Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Бяляцкі: Турэмная сыстэма прагніла наскрозь, а рэфармаваць яе няма палітычнай волі


Алесь Бяляцкі
Алесь Бяляцкі

Лідэр праваабарончай арганізацыі «Вясна», былы палітвязень Алесь Бяляцкі крытычна паставіўся да высноваў сваіх калегаў з арганізацыі «Плятформа інавэйшн», якія апошнія месяцы «інспэктавалі» беларускія калёніі і сьледчыя ізалятары.

Алесь Бяляцкі амаль тры гады адбыў у бабруйскай калёніі, а падчас сьледзтва ўтрымліваўся ў менскім сьледчым ізалятары на вуліцы Валадарскага. Паводле яго, назіраньні і высновы, зробленыя цягам ягоных «турэмных унівэрсытэтаў», кардынальна разыходзяцца з тым, што ўбачылі праваабаронцы «Плятформы інавэйшн», наведваючы беларускія калёніі з канца мінулага году, калі Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў МУС Беларусі даў ім такі дазвол.

— Агульны камэнтар у мяне такі, што з асноўнымі высновамі, якія робіць спадарыня Алена Красоўская-Касьпяровіч, якая сьцьвярджае, што ўтрыманьне ў беларускіх турмах палепшылася, я адназначна ня згодны. Ня бачу ніякіх паляпшэньняў, каб можна было сьцьвярджаць, што палепшылі ўмовы ўтрыманьня і ўвогуле ўсю пэнітэнцыярную сыстэму.

Па-першае, згадаю, што праваабаронцаў туды раней ніколі не пускалі. Усе спробы праваабаронцаў наладзіць наведваньне гэтых месцаў за 20 гадоў мы добра памятаем. Гэта было ў 90-я гады, але ў 2000-я гады гэта рэзка скарацілася, і ў выніку мэханізм кантролю грамадзкасьці за пэнітэнцыярнай сыстэмай у Беларусі не працуе. Ёсьць гэтыя абласныя камісіі, у якія часткова ўваходзяць прадстаўнікі няўрадавых арганізацыяў. Але амаль нідзе, апроч магілёўскай камісіі, там няма прадстаўнікоў праваабарончых арганізацыяў, і рэальна амаль нідзе гэтыя камісіі не працуюць. Сыстэма вельмі замкнутая. Калі МУС дае дазвол нейкай арганізацыі наведваць гэтыя месцы, прычым гэта адбываецца без прызнаньня праблемаў, без таго, што такое наведваньне — частка нейкага адказу грамадзкай супольнасьці, то ў мяне, прыкладам, узьнікаюць пытаньні. А чаму такі дазвол атрымала гэтая арганізацыя, а не другая, трэцяя ці іншая, якія таксама прасілі даць ім такую магчымасьць? Прыкладам, я ўжо не кажу пра «Вясну», якая не зарэгістраваная ўладамі, але той жа Беларускі Хэльсынскі камітэт так і не атрымаў такога дазволу.

— А без дазволу — ніяк?

— У нашай краіне — не. У шмат якіх постсавецкіх краінах інакш. У Грузіі, Армэніі, Украіне ці Малдове праваабаронцы маюць права наведваць такія месцы ў любы час, найперш каб рабіць маніторынг гэтай сыстэмы. Які, дарэчы, базуецца на падрыхтаванай тэарэтычнай базе. Бо проста наведваць калёнію — гэта сьмешна.

Я адбыў тры гады на зоне і ведаю, што ніякі начальнік турмы ці калёніі не гатовы, ня хоча і ня будзе паказваць таго, што насамрэч адбываецца ў зоне. І ніякая камісія, хай яна будзе з дэпартамэнту выкананьня пакараньняў ці яшчэ адкуль зьверху, нічога з рэальнага жыцьця там ня ўхопіць. Бо ім нічога не пакажуць.

Ніякі начальнік турмы ці калёніі не гатовы, ня хоча і ня будзе паказваць таго, што насамрэч адбываецца ў зоне

Я памятаю гэтыя камісіі, якія прыяжджалі да нас у бабруйскую калёнію, прыкладам, з дэпартамэнту. Як нас папярэджвалі: так, сёньня будзе камісія адтуль — пайшла брудная лаянка — навесьці там і там парадак, папрыбіраць тое і тое. Усіх зэкаў замыкаюць у пакоі для адпачынку, дзе тэлевізары стаяць, чакаюць, пакуль камісія пройдзе. Усе мусяць сядзець па атрадах, ня дай бог нехта дзе будзе прабягаць, ён можа быць імгненна пакараны.

Я ўжо не кажу пра нейкія нармальныя кантакты з прадстаўнікамі гэтых камісіяў. Любы вязень, які б захацеў мець такі кантакт, потым безумоўна будзе мець непрыемнасьці з боку адміністрацыі калёніі. Бо правіла «не выносіць сьмецьце са сваёй хаты» і на сёньня — жалезнае. Людзей, якія спрабавалі пісаць скаргі ў дэпартамэнт ці нават званіць туды, жорстка каралі.

Пры мне адзін чалавек на маіх вачах і некалькі, пра якіх мне распавялі, былі пасаджаныя ў ШЫЗА на шмат сутак проста за тое, што спрабавалі перадаць скаргу на ўмовы ўтрыманьня ў калёніі. Пры гэтым ведаю, што бабруйская калёнія — ня самая жахлівая ў Беларусі.

Паўсюль скаргі рэзка спыняюцца адміністрацыяй, таму гэтыя наведваньні без мэтадалёгіі дасьледаваньня, прыкладам, без ананімнага анкетаваньня вязьняў, — гэта ў лепшым выпадку такія «пацёмкінскія вёскі». Калі наведнікам паказваюць, што хочуць паказаць, а калі ня хочуць, дык увогуле не паказваюць.

— А вязень у статусе «злодзея ў законе» безь перашкод можа паскардзіцца на ўмовы ўтрыманьня сябрам правяраючай камісіі?

— Ну які злодзей у законе будзе зь імі размаўляць? І ўвогуле, якому зэку дазволяць размаўляць спакойна з правяраючымі, тым больш без прысутных ці не праслухоўваючы?

Са мной сустрэчы ў няволі адбываліся двойчы.

Першы раз — калі прыехала абласная грамадзкая камісія па скарзе. Мая калега паскардзілася, што не дайшоў ліст да мяне, і прадстаўнік камісіі прыехаў, каб выслухаць мяне і атрымаць адказ. Наша сустрэча адбывалася ў прысутнасьці намесьніка начальніка калёніі.

Мяркую, што дэпартамэнт і МУС цалкам не гатовыя дапускаць нейкі кантроль і маніторынг пэнітэнцыярнай сыстэмы

А другая сустрэча была з папскім нунцыем Гуджэроці, яна адбывалася ў прысутнасьці прадстаўніка дэпартамэнту зь Менску. Мы зь біскупам размаўлялі, а палкоўнік слухаў.

Таму казаць пра тое, што вязьні па-сур’ёзнаму ставяцца да гэтых камісіяў, не выпадае. Мяркую, што дэпартамэнт і МУС цалкам не гатовыя дапускаць нейкі кантроль і маніторынг пэнітэнцыярнай сыстэмы.

А дзеля чаго гэта робіцца? Каб рэабілітаваць яе ў вачах беларускай і міжнароднай грамадзкасьці.

— Чаму вы скептычна ставіцеся да пэўных прыкладаў паляпшэньня ўмоў утрыманьня, якія адзначаюць наведнікі? Вось зьявіліся тыя ж сучасныя тэлевізары з плязмавым экранам, хіба гэта дрэнна?

— Так, паказалі ім гэтыя «плязмы». Але ці задавалі наведнікі пытаньне, на якія грошы былі купленыя гэтыя тэлевізары? Гэта былі грошы, сабраныя ў зэкаў? У добраахвотным ці прымусовым парадку?

Між тым тэлевізары, як і лядоўні, купляюцца ў асноўным на грошы саміх зьняволеных, і можна гаварыць толькі пра тое, дазволяць ці не.

Магу прывесьці сотні прыкладаў бязглуздых абмежаваньняў, якія ня маюць ніякага тлумачэньня.

Прыкладам, у СІЗА на «Валадарцы» мы мусілі варыць сабе ежу, бо тое, што нам давалі, есьці было немагчыма. Хлеб і то можна было есьці выбарачна, макарону — не, суп — не. Кашу — толькі калі заправіш нечым сваім, а проста — немагчыма, бо гэта сьвіней кормяць такой кашай, як яны кормяць людзей. Кармілі і кормяць цяпер.

Дык мы варылі суп у плястмасавым вядзерцы, бо мэталічны посуд забаронены. А чаму? А таму што ты, магчыма, з гэтага мэталу сабе нешта пашкодзіш. У выніку варылі ў плястмасавым вядзерцы, і можна ўявіць, якая там якасьць той вады атрымліваецца.

Я ўжо ня буду казаць пра жахлівую перанаселенасьць на «Валадарцы». Там побач з намі былі камэры, дзе на 10 ложкаў было больш за 20 чалавек, людзі спалі па чарзе, а з-за гэтага хваробы скуры, выпадкі сухотаў.

У маім атрадзе ў Бабруйску аднаго хлопчыка, які сядзеў ужо 5 гадоў, забралі з сухотамі ў шпіталь, у атрадзе ўвялі карантын.

Гэта ж усё ад перанаселенасьці. Прыкладам, у нашай сэкцыі было 15 чалавек — гэта нармальна? Магчыма, што так, калі ёсьць сьвежае паветра, калі ёсьць вітаміны. А калі яўны недахоп вітамінаў і людзі, як у нас бывала, працуюць па дзьве зьмены, каб зарабіць свае капейкі? І хіба камісія наведнікаў гэта ўбачыць? Вядома, не.

— Вы кажаце, працуюць па дзьве зьмены? Ёсьць зьвесткі, што ў калёніях ня ўсім хапае працы. Як гэта суадносіцца?

— Фактычна там прымусовая праца, бо ты ня маеш права адмовіцца і мусіш працаваць. Мне паўтара-два даляры ў месяц пералічалі на рахунак з маіх 7–8 даляраў заробку. Астатнія ішлі на плату за ежу. І як за гэтыя грошы набыць сабе вітаміны, тыя ж яблыкі, ці цыбулю, ці грэчку? А калі ты з волі не атрымліваеш дапамогі ў выглядзе перадач? Як за паўтара-два даляры палепшыць сабе рацыён? Гэта ж немагчыма.

Але ня толькі матэрыяльныя праблемы прыніжаюць тваю годнасьць. А як быць з тымі кучамі дз..., якія ёсьць у прыбіральнях? Калі на 116 чалавек у атрадзе ўсяго чатыры дзіркі ў прыбіральні. Можаце ўявіць, якія горы дз... там ляжаць, у той прыбіральні, і як пасьля гэтага чалавек сябе можа пачуваць?

— А наведнік можа гэта ўбачыць на свае вочы?

— Вядома, не. Усё прыбіраецца, чысьціцца, а назаўтра, калі камісія сыходзіць, усё паўтараецца. Бо ўсё напаказ.

— І рамонты — таксама напаказ?

— Рамонты адбываюцца ў асноўным на сродкі зьняволеных. Вось мяне вызвалілі летам 2014-га, а за год перад гэтым мы рабілі рамонт сваёй сэкцыі. Толькі вядро фарбы нам дала калёнія, астатняе зэкі мусілі даставаць самі. Ці купляць нейкім чынам, ці выменьваць.

Мы проста скінуліся па блёку цыгарэт, і я ў тым ліку. Хоць мне пра гэта не сказалі, бо са мной жа кантакты былі забароненыя, але скідваліся ўсе, і я гэта ціха зрабіў. Перадаў і папярэдзіў, каб нікому не казалі. Вось мы скінуліся па блёку, гэта прыкладна па 10 баксаў, а цыгарэты на зоне — як валюта. І за тую валюту нам на прамзоне зрабілі дошкі для шафы, стол адрамантавалі і гэтак далей.

Але яшчэ раз падкрэсьлю: матэрыяльны стан калёніі — гэта толькі адзін з кампанэнтаў утрыманьня вязьняў, і часта ня самы галоўны. Самае галоўнае — гэта абарона годнасьці чалавека, якой там зусім няма.

Самае галоўнае — гэта абарона годнасьці чалавека, якой там зусім няма

Бо на сёньня правілы ўнутранага распарадку, якія распаўсюджваюцца на ўсе калёніі, а таксама Крымінальна-выканаўчы кодэкс маюць настолькі расплывістыя і недакладныя фармулёўкі адносна зьняволеных, што адміністрацыя можа ці трымаць цябе, як усіх іншых, ці зрабіць табе ўмовы ўтрыманьня невыноснымі. Будуць вешаць на цябе парушэньні адно за адным, пазбаўляць харчовых перадачаў, спатканьняў.

Прычым гэта тычыцца ня толькі палітычна зьняволеных, а ўсіх тых, хто спрабуе трымаць сябе там годна, ня «стукаць на іншых», не супрацоўнічаць з адміністрацыяй. Такіх адміністрацыя спрабуе зламаць. Магчымасьці дзеля гэтага якраз і даюць гэтыя законы і дакумэнты.

І тое, якім чынам, прыкладам, Статкевіч апынуўся ў крытай турме, чаму Аліневіч не вылазіць з штрафных ізалятараў — гэтыя ж інструмэнты выкарыстоўваюць і супроць звычайных зэкаў. Яны проста ўзялі гэтыя інструмэнты і перанесьлі іх на палітычных зьняволеных.

— Чаму, на вашу думку, марудна ідзе працэс рэфармаваньня пэнітэнцыярнай сыстэмы ў Беларусі?

— На маю думку, уся гэтая сыстэма заганная, яна не скіраваная на перавыхаваньне чалавека. Замест гэтага выхоўваецца стукацтва, людзей прывучаюць падманваць і хаваць гэтыя падманы, і з такім багажом самых дрэнных якасьцяў чалавек выходзіць з турмы.

А там жа ж у асноўным сядзяць маладыя. Прыкладам, у маім атрадзе са ста чалавек было толькі 3–4 за 50 год, усе астатнія — 20–25. І вось іх спрабуюць падраўняць пад адзін грабянец, цалкам задушыўшы чалавечую годнасьць.

Пра якое выхаваньне ў гэтай сыстэме можа ісьці размова? Гэтая сыстэма патрабуе вельмі сур’ёзных рэформаў, для якіх патрэбная палітычная воля.

Калі ж яе няма, а ёсьць толькі пытаньні, што вось тут у вас падлога не пафарбаваная ці трава ня выскубаная як трэба, то нічога ня зьменіцца.

І таму, лічу, сыстэма будзе заставацца такой, якой яна ўтварылася яшчэ ў савецкія часы. Бо ўсе хваробы сёньняшняй беларускай турмы маюць карані яшчэ з савецкіх часоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG