Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стральцоў-Карвацкі: «Унутрана я сябе адчуваю перш за ўсё літвінам»


Аляксандар Стральцоў-Карвацкі
Аляксандар Стральцоў-Карвацкі

Госьць «Інтэрвію тыдня» — намесьнік старшыні БНФ Аляксандар Стральцоў-Карвацкі. Ён разважае пра праблемы гістарычнай пераемнасьці беларускага нацыянальнага руху, прызнаецца, што ня ведае канчатковай мэты літвінізму, і адказвае на пытаньне, ці не баіцца за свае погляды пакласьці на стол партыйны білет.

— На апошнім зьезьдзе Партыі БНФ, дзе вы зноў былі абраныя намесьнікам старшыні, мне кінулася ў вочы адна асаблівасьць, якой я раней не назіраў у БНФ. На зьезьдзе даволі прыкметна праяўляла сябе група дэлегатаў, якая атаясамлівала сябе менавіта зь літвінізмам.

— Мне, дарэчы, такія акрэсьліваньні (літвінства, літвінізм) не падабаюцца. Бо яны носяць пераважна нэгатыўны характар, асацыююцца зь нейкай ідэалёгіяй. Мне падаецца, што прыхільнасьць да ідэі Вялікай Літвы, да нашай гістарычнай спадчыны ня носіць характару ідэалёгіі.

— Тым ня менш гэтая група дэлегатаў была даволі заўважнай і актыўнай на зьезьдзе. І вас, як мне падалося, абралі ў намесьнікі старшыні партыі ў тым ліку як прадстаўніка гэтай групы. Ці згодныя вы з такой ацэнкай?

— Напэўна, ёсьць людзі, якія прытрымліваюцца гэтай ідэі, у тым ліку і ў Партыі БНФ. Але, на маю думку, нельга казаць, што гэтая група неяк дакладна аформленая, інстытуцыяваная — такога няма. Але натуральна, што ў рознай ступені прыхільнасьць да ідэі, што сёньняшняе існаваньне беларускай нацыі выводзіцца з ВКЛ — яно характэрнае для значнай частцы фронтаўцаў.

— Прыхільнасьць да гісторыі і канкрэтна ВКЛ — гэта ўласьціва значнай частцы беларускага насельніцтва, а ня толькі палітычным актывістам. Але прыхільнікі літвінізму ў сацыяльных сетках часта пішуць, што Беларусь — гэта няправільная назва. І пакуль яна ёсьць, нічога добрага не атрымаецца. Усё беларускае адраджэньне цярпіць паразу выключна з-за гэтага слова. А вось назавёмся Літвой — і ўсё пойдзе выдатна. Вы таксама верыце ў магічнае значэньне імя?

— Ёсьць жа прымаўка — «як карабель назавеш, так ён і паплыве». У кожным жарце элемэнт жарту. Шмат залежыць ад саманазвы, самаідэнтыфікацыі — але ня ўсё, вядома. І ня трэба тут уваходзіць у нейкую абсалютызацыю назвы. Гэтыя дыскусіі ў Фэйсбуку — відаць, ня лепшы прыклад, часта яны вядуцца ананімна, і я на іх не спасылаўся б.

Што да сурʼёзнага падыходу да спадчыны, то я сябе вызначаю найперш як патрыёт-дзяржаўнік, не прывязаны да этнічнага нацыяналізму як ідэі, а больш да дзяржаўнай пераемнасьці. Калі мы глядзім з гэтага пункту гледжаньня, калі мы ставім пытаньне дзяржаўнай пераемнасьці Беларусі на першае месца, тады бяз спадчыны ВКЛ абысьціся ня можам. І ў гэтым сэнсе мне не падабаецца, што сёньняшняя РБ гэтую спадчыну ніяк не акцэнтуе.

Вялікая праблема беларускага руху — у пераемнасьці. Дзяржавы, якія маюць такую пераемнасьць стагоддзямі — ня маюць праблемаў з нацыянальнай самаідэнтыфікацыяй. Таму ёсьць пытаньне, чаму на пачатку 20 стагодзьдзя быў зроблены такі выбар (на карысьць Беларусі), а ня іншы. І калі была магчымасьць выбару, то трэба было трымацца спадчыны ВКЛ, і ісьці за назвай Літва ў тым ліку.

— Кожны ідэйны рух мае нейкую канчатковую мэту. Якая канчатковая мэта літвінскага руху?

Мы ня можам сёньня прэтэндаваць на назву «Літва» ў сьвятле міжнароднага права. Гэта факт

— Я думаю, зарана казаць пра канечную мэту літвінскага руху. Гэтага ня ведае ніхто, у тым ліку і я. Сутнасьць у працэсе. І часта канечная мэта не заўсёды адпавядае таму выніку, які ў рэальнасьці можам дасягнуць.

Мы ня можам сёньня прэтэндаваць на назву «Літва» ў сьвятле міжнароднага права. Гэта факт. Я б акрэсьліў мэту як тое, што кожны грамадзянін Беларусі павінен глыбока адчуваць сувязь са спадчынай ВКЛ і лічыць ВКЛ сваёй дзяржавай. Дарэчы, гэта і было адлюстравана ў канцы 2000-х гадоў, калі, паводле апытаньня НІСЭПД, каля 40 працэнтаў назвала ВКЛ першай беларускай дзяржавай.

— Ну, так, і навошта ламіцца ў адчыненыя дзьверы? ВКЛ ужо ўваходзіць у жыцьцё беларусаў нават праз школьную адукацыю, любы школьнік так і адкажа.

— Але што з гэтага вынікае? Мала ведаць, што ВКЛ было нашай дзяржавай. Ці мы паводзім сябе, як літвіны таго часу? Ці мы належым да заходняй, лацінскай цывілізацыі? У ВКЛ кіраваліся прынцыпамі індывідуальнай свабоды, якая, вядома, перш за ўсё была характэрная для шляхты — але падданыя князя лічылі сябе свабоднымі людзьмі.

— То бок вы лічыце, што трэба ставіць пытаньне пра юрыдычную пераемнасьць ад ВКЛ?

— Гэта ў першую чаргу маркер цывілізацыйны. Заходні тып мысьленьня, дзе перадусім шануецца права.

— Час ад часу ўспыхваюць дыскусіі вакол літвінства, і некаторыя прыхільнікі літвінізму адкрыта ў гэтых дыскусіях кажуць, што беларускі рух для іх варожы, а беларусы — гэта няправільная назва і ідэалёгія. Вы падзяляеце такія меркаваньні?

— Гэта фэйсбучныя дыскусіі, якім я вялікай увагі не надаю. Ня трэба фэтышызаваць назву. Сёньняшнія дзяржавы ў Эўропе стаяць на грунце мадэрновай прававой канцэпцыі, у якой этнічнае акрэсьленьне нацыі мае дамінантнае значэньне. А акрэсьленьне сябе як літвіна азначае дамадэрновае, архаічнае вызначэньне. Аднак сёньняшнія людзі ўсё пераводзяць на вызначэньне сябе ў нацыянальным сэнсе.

Зразумела, што ў разуменьні нацыі сёньняшнім мяне залічаць у беларусы, што б я ні казаў. Але ўнутрана ўсё адно я адчуваю сябе ў першую чаргу літвінам. І, паўтаруся, разумею гэта перш за ўсё як акрэсьленьне цывілізацыйнае.

— Дарэчы, ёсьць магчымасьць выбару. У 2019 годзе пройдзе чарговы перапіс насельніцтва. І людзям будуць задаваць пытаньне пра нацыянальнасьць. Як вы на яго адкажаце?

— Я і на мінулым перапісе акрэсьліваў сябе як літвіна. Але гэта хібная практыка — атаясамліваць гэта з нацыянальнасьцю. У анкеце няма іншай графы, каб можна было абазначыць сваю цывілізацыйную прыналежнасьць. Таму ня думаю, што гэта адпаведны інструмэнт, каб ацаніць нейкія настроі.

Сёньня большасьць грамадзян Беларусі акрэсьліваюць сябе як беларусы. І што з таго, калі яны не гавораць па-беларуску, глядзяць расейскія каналы?

Для чалавека сучаснага складу ўсё як бы ясна — вось ёсьць нацыянальнасьць. Але што ён укладае ў гэта? Сёньня большасьць грамадзян Беларусі акрэсьліваюць сябе як беларусы. І што з таго, калі яны не гавораць па-беларуску, глядзяць расейскія каналы?

— То бок для вас называць сябе літвінам сёньня — гэта як сёньняшні італьянец назваў бы сябе старажытным рымлянінам?

— Ну так, нешта ў такім стылі.

— А ваша падвойнае прозьвішча — гэта ня пашпартнае? Гэта псэўданім?

— Гэта псэўданім. Я так сябе называю, бо хачу падкрэсьліць і абазначыць прысутнасьць пэўнай галіны ў маім родзе. Карвацкія — гэта мае продкі.

— Ваша палітычная бескампраміснасьць ужо выклікала скандалы. Будучы кандыдатам у дэпутаты на мінулых парлямэнцкіх выбарах, вы выступалі за вяртаньне зямлі тым, хто валодаў ёй да 1939 году. Вядома, кожны палітык у рамках сваёй партыі мае пэўную самастойнасьць, але — менавіта ў рамках партыйнай дактрыны. Вы не баіцеся, што часам надта далёка адыходзілі ад асноўных прынцыпаў БНФ і за гэта можаце «пакласьці партбілет на стол»?

— Я лічу, што мае дзеяньні згодныя з праграмай партыі. У праграме сказана, што БНФ падтрымлівае прыватную ўласнасьць на зямлю. Але ў праграме ня вызначана, якім спосабам гэта можа быць дасягнута — продаж, перадача, рэстытуцыя ці арэнда з выкупам. На маю думку, рэстытуцыя можа быць адным са спосабаў прыватызацыі зямлі.

Усе перадачы «Інтэрвію тыдня» на Soundcloud

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG