Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску адбыліся Купалаўскія чытаньні да 25-х угодкаў абвяшчэньня незалежнасьці

абноўлена

У сталічным парку Янкі Купалы адбыліся купалаўскія чытаньні. 25 гадоў таму Дэклярацыя Вярхоўнага Савету БССР аб дзяржаўным сувэрэнітэце Рэспублікі Беларусь атрымала статус канстытуцыйнага закону. Чытаньні былі прысьвечаныя гэтай гадавіне.

Вёў імпрэзу лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч. Імправізаваная сцэна-пляцоўка пад помнікам Купалу была аздобленая бел-чырвона-белымі сьцягамі. Кожны выступ у маратоне дэклямацыяў вершаў клясыка беларускай літаратуры суправаджаўся воклічам «Жыве Беларусь!». Пераможцаў вызначыў паэт Славамір Адамовіч, але падарункі атрымалі ўсе ўдзельнікі чытаньняў.

За падзеяй сачыла вялікая колькасьць супрацоўнікаў міліцыі ў форме і ў цывільным. Ужо на пачатку чытаньняў была спроба скласьці пратакол на Зьмітра Дашкевіча, але той сказаў, што не разумее расейскай мовы, і адмовіўся размаўляць зь міліцыянтам. Прадстаўнікі праваахоўных органаў, якія зьбіраліся складаць пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, адмаўляліся назваць свае прозьвішчы, званьні і прыналежнасьць да сілавых падразьдзяленьняў.

Пасьля гэтага ўдзельнікі чытаньняў пад бел-чырвона-белымі сьцягамі рушылі ў бок плошчы Незалежнасьці, дзе на пачатку 1990-х адбываліся палітычныя падзеі, якія спрычыніліся да станаўленьня незалежнай Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG