А пасажыраў электрычкі «Менск — Баранавічы» больш хвалююць праблемы адукацыі, стану беларускай мовы, стварэньня беларускамоўнага ўнівэрсытэту. Гарачая дыскусія завязалася і вакол нацыянальнай ідэі і самаідэнтычнасьці беларусаў.
Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім правяла прыём грамадзянаў у сваёй выбарчай акрузе — у пасёлку Гарадзея. Але сустрэча з выбарнікамі пачалася яшчэ па дарозе ў Гарадзею — у хуткаснай электрычцы Менск — Баранавічы.
У Гарадзеі цяпер спыняецца «Штадлер». Next stop — Савані
На пэроне менскага вакзалу спадарыня Алена падзялілася з журналістамі праблемай, якую спрабуе вырашыць для сваіх землякоў.
Жыхары вёскі Савані, якая прымыкае да чыгункі, шмат гадоў дамагаюцца, каб тут зрабілі прыпынак электрычкі. Побач аграгарадок, аўтобус у райцэнтар ходзіць толькі 3 разы на тыдзень. Электрычка б выратавала сытуацыю. Да наступнага прыпынку электрычкі 3 кілямэтры, народ ідзе літаральна па чыгуначных пуцях, бо сьцежкі няма. Здараліся няшчасныя выпадкі, некалькі чалавек загінулі. Некалі жыхары нават самі зьбіралі грошы на чыгуначны прыпынак, але тыя грошы недзе зьніклі.
На думку дэпутаткі, праблема цалкам вырашальная — нядаўна яна дамаглася, каб хуткасны цягнік «Штадлер» рэгіянальных лініяў Менск — Баранавічы спыняўся на станцыі Гарадзея. Але, каб перамагчы бюракратычную сыстэму, патрэбна вельмі шмат высілкаў і часу, кажа Алена Анісім.
«Паход у народ» у электрычцы
Спачатку пасажыры насьцярожана паставіліся да пытаньня, якія праблемы хвалююць людзей. У двух вагонах пытаньняў не было: хтосьці драмаў, моладзь у навушніках трымала ў руках мабільныя прылады і ні на кога не зьвяртала ўвагі.
У трэцім вагоне дзьве жанчыны запыталіся пра стаўленьне дэпутаткі да таго, што ў школьных настаўнікаў шмат часу займае запаўненьне ўсялякіх папер, напісаньне плянаў, а тут яшчэ зрабілі абавязковым працоўным днём суботу. Дэпутатка ўважліва выслухала настаўніц — неўзабаве Палата прадстаўнікоў пачне разглядаць папраўкі ў Кодэкс аб адукацыі.
Маладыя людзі, што ехалі ў электрычцы, пазналі дэпутатку, прыгадалі, якія пытаньні яна ўздымала на «Вялікай размове з прэзыдэнтам». Гаварылі з Аленай Анісім яны добрай беларускай моваю.
Адзін малады чалавек нават уступіў у дыскусію пра нацыянальную ідэю Беларусі, з горыччу канстатаваўшы, што ён не адчувае сябе беларусам у сваёй краіне. Студэнта-мэдыка хвалюе праблема стварэньня беларускамоўнага ўнівэрсытэту, і яны з Аленай Анісім імгненна знайшлі агульную мову. Дыскусію, праўда, не пасьпелі завершыць — прыехалі ў Гарадзею.
«Радуе, што, пачуўшы беларускую мову, людзі на яе адгукаюцца»
Падарожнымі размовамі ў электрычцы Алена Анісім задаволеная:
«Мяне зацікавіў гэты фармат, „хада ў народ“, з той прычыны, што можна пагутарыць зь людзьмі без усялякіх фармальнасьцяў, яны могуць шчыра выказаць тое, што іх турбуе. Праўда, спачатку пасажыры былі ня вельмі актыўнымі, давялося самой падыходзіць і спрабаваць разгаварыць. Радуе, што, пачуўшы беларускую мову, людзі на яе адгукаюцца і размаўляюць таксама па-беларуску.
Хвалюе народ пытаньне дэбюракратызацыі сыстэмы адукацыі: настаўнікі, якія атрымліваюць мізэрныя заробкі, але робяць вельмі важную справу — вучаць дзяцей, проста замучаныя непатрэбнай пісанінай, якая ўрэшце ператвараецца ў фармалізм.
Людзей хвалюе, што беларуская мова зьнікае з ужытку, што маладое пакаленьне не ў такой ступені адчувае сябе беларусамі, у тым ліку праз тое, што кепска ёй валодае.
Моладзь таксама падтрымлівае навучаньне па-беларуску, і, калі гаворыш зь імі пра ўнівэрсытэт зь беларускай мовай навучаньня, цалкам за гэту ідэю. Іншая справа, якой мы бачым гэтую ўстанову: хтосьці хацеў, каб толькі плыні беларускамоўныя былі ў розных унівэрсытэтах на розных спэцыяльнасьцях, хтосьці выступае за цалкам беларускамоўны ўнівэрсытэт. Будзем гэта абмяркоўваць на нарадзе зь міністрам адукацыі Ігарам Карпенкам».
Дэпутацкі прыём у Гарадзеі Алена Анісім праводзіла са сваім дабраахвотным памочнікам і кіраўнікамі мясцовай вэртыкалі. Памочнік Алены Анісім Леанід Качановіч чатыры тэрміны адпрацаваў старшынём Гарадзейскага пасялковага выканаўчага камітэту, цяпер кіруе мясцовым ЖКГ, таму ўсе мясцовыя праблемы ведае. Старшыні Гарадзейскага пасялковага і сельскага выканкамаў Уладзімер Курачыцкі і Ўладзімер Раўбецкі таксама кансультавалі грамадзянаў.
Як банк налічыў нябожчыцы шалёныя працэнты і штраф за нясплату крэдыту
Першыя наведнікі — пэнсіянэрка Марыя Сьвешнікава з мужам. 7 гадоў таму іх дачка Тацяна памерла ад анкалягічнай хваробы, і 12-гадовая ўнучка Маша засталася круглай сіратой. Тацяна працавала эканамістам у камэрцыйным РРБ-Банку і ўзяла там крэдыт, пра які бабуля і ня ведала. Як стала вядома пазьней, зь першапачатковай сумы крэдыту ў 6 тысяч даляраў большую частку жанчына выплаціла яшчэ пры жыцьці, заставалася каля 1 тысячы даляраў доўгу банку.
Яшчэ ў 2013 годзе супрацоўнікі банку параілі бабулі напісаць заяву аб дараваньні запазычанасьці, што яна і зрабіла. Тры гады з боку банку ніякіх прэтэнзіяў не было. Але як толькі дачцэ памерлай споўнілася 18 гадоў, яна стала поўнагадовай, банк выставіў дзяўчыне рахунак — выплаціць рэшткі матчынага крэдыту. Прычым сума запазычанасьці істотна вырасла — спачатку да 23 тысяч даляраў з улікам працэнтаў, пені і штрафаў, потым прапанавалі дзяўчыне выплачваць банку па 100 даляраў на месяц. Цяпер банк выстаўляе рахунак у 10 тысяч даляраў:
«У дзяўчыны грошай няма, мы пэнсіянэры, дапамагаем ўнучцы-студэнтцы. Аказалася, на памерлага чалавека налічвалі вялікія працэнты, пеню, штрафы за нясплату — маўляў, у банку ня ведалі, што іх супрацоўніца памерла. Хоць бы раз хто пацікавіўся, як жыве гэтае дзяўчо-сірата!» — галосіць бабуля.
Цяпер на 18-гадовай студэнтцы вісіць вялікая пазыка. Стаўпецкі раённы суд у чэрвені 2016 году вынес рашэньне на карысьць дзяўчынкі. Але банк зьвярнуўся са скаргай у Менскі абласны суд, які за 3 хвіліны адмяніў рашэньне Стаўпецкага суду, нават ня выслухаўшы родных памерлай. Цяпер справу будзе разглядаць калегія Вярхоўнага Суду.
Алена Анісім прагледзела копіі дакумэнтаў, параіла зьвярнуцца да яе штатнага памочніка, прафэсійнага юрыста Мікалая Новіка, які вядзе прыём у Стоўпцах.
«Гэта проста цынізм — налічваць нябожчыку такія шалёныя працэнты і штрафныя санкцыі. Сіроты і інваліды ў нас самыя безабаронныя. Дзіця яшчэ на ногі ня ўстала, адкуль яна возьме грошы? Справа складаная, будзем разьбірацца, вывучаць справу, бараніць дзяўчыну-сірату», — паабяцала Алена Анісім.
Дзьве машыны пяску на дарогу высыпалі — і ўвесь рамонт
Другі наведнік, Віктар Шарапа наракае на стан дарог і, у прыватнасьці, на сваю вуліцу Мічурына, дзе ён жыве і па якой ні праехаць ні прайсьці.
Частка гарадзейскіх вуліц знаходзіцца на балянсе не мясцовых уладаў, а абласных дарожных службаў, у прыватнасьці на балянсе ДРСУ-168, тлумачыць памочнік дэпутата Леанід Качановіч:
«Спачатку ДРСУ-168 давала адпіскі, што не праведзены яшчэ камунікацыі, няма сэнсу вуліцы добраўпарадкаваць. Але ў 2008 годзе ўсе камунікацыі, інжынэрныя сеткі праведзены, і кожны год у пляны ўключаецца прывядзеньне дарогі ў належны стан, але дагэтуль нічога ня зроблена. Я ўжо як памочнік дэпутата зьвярнуўся з запытам, нядаўна атрымаў адпіску: дзьве машыны гравійна-пясчанай сумесі высыпалі, усё ў парадку. Ніхто не грэйдуе, не пасыпае, ня чысьціць зімой. Людзі падсыпаюць самі, як могуць, каля сваіх дамоў».
Віктар Шарапа паказаў адказ ДРСУ-168: маўляў, вуліца не на балянсе абласной дарожнай службы, а на балянсе мясцовага выканкаму. Адрапартавалі, што раней на добраўпарадкаваньне ўчастку ў 900 мэтраў пайшло 2 мільярды рублёў. Праектна-каштарыснай дакумэнтацыі няма. Памочнік дэпутата Леанід Качановіч пажартаваў: «На гэтую суму можна было зрабіць алімпійку ў 3 паласы! Адкуль бяруцца такія лічбы?»
Віктар Шарапа пытаецца: «Дык што мне адказаць людзям? Мы ж за вас галасавалі!»
Чаму па Цэнтральнай вуліцы немагчыма праехаць
Інжынэр-электроншчык Аляксандар Галаўко таксама прыйшоў на прыём з пытаньнем пра дарогі. Ягоная вуліца на балянсе таго ж ДРСУ-168. Аляксандар паказаў таксама цэлую тэчку перапіскі з чыноўнікамі:
«Колькі не прасілі ўпарадкаваць дарогу — ніхто не рэагуе. У 2009 годзе наша вуліца была ў плянах упарадкаваньня, у 2011 годзе ўжо зьнікла. У мяне пытаньне: за што я аплачваю дарожныя зборы? У мяне дзьве новыя машыны. У мінулым месяцы я сумленна заплаціў 600 рублёў дарожных збораў. Чаму я, аплаціўшы такія зборы, павінен езьдзіць па разьбітых дарогах, псаваць падвескі машыны? Я што, павінен рамонт МКАД аплочваць? Дык я па сталічнай кальцавой дарозе ня ежджу, я па Гарадзеі ежджу», — задае рытарычныя пытаньні Аляксандар Галаўко.
«Наша вуліца называецца Цэнтральная, але гэта як зьдзек: праехаць па ёй немагчыма. Дарога разьбітая, побач звалка і кар’еры, куды едзе транспарт, па дарозе возяць шматтонныя машыны з буракамі. Ніяк ня могуць адрамантаваць 1,7 км дарогі!», — скардзіцца і Алег Абрамовіч.
Алена Анісім бярэ ўсе гэтыя скаргі на кантроль і абяцае 20 лютага сустрэцца зь мясцовым кіраўніцтвам і абмеркаваць праблему:
«Праблема агульная. Давайце складзем сьпіс усіх гэтых вуліц, якія трэба добраўпарадкаваць. Я цалкам згодная, што вашы падаткі павінны ісьці на ўпарадкаваньне мясцовых дарог».
«Баюся паўтарэньня Барысаўскай трагедыі з газам»
Уладзімер Чыркун жыве ў двухпавярховіку, які знаходзіцца на балянсе СВК «Гарадзея». Дом васьмікватэрны, стары — яму больш за 50 гадоў. Людзі прыватызавалі кватэры і цяпер робяць зь імі што хочуць. Суседзі зьнізу ўсталявалі двухконтурны кацёл, перанесьлі сьцяну, перакрылі ўсе выцяжкі, правялі газавую трубу па сьцяне, якая грэецца. Спадар Чыркун асьцерагаецца ўцечкі газу:
«Праекту ўсталяваньня газавага катла ў суседа няма, усе нарматывы парушаныя. Я зьвяртаўся ва ўсе раённыя службы, езьдзіў у Баранавічы. Атрымаў цынічныя адпіскі з гаргазу — што рабіць у выпадку атручваньня чадным газам: тэрмінова выклікаць „хуткую дапамогу“! Зьвяртаўся на „гарачую лінію“ ў райвыканкам да намесьніка старшыні па будаўніцтве і ЖКГ Міхаіла Афанасіка — адказу няма. У мяне дзеці, унукі, я асьцерагаюся за іх жыцьці. Я баюся паўтарэньня барысаўскай трагедыі, калі шэсьць чалавек загінулі ад атручэньня газам».
Уладзімер Чыркун паказаў цэлую тэчку сваіх зваротаў да чыноўнікаў і іхных адпісак.
Алена Анісім абяцала параіцца з калегай, якая займалася падобнымі праблемамі:
«Трэба рабіць незалежную экспэртызу. Калі вам так адказваюць, як дапамагчы пры атручваньні газам — гэта ўжо абсурд».
«Які я дармаед? Я апрацоўваю гектар зямлі»
Алег Абрамовіч у 1999 годзе атрымаў участак 15 сотак, пабудаваў дом. Трымае вялікую гаспадарку — кароў, сьвіней, курэй. Акрамя сваіх сотак, апрацоўвае яшчэ ўчасткі суседа і 75-гадовай маці, у якой ажно 39 сотак. А Алега прызналі дармаедам і патрабуюць заплаціць 360 рублёў падатку.
«Які я дармаед? У Гарадзеі няма працы — закрыліся прадпрыемствы: раскідалі льнозавод, нафтабазу, базу рапсу. Я трымаю вялікую гаспадарку, працую дзень і ноч. Я люблю зямлю і хачу на ёй працаваць, больш за гектар зямлі апрацоўваю. Летась я працаваў часова, на сэзонных работах у калгасе і ў ЖКГ, але ў суме атрымалася, што менш за 183 дні. Мне нічога ніхто не патлумачыў, што я паўгода павінен рабіць. А плаціць падатак патрабуюць. Я плачу за ўсё: за газ, сьвятло, камунальныя паслугі, купляю кармы для скаціны. Які я дармаед?» — абураецца Алег Абрамовіч.
Старшыня сельсавета тлумачыць сытуацыю: калі ёсьць соткі для вядзеньня асабістай падсобнай гаспадаркі, іх трэба дакумэнтальна аформіць. Напісаць заяву, што чалавек працуе на зямлі. Па панядзелках і чацьвяргах у сельсавеце працуе землеўпарадчык з райцэнтру, неабходна прыйсьці і аформіць паперы.
«Прыедуць землямеры, ім трэба заплаціць 300 рублёў. А дзе я іх вазьму? У мяне дачка на платным вучыцца, больш за 2 тысячы за вучобу плачу», — скардзіцца Алег Абрамовіч.
Алена Анісім прапануе разам абмеркаваць, як выйсьці з гэтай канкрэтнай сытуацыі. Пасьля працяглых кансультацыяў са старшынямі выканкамаў і дарадцам прыходзяць да высновы, што ўсё адно дакумэнты давядзецца афармляць. Раяць напісаць заяву ў раённую камісію, падрабязна апісаць сытуацыю, прыкласьці даведку сельсавету, што спадар Абрамовіч сапраўды мае падсобную гаспадарку, працуе на зямлі. І зьвярнуцца ў раённую камісію, патлумачыць сытуацыю. Хоць, як сказаў старшыня пасялковага выканкаму, на мінулым тыдні двум мясцовым «дармаедам» адмовілі ў вызваленьні ад падатку.