Віцэ-прэм’ер Беларусі Анатоль Калінін заявіў, што за 9 месяцаў 2017 году інфляцыя дасягнула рэкордна нізкага паказьніка, перадае БелТА.
Са студзеня па верасень 2017 году цэны паводле афіцыйнай статыстыкі сапраўды вырасьлі даволі нязначна: на 2,7% пры прагнозе 9% на цэлы год (эканамічныя прагнозы ў беларускага ўраду наогул даволі аптымістычныя ў параўнаньні зь міжнароднымі). З такімі тэмпамі гадавая інфляцыя можа быць ня большай за 4%, і гэта сапраўды будзе рэкордам. Пакуль самая малая інфляцыя была ў Беларусі ў 2006 годзе — 6,6%. Летась за студзень–верасень цэны вырасьлі ўжо на 8,3%.
2017 год сапраўды ўжо стаў «анамальным» для беларускай эканомікі: упершыню ў гісторыі сучаснай Беларусі дэфляцыя (падзеньне цэнаў) назіралася два месяцы запар, у ліпені і жніўні. Дэфляцыя — наогул рэдкая зьява ў Беларусі, да таго яна назіралася ў жніўні 2016-га, а яшчэ раней — у жніўні 2009 году.
Ці ня вырастуць цэны ў канцы году?
Але інфляцыя ў Беларусі не раўнаважная цягам году — бывае, цэны растуць ня так хутка першыя 8-10 месяцаў, а потым падскокваюць. Так было якраз у 2006 годзе, калі за студзень–кастрычнік цэны вырасьлі толькі на 3,8%, але за студзень–сьнежань — на 6,6%. Годам раней цэны за студзень–верасень вырасьлі толькі на 4,6%, за студзень–сьнежань — на 8%. Годам пазьней — на 5,4% за студзень–верасень і на 12,1% за студзень–сьнежань.
Беларусаў назвалі самымі пэсымістычнымі пасьля грэкаў у дачыненьні ўласнай эканомікі
Эканаміст Антон Болтачка кажа Свабодзе, што сумняваецца ў магчымасьці рэзкага скачка інфляцыі праз «умераную» манэтарную палітыку Нацбанку. Ды й загад Аляксандра Лукашэнкі пра «накрутку» сярэдніх заробкаў да 1000 рублёў да канца году (і да 1500 налета) ён лічыць хутчэй палітычнай заявай, а не інструкцыяй ураду (ды й ва ўрадзе ўжо тлумачаць, што 1000 рублёў будзе «не для ўсіх»). Таму ні «штучны» рост заробкаў, ні палітыка Нацбанку пакуль не пагражаюць ростам цэнаў.
Але калі да канца году інфляцыя будзе нізкай па беларускіх мерках, яна ўсё роўна застанецца даволі высокай па ўсясьветных, адзначае Болтачка: Беларусь застаецца ва ўсясьветных лідэрах па росьце цэнаў. І на пачатку наступнага году інфляцыя можа не запаволіцца, а прадоўжыць расьці ранейшымі тэмпамі.