілі меру стрыманьня — перавялі зь СІЗА КДБ пад хатні арышт. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, Баскін кампэнсаваў усю суму нанесенай ім, паводле сьледзтва, шкоды.

Кіраўнік аналітычнага праекту Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў у інтэрвію Свабодзе выказаў сваю вэрсію, чаму да Яўгена Баскіна паставіліся больш ляяльна, а Юры Чыж застаецца ў «амэрыканцы»:

— На мой погляд, гэта была спроба з боку дзяржавы падтрымаць бюджэт у цяжкія часы, калі грошай няма ўвогуле, а тут некаторыя бізнэсоўцы «жыруюць». Баскін назапасіў нармальна грошыкаў, раз здолеў адкупіцца.

Я мяркую, што сытуацыя з Баскіным выглядала наступным чынам: ёсьць праблема напаўненьня бюджэту. Безумоўна, людзі ўзроўню Баскіна і Чыжа знаходзяцца пад шчыльным каўпаком спэцслужбаў ужо шмат гадоў, і на іх папросту быў назапашаны кампрамат. Баскіна спачатку «прэсанулі», а потым сказалі: «Хочаш на волю? Гэта будзе каштаваць пэўную суму...». І крыху грошыкаў у бюджэт дадалося. Мяркую, гэта некалькі дзясяткаў мільёнаў даляраў. Ня думаю, што гэта болей за 50 мільёнаў, але і сумняюся, што гэта меней за 20 мільёнаў. Але гэта мае агульныя развагі.

— А ці можа чакаць такі паварот падзей бізнэсоўца Юрыя Чыжа, які па-ранейшаму ўтрымліваецца ў СІЗА КДБ і якому днямі выстаўлены абвінавачаньні?

— Баюся, што ў «Трайпла» вельмі вялікія страты. Па чутках, гаворка ідзе пра суму ў 200 мільёнаў даляраў. Я ня думаю, што ў Чыжа ёсьць 200 мільёнаў даляраў, каб таксама адкупіцца.

— Можна спадзявацца, што бізнэс-супольнасьць дапаможа, сябры, калегі па бізнэсе скінуцца? Некалі былая кіраўніца спраў прэзыдэнцкай адміністрацыі Галіна Жураўкова адкупілася — быццам бы сябры, знаёмыя сабралі 3 мільёны даляраў, яна кампэнсавала шкоду і была вызваленая...

— Ну што вы! Якая бізнэс-супольнасьць? Нішто так ня радуе беларуса, як няшчасьце суседа! Там усе ў шчанячым захапленьні ад таго, што за мышыная валтузьня адбываецца. Да таго ж сумы непараўнальныя. 3 мільёны — гэта не такія вялікія грошы. А 200 мільёнаў даляраў — зусім іншая сума. Тут чакаць, што Чыж таксама адкупіцца, не выпадае.

— Аднаго пасадзілі, запалохалі, выпусьцілі. Другі сядзіць. Можна чакаць працягу пасадак бізнэсоўцаў?

— Я думаю, што вельмі буйному бізнэсу, які валодае вельмі салодкімі кавалкамі (я маю на ўвазе нерухомасьць, гандлёвыя сеткі, нафту, экспарт-імпарт) будзе зроблена прапанова падзяліцца з радзімай у цяжкі час. Яны як сумленныя грамадзяне павінны з усёй адказнасьцю паставіцца да складанай сытуацыі, якая ўтварылася ў краіне. Можа, яшчэ знойдуць ахвяру...

Адзінае, я ня ведаю, каго яны будуць кідаць за краты праз паўгода, калі самыя заможныя пройдуць праз гэтыя жорны. Таму што ў нас ня так шмат таго буйнога бізнэсу. Колькі зь іх усіх разам узятых можна вытрасьці? Ну, мільёнаў 300–500 даляраў. А далей што?

Праблема сыстэмная, і тое, што арыштавалі менавіта гэтых двух бізнэсоўцаў, сьведчыць пра дзьве рэчы. Першая: вельмі сур’ёзная сытуацыя з напаўненьнем бюджэту. Рэч другая: гэта спроба неяк дысцыплінаваць і буйны бізнэс, і намэнклятуру, паказаць, што час расслабляцца мінуў. Зараз трэба мабілізавацца, быць ляяльнымі, быць адданымі і выконваць тое, што кажа першая асоба дзяржавы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG