Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы патрапілі за краты 8 калёній. З інспэкцыяй


Праваабаронцы «Плятформы інавэйшн» атрымалі дазвол наведваць беларускія калёніі і ізалятары, папраўчыя ўстановы адкрытага тыпу і ЛПП.

Паводле дырэктаркі «Плятформы інавэйшн» Алены Красоўскай-Касьпяровіч, па дазвол наведваць установы пэнітэнцыярнай сыстэмы праваабаронцы «Плятформы» першы раз зьвярнуліся ў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў МУС яшчэ ў 2011 годзе. Да кастрычніка 2014 году праваабаронцы атрымлівалі нязьменныя адказы — «не мэтазгодна», і раптам прыйшоў дазвол. З таго часу па сёньня (апошні візыт быў літаральна ўчора) праваабаронцы «Плятформы» наведалі 8 калёніяў, у тым ліку ў Шклове і Горках, адну выхаваўчую калёнію ў Бабруйску і сьледчы ізалятар у Віцебску. Асноўная тэндэнцыя, якую адзначылі праваабаронцы па выніках гэтых візытаў, станоўчая.

«Паўсюль у калёніях ідзе будоўля новых памяшканьняў і рамонт старых, умовы паступова паляпшаюцца, але досыць і недахопаў», — кажа Алена Красоўская-Касьпяровіч і спасылаецца на вынікі рамонту ў жаночай калёніі № 4, што ў Гомелі:

«Прыкладам, там у новых карпусах, дзе пражываюць вязьні, акрамя душавых кабінак, акрамя пральных машын, усталяваныя бідэ для асабістай гігіены жанчын, чаго няма ў большасьці нашых кватэр. Гэта нас уразіла. І наяўнасьць душавых дазваляе прымаць душ ня раз на тыдзень, як было раней, а ў любы час, калі ёсьць магчымасьць».

Алена Красоўская-Касьпяровіч
Алена Красоўская-Касьпяровіч

Як паведамлялі Свабодзе грамадзкія актывісткі пасьля адседкі ў менскім ізалятары на Акрэсьціна, там за вязьнямі кругласуткавае відэаназіраньне. У тым ліку відэаназіраньне магчымае і ў момант, калі вязьні робяць акты гігіены. Паводле Алены Красоўскай-Касьпяровіч, у жаночай калёніі ў Гомелі гэта выключана, бо там у будынку відэакамэры ўсталяваныя толькі ў калідорах. «Але ў цэлым відэакамэраў у калёніях зьяўляецца ўсё больш, гэта становіцца асноўным сродкам забесьпячэньня бясьпекі», — адзначае праваабаронца.

Ці глядзяць беларускія вязьні тэлебачаньне? Ці ёсьць у іх магчымасьць карыстацца інтэрнэтам? Паводле Алены Красоўскай-Касьпяровіч, ва ўсіх калёніях, якія наведалі праваабаронцы, у пакоях адпачынку яны бачылі тэлевізары, у тым ліку часта трапляліся тэлевізары зь вялікім плоскім экранам. Што да інтэрнэту, то ён паўсюль забаронены, і праваабаронцы ня ўбачылі намеру адміністрацыі гэтае становішча зьмяніць.

«Хоць я асабіста выказваюся за тое, каб даць магчымасьць вязьням выходзіць праз інтэрнэт на пэўныя сайты, у тым ліку навучальныя, як гэта робяць у той жа Швэцыі. Бясьпецы гэта не пашкодзіць», — мяркуе спадарыня Красоўская-Каспяровіч.

З бытавых праблемаў, якія застаюцца актуальнымі для калёніяў, праваабаронца адзначыла вялікі недахоп лядоўняў у атрадах. З гэтай прычыны вязьні ня могуць доўга захоўваць прадукты, якія ім перадаюць з волі. Адзіная калёнія, паводле праваабаронцаў «Плятформы», умовы ў якой рамонтам і новым абсталяваньнем не паправіць — гэта калёнія ў Горках:

У Горках патрэбны знос усіх будынкаў, якія проста развальваюцца і фізычна састарэлі

«Там патрэбны знос усіх будынкаў, якія проста развальваюцца і фізычна састарэлі. На сёньня гэтая калёнія ў самым дрэнным стане».

Наколькі адкрытымі для праваабаронцаў былі ўстановы, якія яны наведвалі? Паводле Алены Красоўскай-Касьпяровіч, ім паказвалі ўсе памяшканьні, якія яны хацелі пабачыць, у тым ліку і гэтак званыя ШЫЗА, або карцэры. У Горацкай калёніі, паведаміла праваабаронца, на іх просьбу вывелі з ШЫЗА ўсіх вязьняў і далі магчымасьць зь імі паразмаўляць сам-насам. Сярод суразмоўцаў аказаўся адзін зь беларускіх «злодзеяў у законе» Дзьмітры Галееў па мянушцы Галей:

«Нам ён паведаміў, што там ня б’юць і не катуюць, бо гэта першае, што нас цікавіла. А вось калі яго затрымлівалі і везьлі ў ізалятар на Валадарскага, дык згадваў, што атрымаў кухталёў. Тут, казаў, умовы нармальныя. А скардзіўся Галей наконт сваёй крымінальнай справы».

Па выніках наведваньня карцэраў у ізаляратах праваабаронцы паведамілі, што цяпер яны паўсюль у новых ці адрамантаваных памяшканьнях, дзе дастаткова суха і цёпла.

Нядаўна праваабаронца зь «Вясны», былы палітвязень Алесь Бяляцкі абнародаваў зьвесткі пра свае заробкі ў Бабруйскай калёніі — усяго па 40–50 тысяч на месяц. Чым можна патлумачыць такія нізкія заробкі вязьняў? Алена Красоўская-Касьпяровіч мяркуе, што велічыня заробку залежыць найперш ад вытворчай базы калёніі і канкурэнтаздольнасьці яе прадукцыі:

«Прыкладам, у 4-й жаночай калёніі шыюць уніформу для сілавых структураў, на якую ёсьць дзяржаўны заказ. І ў асуджаных, паколькі ёсьць рэалізацыя, заробак можа даходзіць да 5 мільёнаў рублёў. Мы самі бачылі гэтыя разьліковыя лісткі. Але ў іншых, прыкладам, у калёніі № 9, вязьні, якія працуюць у пякарні, атрымліваюць заробак 70 тысяч рублёў».

Былы палітвязень Васіль Парфянкоў, які адбываў апошняе пакараньне ў калёніі ў Горках, сядзеў там у карцэры за тое, што адмовіўся выходзіць на працу. «Я не хацеў працаваць як нявольнік, бо там за працу амаль не плацілі», — апавядаў пазьней Васіль Парфянкоў. Ці ўдалося праваабаронцам «Плятформы» наведаць калёніі, дзе трымаюць палітвязьняў?

Алена Красоўская-Касьпяровіч паведаміла, што яны наведвалі шклоўскую калёнію яшчэ да таго, як туды на пачатку году зьмясьцілі былога кандыдата на прэзыдэнта Мікалая Статкевіча. «Паводле нашых назіраньняў, умовы там палепшыліся», — зазначыла дырэктарка «Плятформы інавэйшн». У лістападзе мінулага году праваабаронцы наведалі калёнію № 17 пад Віцебскам, дзе цяпер адбывае васьмігадовае пакараньне палітвязень Ігар Аліневіч. Ці вядома праваабаронцы, за што Ігара Аліневіча гэтак часта караюць карцэрам?

«На жаль, мы не перасекліся зь Ігарам у момант, калі там былі, і не задавалі пытаньняў, чаму яго гэтак часта зьмяшчаюць у ШЫЗА, бо тады такіх пытаньняў не было. Гэта трэба высьвятляць у адміністрацыі, якія праблемы ёсьць у Ігара».

Паводле Алены Красоўскай-Касьпяровіч, разам з калегамі з «Плятформы» цягам бліжэйшых гадоў яны плянуюць наведаць усе 66 устаноў пэнітэнцыярнай сыстэмы Беларусі, прычым не па адным разе. Дамова пра гэта атрыманая.

«Нам паабяцалі, што пусьцяць у любую калёнію, у тым ліку ў момант, калі там здарыцца нешта надзвычайнае. Адзінае — калі гэта не пашкодзіць бясьпецы», — сказала праваабаронца.

Алена Красоўская-Касьпяровіч узначаліла праваабарончую ўстанову «Плятформа інавэйшн» у 2014 годзе, пасьля таго як быў арыштаваны заснавальнік першай «Плятформы», былы палітвязень Андрэй Бандарэнка. Раней Алена Красоўская-Касьпяровіч, якая мае мэдычную і пэдагагічную адукацыю, працавала ў розных мэдычных установах, у тым ліку ў рэспубліканскім турэмным шпіталі пры менскай калёніі № 1 на вуліцы Кальварыйскай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG