«Пад скіпэтрам Расейскай імпэрыі» — так называецца новая кніга з сэрыі «Гарадзенская бібліятэка»; у ёй — пра рэпрэсіўную палітыку царызму на землях Беларусі ў XVIII–XIX стагодзьдзях. Аўтар кнігі Алесь Радзюк — госьцем перадачы.
— Алесь, існуе меркаваньне, што беларусы ў складзе Рэчы Паспалітай проста стаміліся ад дэмакратыі, калі любы пасол мог сарваць сойм, калі выбіралі каралёў, якіх потым адны прызнавалі, а другія — не... Стаміліся і таму з радасьцю пайшлі ў Расейскую імпэрыю. Ці ёсьць тут рацыя?
— Факты — рэч упартая — сьведчаць пра супрацьлеглае. Сапраўды, былі групоўкі, якія з радасьцю віталі Кацярыну ІІ, якія выступалі ў падтрымку Таргавіцкай канфэдэрацыі, якія чакалі прыходу сюды расейскіх войскаў. Гэта былі людзі, якія такім чынам вырашалі свае лякальныя мэркантыльныя інтарэсы. Але, пажыўшы некалькі гадоў пад скіпэтрам Расейскай імпэрыі, зьведаўшы на сабе зьмены цывілізацыйнага кірунку разьвіцьця, зьведаўшы на ўласнай скуры адметнасьці новага палітычнага ладу і прававой сфэры, многія жыхары былой Рэчы Паспалітай, у тым ліку і на беларускіх землях, рашуча выступалі супраць Расеі. Гэта адбывалася і падчас паўстаньня Касьцюшкі, і падчас Напалеонаўскіх войнаў (1807–1814). Яскрава пацьвярджаюць гэта вызвольныя паўстаньні 1830–1831 і 1863 гадоў, дзейнасьць шматлікіх таемных таварыстваў, найбольш вядомым сярод якіх было таварыства Сымона Канарскага.
— Ніколі Расейская імпэрыя так не ўзбагачалася, як пасьля паўстаньняў на беларускіх землях. Бо пасьля іх задушэньня ў казну сканфіскоўваліся велізарныя багацьці. А ці не справакоўвалі ў такім разе тыя паўстаньні расейскія спэцслужбы?
— Такія дапушчэньні рабілі некаторыя дасьледчыкі і аматары гісторыі ХІХ ст. Калі ж падыходзіць да справы навукова-гістарычна, адказ адназначны — не. Расейская імпэрыя не справакоўвала паўстаньні. Яны былі вынікам унутранага разьвіцьця нацыянальна-вызвольнага руху на тэрыторыі Рэчы Паспалітай, руху, які стымуляваўся новымі павевамі з Заходняй Эўропы, зьвязанымі са зьвяржэньнем манархій, разьвіцьцём руху карбанарыяў у Італіі і некаторымі іншымі рэчамі. Казаць пра тое, што паўстаньні былі прошукамі Санкт-Пецярбургу, усё ж ня варта.
— А за што канкрэтна сканфіскоўвался маёнткі? Як гэта выглядала, як абгрунтоўвалася юрыдычна?
— Зь юрыдычным абгрунтаваньнем справа выглядала досыць цікава. У розных выпадках канфіскацыя адбывалася па розных юрыдычных нормах. Справа ў тым, што ў самой Расейскай імпэрыі забаранялася сканфіскоўваць маёнткі без адпаведнай судовай працэдуры. Нават у дзекабрыстаў, якія паўсталі супраць сьвяшчэннай асобы імпэратара (зь іх пяць чалавек былі павешаныя, сотні высланыя ў сыбірскія руднікі), маёнткі дзяржава не забрала. У дзекабрыстаў маёнткі не забіраліся, але — масава сканфіскоўваліся на беларускіх, украінскіх і літоўскіх землях.
У дзекабрыстаў маёнткі не забіраліся, але — масава сканфіскоўваліся на беларускіх, украінскіх і літоўскіх землях
Прэцэдэнт быў закладзены падчас паўстаньня 1794 году, калі зь ініцыятывы канцлера Аляксандра Безбародкі ў адносінах да былых паўстанцаў было спыненае дзеяньне некаторых расейскіх законаў; у дачыненьні да іх, як да недастойных, былі выкарыстаныя нормы літоўскага Статуту 1588 году. У далейшым гэтая практыка выкарыстоўвалася пры наступных імпэратарах і толькі пры Мікалаі І, пасьля задушэньня паўстаньня 1831 году, была замацаваная ў зборы законаў Расейскай імпэрыі. Што праўда, у 1863 годзе дзейнічалі іншыя юрыдычныя нормы, але яны таксама засноўваліся на тых юрыдычных лякалах, што былі закладзеныя папярэднікамі. Юрыдычнай падставай канфіскацыі было тое, што жыхары імпэрыі нібыта парушалі прысягу вернасьці імпэратару, выступаючы супраць яго. Пасьля паўстаньня 1794 году канфіскацыю ажыцьцяўлялі войскі, бо было ўведзенае ваеннае становішча. Вайскоўцы займалі маёнтак, вывозілі ўсё жыта, быдла, прадавалі ўсё на свае патрэбы. У далейшым, у 1812-1831 гадах, гэтым займаліся адмысловыя чыноўнікі, якія апісвалі маёмасьць, накладалі сэквэстар, пры гэтым не забываліся пра сваю ўласную кішэню. Чыноўнікі вышэйшага рангу, у тым ліку і сам імпэратар Мікалай І, таксама ня грэбавалі чужым дабром.
— Ці не найбольш пацярпелі ад канфіскацый маёнткі Сапегаў. Чым яны ўзбагацілі расейскія музэі і імпэрскую казну?
— Сапраўды, Сапегі найбольш пацярпелі. І найбольш яскравы прыклад — канфіскацыя ў 1831 годзе маёнткаў у Яўстаха Сапегі. Ён разам са стрыечным братам Ксавэрам Сапегам ў аднолькавай ступені ўдзельнічаў у паўстаньні, яны займалі адны і тыя ж пасады ў Варшаве. Пасьля паразы паўстаньня браты адышлі ў Прусію. У далейшым дараваньне атрымаў толькі Ксавэры. Яўстах з Дрэздэну зьвяртаўся да расейскага імпэратара, але ніякай амністыі не атрымаў. Чаму аднаго прабачылі, а другога, за такое ж злачынства, не? Справа ў тым, што Яўстах Сапега валодаў багатымі маёнткамі, велізарнымі зборамі мастацтваў, старажытных рэчаў — залатых, срэбных і г. д. І ўсё гэта ўжо ў 1832 годзе было сканфіскавана. З палацу ў Дзярэчыне ўсё было вывезенае ў Санкт-Пецярбург, дзе непасрэдна сам Мікалай І займаўся разборам канфіскату, пакінуўшы сабе некалькі бранзалетаў. Сапегаўскія багацьці паступілі ў Анічкін палац, у Эрмітаж, а срэбны посуд — больш за 16 пудоў — трапіў на санкт-пецярбурскі манэтны двор. Срэбра цікавіла расейскія ўлады ня як мастацтва, а як лом. І ў 1835 годзе пераплаўленае сапегаўскае срэбра пайшло на начыньне храму Ўсіх Сьвятых у Санкт-Пецярбургу. Напэўна, і сёньня ў тамтэйшых храмах можна пабачыць рэчы, зробленыя зь дзярэчынскага посуду. Менш каштоўныя рэчы прадаваліся на аўкцыёнах, грошы паступалі ў казну. Мэбля выкарыстоўвалася для абсталяваньня казённых установаў. Скажам, беластоцкі палац шляхетных дзяўчат быў цалкам абсталяваны мэбляй зь Дзярэчына, Сьвіслачы і іншых палацаў, што належалі паўстанцам.
— Ці прасілі памілаваньня ў расейскага імпэратара іншыя ўдзельнікі паўстаньняў? І як гэта выглядала?
Вінцэнт Тышкевіч, уладар Сьвіслачы, не зьвяртаўся да цара з просьбай аб памілаваньні
— Звычайна, не патрыятызм, а назапашанае многімі пакаленьнямі багацьце падштурхоўвала да пэўных дзеяньняў магнатаў і шляхту, якія пражывалі на беларускіх землях. Таму большасьць з тых, хто ўдзельнічаў у паўстаньні, усё ж ахвяравалі сваім патрыятызмам на карысьць захаваньня родавай маёмасьці. Хоць былі і выняткі. Напрыклад, Вінцэнт Тышкевіч, уладар Сьвіслачы, не зьвяртаўся да цара з просьбай аб памілаваньні. У Санкт-Пецярбургу дзейнічалі цэлыя групы асобаў, вышэйшых вяльможаў, да якіх можна было зьвярнуцца, і тыя ўжо перад імпэратарам прасілі аб памілаваньні. Такіх прыкладаў можна было б прывесьці нямала, але, падкрэсьліваю, ня ўсе каяліся перад манархам. Разам з Тышкевічам можна назваць і такіх буйных магнатаў, як Дамінік Радзівіл (праўда, забіты ў 1814 годзе), Людвік Пац. Яны ведалі, ідучы на паўстаньне, які лёс чакае іх маёмасьць. Фактычна, яны ахвяравалі ўсім дзеля адраджэньня айчыны.
— У Рэчы Паспалітай з выбраным каралём можна было паспрачацца на сойме. А ў Расейскай імпэрыі што прадугледжвалася за выступ супраць імпэратара?
— Абраза манарха ў Расейскай імпэрыі было адным з найбольш цяжкіх злачынстваў, за якое прадугледжвалася сьмяротнае пакараньне (гэта магло быць нават чвартаваньне ці калесаваньне). На практыцы часта такія справы спускаліся на тармазах. Калі злачынца пакрыўдзіў манарха вусна і быў зь ніжэйшага саслоўя, яго маглі прыгаварыць да зьбіцьця бізуном ці розгамі. Калі ж шляхціч рабіў гэта пісьмова, яго, звычайна, пазбаўлялі шляхецтва і ссылалі ў Сыбір.
— Цяпер сьмяротныя пакараньні ў Беларусі засакрэчаныя. У часы ж Расейскай імпэрыі яны праводзіліся падкрэсьлена публічна. Навошта?
Сьмяротныя пакараньні праводзіліся зь вялікай урачыстасьцю, пад бой барабанаў
— Усе пакараньні ў Расейскай імпэрыі павінны былі мець публічны характар, і сьмяротнае пакараньне не было выняткам. Гэта рабілася дзеля застрашваньня, запалохваньня іншых. І з гэтай мэтай нават на пакараньне розгамі зьбіралася вялікая колькасьць народу, як правіла, адбывалася гэта ў кірмашны дзень на галоўнай плошчы гораду ці мястэчка. Сьмяротныя пакараньні праводзіліся зь вялікай урачыстасьцю, пад бой барабанаў. Далейшы лёс асобаў, якіх каралі, вырашаўся па-рознаму. Напрыклад, Міхаіл Мураўёў (Вешальнік) загадваў хаваць іх у невядомым месцы, каб магілы не станавіліся месцам пакланеньня. Так сталася, скажам, з Кастусём Каліноўскім. А як адносіліся людзі да пакараных, відно з наступнага прыкладу. Калі ў Вільні ў 1839 годзе быў пакараны сьмерцю Сымон Канарскі, зь яго кайданоў жанчыны рабілі біжутэрыю і пярсьцёнкі, якія сталі сымбалем патрыятызму.
— Каму пашанцавала пазьбегнуць эшафоту, той адпраўляўся ў Сыбір. Як на сёньняшні розум, незразумела, як, скажам, узімку, можна было пешкі дайсьці да той Сыбіры?
— Так, нездарма казалі, што не такая страшная Сыбір, як дарога туды. Яе параўноўвалі з самым цяжкім кругам пекла. Арыштанты ішлі, скутыя ланцугом, часта яшчэ і прыкутыя адзін да аднаго і да прэнгера на павозцы. Яны мусілі ісьці зладжана, бо калі ты зьбіваўся з рытму, то намульваў нагу. Ішлі і ў сьпёку, і ў мароз, і ў дождж. За дзень, ад аднаго этапу да другога, мусілі праходзіць да 35 кілямэтраў. Такім чынам, за тры месяцы высланыя пешкі пакрывалі адлегласьць ад Горадні да Табольску.
— Ці дала жаданы вынік тая рэпрэсіўная палітыка, якую праводзіла Расейская імпэрыя на беларускіх землях?
— Вынік быў адназначна ня той, на які спадзявалася імпэрыя. Рэпрэсіўная палітыка праводзілася дзеля таго, каб уціхамірыць гэтыя землі, зрабіць іх ляяльнымі да цэнтральнай улады. Але наступныя падзеі — паўстаньне 1863 году, аднаўленьне незалежнай Польшчы, урэшце зьяўленьне незалежнай Беларусі, засьведчылі, што жорсткія рэпрэсіі, якія прадпрымаліся расейскай уладай, не прынесьлі жаданага выніку.