Чаму беларуская афіцыйная статыстыка па ўжываньні алькаголю на душу насельніцтва істотна адрозьніваецца ад статыстыкі Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя?
Нацыянальны статыстычны камітэт сьцьвярджае, што за 2016 год спажываньне алькаголю на душу насельніцтва склала 8,8 літра, а Ўсясьветная арганізацыя аховы здароўя называе лічбу амаль удвая большую — 15 літраў на чалавека ў год.
Якое ж месца па спажываньні алькаголю займае Беларусь? Пытаньне спрэчнае — сьцьвярджаюць і лекары-нарколягі, і чыноўнікі, і статыстыка.
Як галоўны нарколяг абараняў гонар краіны
У траўні 2014 году экспэрты Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя апублікавалі «Глябальны даклад аб становішчы ў галіне алькаголю і здароўя — 2014». У ім, у прыватнасьці, гаварылася, што кожны беларус, старэйшы за 15 гадоў, выпівае ў сярэднім 17,5 літра чыстага сьпірту за год, у тым ліку жанчыны — парадку 9,1 літра, мужчыны — 27,5. У выніку Беларусь аказалася неафіцыйным лідэрам па спажываньні алькаголю на душу насельніцтва.
Беларускія чыноўнікі тады моцна пакрыўдзіліся і пасьпяшаліся абараніць гонар краіны — абверглі лічбы УААЗ. Галоўны нарколяг Міністэрства аховы здароўя Іван Канаразаў заявіў, што даклад міжнароднай арганізацыі неабʼектыўны, і назваў іншую лічбу — 11,14 літра на душу насельніцтва.
Год таму, у ліпені 2016 году, Канаразаў называў яшчэ меншую лічбу — узровень продажу алькаголю па выніках 2015 году склаў 9,05 літра на душу насельніцтва.
Беларускі бок настойвае на 8,8 літра чыстага сьпірту на чалавека, УААЗ — на 15 літрах
Паводле падлікаў Нацыянальнага статыстычнага камітэту — Белстату, за мінулы год спажываньне алькаголю ў Беларусі склала 8,8 літра на душу насельніцтва.
Калі так, то з 8,8 літрамі на чалавека Беларусь цяпер далёкая ад лідэрства па спажываньні алькаголю — пʼе меней за Расею, Літву, Чэхію, Сэрбію, Вялікую Брытанію, Фінляндыю, Украіну, Францыю, Польшчу, Ірляндыю, Нямеччыну, Латвію, Эстонію, Грэцыю... З 8,8 літра Беларусь прыблізна паміж Бразыліяй, ЗША, Швэцыяй і Віетнамам.
Але сёлета ў траўні дырэктар дэпартамэнту Эўрапейскага бюро Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя Гаўдэн Галеа агаломшыў усіх заявай, што Беларусь па ўжываньні колькасьці алькаголю на другім месцы ў сьвеце — з 15 літрамі на душу насельніцтва. Беларусаў апярэдзілі суседзі-літоўцы: яны выпіваюць 16 літраў на чалавека.
Уся справа ў розных мэтодыках падліку
Практыкуючы нарколяг Уладзімер Пікірэня тлумачыць такую вялікую розьніцу ў статыстыцы рознымі мэтодыкамі падліку:
«Істотна адрозьніваюцца мэтодыкі падліку спажываньня алькаголю ва Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя і ў Нацыянальным статыстычным камітэце. Усясьветная арганізацыя аховы здароўя разьлічвае алькаголь на людзей, старэйшых за 15 гадоў, і ўлічвае алькаголь, прададзены ўнутры краіны, а таксама набыты беларусамі за межамі краіны і ўвезены сюды. А нацыянальная статыстыка дзеліць алькаголь на ўсіх, незалежна ад узросту, і лічыць толькі набыты ў Беларусі алькаголь.
Я ўжо жартаваў наконт таго, што Літва нас апярэдзіла: магчыма, менавіта беларусы да гэтага спрычыніліся, скупіўшы ўсё ў гандлёвым цэнтры „Акропаліс“ ды ў крамах Duty Free».
Галоўны нарколяг Міністэрства аховы здароўя Беларусі Іван Канаразаў тыдзень таму на каардынайцыйнай нарадзе галоўных нарколягаў дзяржаў-сябраў АДКБ паведаміў, што ў Беларусі каля 160 тысяч альказалежных. Сказаў ён і пра станоўчыя зрухі ў барацьбе зь «зялёным зьміем». Дарэчы, менавіта на гэтай нарадзе Канаразаў выказаў меркаваньне, што «моцны алькаголь павінен каштаваць даражэй».
«Сталі менш піць моцнага алькаголю і больш — піва»
На пытаньне Свабоды, ці заўважыў гэтыя станоўчыя зрухі практыкуючы лекар-нарколяг, Уладзімер Пікірэня адказаў гэтак:
«Цяжка адказаць без дакладных лічбаў. Але маё ўражаньне, што крыху меней людзі сталі піць. Таму што нават у аддзяленьне РНПЦ псыхічнага здароўя, дзе я працую, куды трапляюць людзі з алькагольным дэлірыем, алькагольнай эпілепсіяй — з такімі цяжкімі наступствамі па хуткай дапамозе прывозяць меней.
Зь іншага боку, у нас мяняецца структура ўжываньня — больш сталі ўжываць лёгкія алькагольныя напоі і крыху менш — моцны алькаголь, нягледзячы на тое, што перавага ўсё адно застаецца за цяжкімі алькагольнымі напоямі. І ўжыць аднолькавую колькасьць чыстага сьпірту з дапамогай лёгкіх напояў істотна складаней, чым ужываючы моцныя напоі. Да прыкладу, калі параўнаць піва з гарэлкай, то 100 мілілітраў сьпірту — гэта паўбутэлькі гарэлкі. А калі гэтую колькасьць пералічыць на піва, гэта будзе досыць вялікая колькасьць бутэлек.
Хоць казаць, што радыкальна зьменшылася колькасьць ужываньня алькаголю, я б не адважыўся. Сапраўды, ёсьць пэўныя станоўчыя тэндэнцыі, але я не магу сказаць, што яны моцна заўважныя.
Зь іншага боку, спадзявацца, што штосьці рэзка зьменіцца ў выніку пэўных дзеяньняў, таксама не выпадае, бо калі мы зробім нейкія рэзкія захады — абмяжуем продаж алькаголю альбо вельмі дарагім яго зробім, то пачнецца выбух ужываньня нейкіх алькагольных сурагатаў, і атрымаем новыя сурʼёзныя наступствы. Гэта мы ўжо праходзілі».