Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лекары лічаць яго цалкам здаровым». Праваабаронца змагаецца за вызваленьне з «варʼятні» Лапіцкага


Аляксандар Лапіцкі
Аляксандар Лапіцкі

Кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Прававая дапамога насельніцтву» Алег Воўчак накіраваў дырэктару Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру псыхічнага здароўя Аляксандру Старцаву ліст з просьбай тэрмінова прызначыць лекарскую камісію для пацыента шпіталя Аляксандра Лапіцкага.

Аляксандар Лапіцкі — менскі пэнсіянэр, якога пасьля публічнай крытыкі на адрас Аляксандра Лукашэнкі ды іншых чыноўнікаў суд адправіў на прымусовае лячэньне ў цэнтры ў Навінках.

«Лекары не прызначаюць яму ніякага лячэньня і лічаць яго цалкам здаровым», — даводзіць Алег Воўчак.

Паводле праваабаронцы, дапамагчы Лапіцкаму тэрмінова вярнуцца з варʼятні на волю можа толькі мэдычная камісія, якую мае права прызначыць дырэктар установы Аляксандар Старцаў.

Дактары не даюць яму ніякіх сродкаў, прызнаюць, што лячэньне яму не патрэбнае, а патрэбны проста спакой і жыцьцё пад наглядам сваякоў дома, бо чалавеку ужо больш за 80 гадоў.

«Паводле заключанай з Лапіцкім дамовы я маю права абараняць ягоныя інтарэсы як юрыдычны прадстаўнік. Ён у шпіталі зь лістапада, і я бачу, што гэта цалкам здаровы чалавек. Дактары не даюць яму ніякіх сродкаў, прызнаюць, што лячэньне яму не патрэбнае, а патрэбны проста спакой і жыцьцё пад наглядам сваякоў дома, бо чалавеку ужо больш за 80 гадоў.

Ён трымаецца добра, прыкметаў псыхічнага разладу няма, на яго там ня ціснуць, ён на гэта ня скардзіцца, але кажа, што маральна яму цяжка. Усё ж гэта псыхушка, там сапраўды шмат псыхічна хворых людзей, жыць побач зь якімі здароваму чалавеку складана.

Кожны месяц з шасьці прызначаных судом для лячэньня ў шпіталі яго павінна аглядаць камісія. Вось гэтага мы і дамагаемся. І гэтая камісія можа прызнаць, што ён ужо цалкам здаровы, ды зьвярнуцца з гэтым рашэньнем у суд. На гэтай падставе суд можа прыняць рашэньне зьняць з Лапіцкага прымусовае лячэньне. Гэта было б законным і найбольш гуманным рашэньнем адносна вэтэрана працы, які мае дзяржаўныя ўзнагароды», — кажа Алег Воўчак.

Натальля Басалыга, Аляксандар Лапіцкі і Алег Воўчак у судзе, красавік 2016-га
Натальля Басалыга, Аляксандар Лапіцкі і Алег Воўчак у судзе, красавік 2016-га

Цягам некалькіх гадоў Аляксандар Лапіцкі ў лістах і публічна крытыкаваў дзяржаўных службоўцаў, уключна з Аляксандрам Лукашэнкам, за іхнія дзеяньні. Крытыку на іх адрас пэнсіянэр выклаў таксама ў сваёй кнізе.

11 красавіка 2016 году суд Фрунзенскага раёну Менску пачаў разгляд крымінальнай справы па абвінавачваньні 80-гадовага менчука Лапіцкага адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу. Нібыта пажылы мінчанін абразіў судзьдзяў Рамашэўскую, Жулкоўскую, Пруднікава і Цярэшчанку, супрацоўнікаў пракуратуры Гайдай і Пастаялку, генпракурора Канюка і кіраўніка краіны Лукашэнку.

Ужо празь дзень суд прызнаў Лапіцкага асобай, якая ўчыніла грамадзка небясьпечныя дзеяньні, што выявіліся ў «абразе прэзыдэнта, прыніжэньні гонару і годнасьці пракурораў і судзьдзяў», і адправіў яго на прымусовае лячэньне ў псыхіятрычную бальніцу.

Цягам лета і восені Аляксандар Лапіцкі спрабаваў у судах аспрэчыць гэтае рашэньне, але яно засталося нязьменным, і ў лістападзе пэнсіянэра пад вартай адправілі ў псыхіятрычную лякарню ў Навінках.

Праваабаронца Алег Воўчак мяркуе, што прымусовая адпраўка Лапіцкага на лячэньне таксама была незаконнай.

«У Беларусі зьявіўся новы палітвязень — Аляксандар Лапіцкі», — казаў у лістападзе кіраўнік праваабарончага цэнтру «Прававая дапамога насельніцтву» Алег Воўчак, які працягвае змагацца за вызваленьне пэнсіянэра.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG