Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акцыя «Патрабуем сапраўдных выбараў» на Кастрычніцкай плошчы

абноўлена

Карэспандэнты Свабоды перадаюць з цэнтру Менску.

Карэспандэнты Свабоды перадаюць з цэнтру Менску.

Лідэр БСДП («Народная грамада»), кандыдат у прэзыдэнты 2010 году, былы палітвязень Мікалай Статкевіч заклікаў выйсьці на Кастрычніцкую плошчу ў Менску 12 верасьня а 18-й гадзіне на акцыю пратэсту супраць фальсыфікацыяў выбараў.

Палітык пісьмова папярэдзіў улады пра намер правесьці гэтую акцыю, але дазволу не прасіў.

Статкевіч упэўнены, што выбараў у Беларусі няма, што замест выбараў праводзіцца рытуал прызначэньня дэпутатаў, у якім пераможцы вядомыя яшчэ ў момант прызначэньня ўчастковых камісіяў.

«Выбараў не было — быў фарс. Я казаў, што калі ўладзе трэба будзе мець апазыцыянэраў у Палаце, яна мусіць фальсыфікаваць выбары ў нейкай частцы, — сказаў Статкевіч, камэнтуючы вынікі парлямэнцкай кампаніі. — Нам трэба выбары, ня трэба такое прызначэньне, хай яно носіць і станоўчыя моманты. Ідзе нейкая гульня, яна ад слабасьці, але гэта толькі гульня».

18:41 12.9.2016

Супрацоўнікі міліцыі спрабуюць скласьці пратаколы на ўдзельнікаў акцыі. «Яны правялі свае выбары. Цяпер спрабуюць ужываць гвалт», — пракамэнтаваў сытуацыю Павал Севярынец.

18:35 12.9.2016

Павал Севярынец падчас выступу спытаў ва ўдзельнікаў акцыі: «Ці хочаце вы, каб намі кіраваў Лукашэнка, каб тут была дыктатура, каб былі такія выбары, каб вы былі часткай Расеі?» Удзельнікі акцыі гучна адказалі «Не».

18:33 12.9.2016

Выступіў Зьміцер Дашкевіч. Мы сабраліся, каб павіншаваць зь перамогай двух кандыдатаў — перамог байкот і кандыдат супраць усіх. Дашкевіч запрасіў 19 верасьня на акцыю нацыянальнага сьцяга.

18:29 12.9.2016

Выступае Мікалай Статкевіч:

Тут сабраліся самыя годныя людзі, хто не спалохаўся. Краіна спаўзае ў бездань. Мы сабраліся, каб патрабваць сапраўдных, нармальных выбараў. Мы пачынаем кампанію за вяртаньне выбараў, за вяртаньне Беларусі свабоды.

18:12 12.9.2016

17:56 12.9.2016

Уладізмера Няпомняшчых затрымалі, каб ня трапіў на акцыю ў Менск


У Гомелі паблізу чыгуначнага вакзалу амапаўцы затрымалі грамадзкага актывіста, экс-кандыдата ў дэпутаты і назіральніка на выбарах Уладзімера Няпомняшчых.

Уладзімер вядомы тым, што часьцяком носіць майку з надпісам «За Беларусь без Лукашэнкі». Але падчас затрыманьня на ім была майка з двума пытаньнямі: «Астравецкая АЭС — твой выбар?» і «Дзеці-мутанты таксама?».

«Я кіраваўся на цягнік, каб асабіста перадаць скаргу Лідзіі Ярмошынай пра зафіксаваныя мною на ўчастку № 10 Цэнтральнай акругі прыпіскі яўкі выбарнікаў — завысілі на 105 чалавек. Меўся таксама паўдзельнічаць у акцыі пратэсту „Патрабуем сапраўдных выбараў“. На прыпынку да мяне прычапіліся трое амапаўцаў, што я нібыта падобны да нейкага чалавека, які ўчыніў нейкае злачынства».

Актывіста, дарэчы, былога афіцэра міліцыі, адвезьлі спачатку ў Цэнтральны райаддзел міліцыі, потым — у Чыгуначны. Трымалі каля трох гадзін.

«Два пратаколы склалі. Адзін нібыта за непадпарадкаваньне, другі — нават ня ведаю, за што. Думаю, што наўмысна зроблена такая правакацыя, каб я ня трапіў у Менск на акцыю пратэсту супраць фальшаваньня выбараў», — лічыць Уладзімер Няпомняшчых.

5 верасьня, напярэдадні пачатку датэрміновага галасаваньня, Уладзімер Няпомняшчых склаў зь сябе паўнамоцтвы кандыдата ў дэпутаты ад АГП у Гомельскай-Юбілейнай выбарчай акрузе № 31. У заяве ў акруговую камісію ён напісаў, што гэта «ня выбары, а гульня шарлатанаў з народам у напарсткі пад назвай «выбары», і што ён ня мае права ашукваць сябе, сваю сям’ю і беларускіх выбарцаў удзелам, як сказана ў заяве, «у падтанцоўцы Лукашэнкі-Ярмошынай ды іхняй брыгады».

17:55 12.9.2016

У Лідзе затрымалі кандыдатаў, якія накіроўваліся ў Менск на акцыю​

Двух былых кандыдатаў у дэпутаты ад Партыі БНФ Вітольда Ашурка (Дзятлаўская акруга) і Валера Мінца (Гарадзенская Занёманская акруга) затрымалі супрацоўнікі ДАІ на выезьдзе зь Ліды.

Ашурак і Мінец накіроўваліся ў Менск на акцыю «Патрабуем сапраўдных выбараў».

Іх трымаюць у Лідзкім РУУСе, бяруць тлумачэньні. Прычыны затрыманьня партыйцам не патлумачылі.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG