Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Міхалевіч едзе ў Чэхію, каб адмовіцца ад палітычнага прытулку

абноўлена

Алесь Міхалевіч
Алесь Міхалевіч

Алесь Міхалевіч атрымаў дазвол ад сьледчага на паездку ў Чэхію, дзе ён плянуе адмовіцца ад палітычнага прытулку.

У інтэрвію карэспандэнту Свабоды Алесь Міхалевіч патлумачыў, што плянуе быць у Чэхіі 30 кастрычніка.

«Я падаў хадайніцтва і праз чатыры дні мне прыйшоў адказ, што маё хадайніцтва задаволена. Для мяне гэта была вельмі вялікая нечаканасьць, бо зразумела, што па такіх справах як у мяне, вельмі рэдка адпускаюць за мяжу. Тэарэтычна ў адпаведнасьці з кодэксам, сьледчы вырашае ці ёсьць верагоднасьць таго, што я зьбягу ці не. Яны вырашылі, што такой верагоднасьці няма і таму мне дазволілі. У самой пастанове гэта не пішацца і таму я магу толькі здагадвацца».

Алесь Міхалевіч сказаў, што па ранейшаму мае статус абвінавачанага па справе аб масавых беспарадках.

«Таму мне вельмі дзіўна, што маё хадайніцтва задаволілі. Хаця, зразумела, я быў гэтаму вельмі рады».

На пытаньне, ці размаўляў ён на гэтую тэму са сьледчым, Міхалевіч адказаў так:

«Я размаўляў, калі атрымліваў гэтую паперу. Ён сказаў, што мы маем права дазволіць і мы дазволілі».

У Празе Алесь Міхалевіч мяркуе вырашыць розныя пытаньні ў тым ліку адносна палітычнага прытулку. А потым вярнуцца ў Беларусь.

— Я зьбіраюся адмовіцца ад палітычнага прытулку ў Чэхіі. Бо я стаў актыўна карыстацца беларускім пашпартам і ў адпаведнасьці з міжнароднымі законамі я знаходжуся пад абаронай Беларусі. Хаця гэта абарона вельмі дзіўная, калі ўлічыць крымінальную справу. Але на мой погляд у дадзенай сытуацыі будзе лепш вырашыць маё пытаньне з палітычным прытулкам.

— Гэта прыклад астатнім — адмовіцца ад палітпрытулку?

— Не, я лічу, што кожная справа індывідуальная і кожны ў сваёй сытуацыі павінен вырашаць сам.

— Час знаходжаньня ў Чэхіі ў вас абмежаваны?

— Я магу сам вырашаць, колькі я там буду знаходзіцца. Але ў мяне абмежаваны час, на які выдадзены дазвол на выезд. Ён абмежаваны 5-м лістапада. То бок 5 лістапада я зьбіраюся быць у Беларусі. Я павінен паведаміць, што я вярнуўся. Для таго, каб у выпадку правядзеньня сьледчых дзеяньняў, яны мелі ўпэўненасьць, што я ў Беларусі. Але паколькі на мяжы гэта фіксуецца, то ў прынцыпе гэта будзе бачна«.

— Тое, што вам далі дазвол на выезд, магчыма сьведчыць, што ўлады могуць вырашаць ваш лёс больш мякка?

— Я ня маю ніякай дадатковай інфармацыі, таму не магу сказаць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG