22 жніўня Аляксандар Лукашэнка правёў нараду з кіраўніцтвам эканамічнага блёку ўраду. На ёй не было незалежных экспэртаў, якія б прадставілі альтэрнатывы цяперашняму эканамічнаму курсу.
Кіраўнік фонду Мізэса Яраслаў Раманчук вырашыў публічна адказаць на 10 пытаньняў Лукашэнкі, якія той задаў ураду.
1. «Як спрацавалі галіны эканомікі ў першым паўгодзьдзі, і якія рэальныя магчымасьці выкананьня гадавых прагнозаў?».
«Пераліваньне з пустога ў парожняе. Ня вырашылі ніводнай структурнай праблемы. Набралі пазык пад завязку. Прамысловасьць напампавалі крэдытамі. Палова будаўнічых арганізацый „мёртвая“. 2/3 сельскагаспадарчых арганізацый безь дзяржпадтрымкі стратныя».
2. «Як выконваюцца даручэньні ў кантролі за цэнамі ў краіне, за цэнаўтварэньнем?».
«Цэны кантралююцца. Ужо больш за 20 гадоў. Таму ў нас цэны на многія тавары вышэйшыя за ўсясьветныя. Няма ніводнай пасьпяховай краіны зь дзяржаўным рэгуляваньнем цэнаў. Беларусь зь яе ручным кіраваньнем цэнаў за апошнія 20 гадоў уваходзіць у топ-10 краінаў сьвету ў інфляцыі. А інфляцыя — гэта рабаваньне бяднейшых і бюджэтнікаў».
3. «Яшчэ летась мы дамаўляліся, што на кожным скарочаным працоўным месцы павінны быць створана новае высокапрадукцыйнае. Але ў нас па-ранейшаму прадпрыемствы працягваюць больш звальняць, чым прымаць на працу. У чым справа?».
«Тут нельга не пагадзіцца з вэрсіяй адказу самога Лукашэнкі: „На паперы новыя працоўныя месцы быццам бы і ствараюцца, а на справе суцэльнае ашуканства“. Менавіта — суцэльнае. Горка глядзець на нараду, на якой ніхто ня можа публічна заявіць пра гіганцкую структурную праблему на рынку працы. У гэтай старой структуры ~ 700-800 тысяч працоўных лішнія».
4. «Як мы выходзім на заплянаваны ровень заработнай платы па галінах і рэгіёнах? Ці не павялічваецца расслаеньне грамадзтва па вялічыні прыбыткаў?».
«Урад выходзіць на абяцаныя $ 500 ці BYN 1000 гэтаксама, як стварае новыя высокапрадукцыйныя працоўныя месцы. Так, як змагаецца і з інфляцыяй. Гэтаксама, як вылучае грошы зь бюджэту толькі прыбытковым, пэрспэктыўным прадпрыемствам. То бок суцэльнае ашуканства. У беларускай эканоміцы ў яе цяперашняй структуры ўласнасьці і сыстэме кіраваньня няма капіталу, у тым ліку і чалавечага, каб забясьпечыць заробак $ 500 да канца 2017 году».
5. «Што мы маем сёньня з харчовай бясьпекай?»
«Хатнія гаспадаркі знаходзяцца ў зоне высокіх харчовых рызык. Амаль 42% спажывецкіх выдаткаў трацяцца на харчаваньне. У сярэднім беларуская хатняя гаспадарка пераплочвае за год за харчы $ 300-400. Гэта значыць, каб у нас былі ўсясьветныя ці хаця б рэгіянальныя цэны, то мы за год не праядалі б лішні месячны заробак».
6. «Хацелася б паглядзець зь другога канца на гэтую праблему: ці ёсьць сёньня рынак для льнопрадукцыі, для нашай тканіны, для нашых вырабаў — як унутраны, так і замежны?».
«Калі пасьля 20 гадоў падтрымкі айчыннага льнаводзтва да гэтага часу ня высьветленае пытаньне, ці ёсьць каму прадаваць тое, што вырабляюць нашы дзяржаўныя прадпрыемствы, то на льнаводзтве ў яго цяперашняй форме і стане больш выгадна паставіць вялікі тоўсты крыж. Гэта значыць — прыватызаваць і дазволіць канкураваць».
7. «Сёньня надышоў час заняцца праблемай будаўніцтва малочнатаварных комплексаў. Гэта вельмі вялікае наша дасягненьне, што мы ў свой час своечасова схапіліся за гэтыя комплексы».
«Надышоў час ацэньваць кожнае прадпрыемстваў, кожны від эканамічнай дзейнасьці не паводле валавых паказчыкаў, аб’ёму выкарыстаных цаглін, асвоеных пагонных мэтраў або плошчы збудаваных кароўнікаў, а па чыстым прыбытку, вяртаньню сродкаў на інвэстыцыі, дынаміцы прадукцыйнасьці працы, дынаміцы долі на ўнутраным і замежным рынках і г.д. Пры наяўнасьці ў беларускай малочнай гаспадарцы безумоўных лідэраў ёсьць і хранічныя аўтсайдэры і лузэры. Няма сэнсу трымаць іх у дзяржаўнай уласнасьці».
8. «Я даручыў канструктарам да ўборачнай 2018 году абнавіць мадэль камбайна „Палесьсе“... стварыць супэркамбайн, які будзе пераўзыходзіць імпартныя аналягі».
«Імпартазамяшчэньне — гэта разбурэньне эканомікі, выкінутыя на вецер грошы. Камбайны, грузавікі ці трактары, якія, ледзь даехаўшы да спажыўцоў, ламаюцца і сыплюцца, ня маюць права на атрыманьне грошай падаткаплатнікаў. Прымушаць вяскоўцаў закупляць такую тэхніку — гэта загадзя асуджаць іх на страты якасьці, грошай і паразу ў канкурэнтнай барацьбе».
9. «Як ідуць справы ў будаўнічай сфэры — жыльлё ды іншыя аб’екты?»
«Палова будаўнічых арганізацый, па сутнасьці, банкруты. Рынак нерухомасьці зьдзімаецца, але яго карэктаваньню перашкаджае цэнавая нягнуткасьць дзяржаўных органаў як буйных арэндадаўцаў. Калі кожная купля нерухомасьці суправаджаецца высьвятленьнем адносін з падатковай, то многія беларусы з грашыма аддаюць перавагу набыцьцю нерухомасьці за мяжой».
10. «Якая сытуацыя зь фінансавай стабільнасьцю, экспартам тавараў і паслуг, дывэрсыфікацыяй?»
«З экспартам у першым паўгодзьдзі нам проста пашанцавала, у тым ліку з цэнамі. Прадавалі тое ж самае, тым жа самым пакупнікам, проста вонкавая каньюнктура палепшылася. Гэта не заслуга ўраду. Дывэрсыфікацыі як не было, так і няма. Новых экспартных тавараў ад новых вытворцаў як не было, так і няма. Калі 50 прадпрыемстваў фармуюць ільвіную долю экспарту, ёсьць падставы казаць пра моцную ўразьлівасьць эканомікі ад традыцыйных экспартэраў. У пляне ліквідацыі бар’ераў для беларускіх вытворцаў на эўрапейскім ды іншых рынках урад нічога не зрабіў».